Урачыстасць, асветленая ўзнагародамі і радасцю

Урачыстасць, асветленая ўзнагародамі і радасцю

IMG_9662

Сёлетні Дзень маці юбілейны. Дваццаць гадоў прайшло з таго часу, як у Беларусі на дзяржаўным узроўні пачалі ўшаноўваць жанчын, якія падарылі жыццё, аберагаюць і выхоўваюць дзетак. Усе гэтыя гады ўдзячныя дзеці, калегі, прадстаўнікі ўлады гавораць жанчынам-матулям самыя цёплыя словы за іх самаадданасць, клопат і зычлівасць, якія яны праяўляюць пры выхаванні сыноў і дачок; дараць шаноўным мадоннам кветкі; уганароўваюць высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.
ТАКІЯ МОМАНТЫ былі і на сённяшнім раённым мерапрыемстве, прысвечаным Дню маці. Адразу прагучалі думкі дзетак пра самага любімага і дарагога чалавека ў сям’і. Хлопчыкі і дзяўчынкі то ўзнёсла, то задумліва расказвалі пра матулю, якая яна прыгожая, якімі пяшчотнымі словамі называе іх, што смачненькае ім гатуе, пра любімы яе занятак.
Пасля цёплых, часам смешных, але шчырых выказванняў малышні, разгарнулася асноўная дзея свята. Да мікрафона для прывітання ўсіх _DSC1394удзельнікаў урачыстасці падыходзіць старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі. Ён адзначыў, што на Жабінкаўшчыне апошнім часам павялічваецца колькасць шматдзетных сем’яў. У адной з іх выхоўваецца дзявяцера дзетак, кожны сыночак і дачушка павінны вырасці чалавекам з вялікай літары, чаго часам цяжка дабіцца.
“Праўда, на Жабін-каўшчыне, – гаварыў кіраўнік раёна, – у большасці сем’яў вырастаюць дастойныя дзеці. Праца тых жанчын, якія нарадзілі і выхоўваюць пяцёра і больш нашчадкаў, адзначаецца ордэнам Маці. Такіх у раёне, пачынаючы з 1996 года, 32 матулі, неўзабаве высокая дзяржаўная ўзнагарода заззяе на грудзях яшчэ дзвюх жанчын. Ужо сёлета 62 шматдзетныя сям’і аформілі сямейны капітал. Гэта сведчыць пра тое, што ў жабінкаўцаў нараджаюцца трэція, чацвёртыя і пятыя дзеці”.
У заключэнне свайго прывітання Дзмітрый Гарадзецкі пажадаў матулям, “да якіх мы звяртаемся ў любым узросце, каб падзяліцца радасцю ці знайсці падтрымку, спачуванне”, яркага сонца на сямейным небасхіле, шчасця, дабрабыту, згоды.
Матулінай любові хапае на ўсіх яе дзяцей для ажыццяўлення задумак, яна дае сілы для новых здзяйсненняў. Для ўручэння ордэна Маці і ўганаравання вядучыя мерапрыемства зноў запрашаюць кіраўніка раёна Дзмітрыя IMG_9635Гарадзецкага і старшыню райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталлю Урбан. Высокую дзяржаўную ўзнагароду атрымалі дзве прадстаўніцы адукацыі раёна: Аксана Міхайлаўна Ляўковіч, якая выхоўвае шасцярых дзетак у любові, зычлівасці, добра ведае захапленні сваіх нашчадкаў, развівае іх таленты і актыўную жыццёвую пазіцыю, а таксама Ларыса Мікалаеўна Ясінская, якая працуе ў другой гарадской школе, цудоўна сумяшчае педагагічную працу з сямейнымі клопатамі і выхаваннем уласных пяцярых дзетак.
Дарэчы, адукацыя Жабінкаўшчыны багатая на ардэнаносцаў – іх тут пяцёра. Ад педагогаў раёна Наталля Урбан пажадала моцнага здароўя, шчаслівага доўгага-доўгага жыцця, быць душою маладымі, любові і павагі ў сям’і і на працы.
Наступным прыемным момантам мерапрыемства было ўручэнне пасведчанняў “Шматдзетная сям’я”. Іх атрымалі Вольга Анатольеўна і Аляксандр Янавіч Мік’янцы, Юлія Віктараўна і Юрый Мікалаевіч Васілюкі. Пасведчанні традыцыйна ўручыў кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі.

Падарункі з нагоды памятнай падзеі сем’ям падарылі дырэктар прыватнага прадпрыемства “Палсан-сэрвіс” Павел Рэбякеўша і старшыня прафкама пярвічнай арганізацыі ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Ірына Якубук.

Колькі слоў пра сем’і. Мама і тата Мік’янцы ў атмасферы любові і павагі гадуюць трое цудоўных дзетак: Злату, Вадзіма і Маргарытку. Бацькі вучаць іх клапаціцца адзін пра аднаго, прывучаюць іх да акуратнасці і беражлівасці.
Упрыгажэннем сям’і Васілюкоў з’яўляюцца трое чароўных дзяўчынак: Аляксандра, Васіліна і Ева. У кожнага свае інтарэсы і захапленні: мама з сярэдняй дачушкай займаюцца вышыўкай, самая старэйшая марыць быць дызайнерам, Ева пакуль радуе сваіх родных добрым апетытам і вясёлым настроем. Тата дзяўчынак захапляецца разьбой па дрэве.
Упершыню за ўсю гісторыю раёна ўшаноўвалі маму спартсмена. З прыемнасцю ўзгадваю яе – гэта Наталля Кастраміна, якая разам з мужам выгадавала спартсмена-прафесіянала, бронзавага прызёра чэмпіянату Еўропы ў боксе Паўла, удзельніка ХХХІ летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра. Дзякуючы пастаянным трэніроўкам, напорыстасці, мэтанакіраванасці і, канечне, падтрымцы і суперажыванням мамы і астатніх родных наш зямляк дабіўся такога спартыўнага поспеху. Прывітальны адрас раённага выканаўчага камітэта і кветкі Наталлі Фёдараўне Кастраміной уручыў кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі.
Цёплыя і задушэўныя песні і вершы дарылі жанчынам самадзейныя спевакі і паэты Аксана Пракошына, Ганна Макавецкая, Вячаслаў Фядотаў, Мелання Муха, Мікалай Новік і група “Карамелькі”.
Свята нашых матуль такое шчымлівае, чыстае, светлае! Столькі пажаданняў гавораць ім пад час яго. Прыйшоў павіншаваць паважаных і мілых жанчын дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцель Свята-Пакроўскага храма Сергій Петрусевіч, які заўважыў, што толькі сэрца маці здольнае прабачыць, а матулі надзелены асаблівай сілай – малітвай, і невыпадкова кажуць: “гэтая сіла здольная падняць з дна мора”, “калі нельга зрабіць рукамі, то асіліш малітвамі”. І яшчэ ён заклікаў ніколі не забываць свайго самага роднага і блізкага чалавека, пачуццё гэтае перадаваць з пакалення ў пакаленне, свята шанаваць памяць пра матуль, якія сышлі ў іншы свет і заўважыў: “Толькі ў пятай запаведзі ёсць абяцанне: калі будзеш шанаваць памяць пра тату свайго і маму, то дабро будзе табе на зямлі”.
Завяршыць сваю нататку са свята хачу пажаданнем згоды, дастатку, утульнасці ў сем’ях, няхай дзеці апраўдваюць надзеі і радуюць сваёй любоўю і паважлівымі адносінамі, няхай штовечар над вашымі дамамі запальваецца яркая зорачка даўгалецця і шчасця.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top