Імунізацыя дапаможа пры грыпе

Імунізацыя дапаможа пры грыпе

grippІнтэрв’ю з в. а. галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Уладзімірам Лапусам.

– Уладзімір Ханонавіч, трэцяга кастрычніка на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме вы выступалі па праблемах прафілактыкі грыпу. Што, на ваш погляд, трэба неадкладна зрабіць у гэтай сувязі, таму што масавая вакцынацыя супраць яго пачалася?
– Перш за ўсё хачу адзначыць, што, нягледзячы на пэўную інфармацыйна-асветніцкую працу медыцынскіх работнікаў (зроблена нямала: толькі ў верасні адбылося каля 20 сустрэч спецыялістаў з працоўнымі калектывамі, праведзены падворныя абходы, апублікаваны ў раённай газеце два матэрыялы па прафілактыцы грыпу), тым не менш, вынікі гэтай працы нас не задавальняюць. Так, на сённяшні дзень заключана дагавораў на набыццё вакцыны супраць грыпу толькі на 75,8 % ад неабходнага.
Аб чым гэта сведчыць? Асобныя кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў праігнаравалі нашу працу і занялі пасіўную пазіцыю альбо толькі апыталі сваіх падначаленых, ці будуць яны прышчэпвацца? Ну хто ж пасля гэтага пойдзе на імунізацыю? Кіраўнік і ўся адміністрацыя павінны паказаць прыклад – прыйсці і зрабіць прышчэпкі.
У той жа час хачу адзначыць, што адказна аднесліся да справы кіраўнікі ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” і “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, ПМК-19, ДРБУ № 103, ПУАП “Азяты”, СВК “Хмелева” і “Маціевічы”, санаторыяў “Буг” і “Надзея”, КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”, філіяла “Жабінкаўскі” ГУВП “Брэсцкая міжраённая база” і некаторых іншых, дзе стопрацэнтна заключаны дагаворы на набыццё вакцыны. Няблага ідзе імунізацыя ў школах, садзіках, адказна да свайго здароўя адносяцца многія пенсіянеры, якія загадзя прышчапіліся.
Хачу адзначыць, што сёлета пад час уздыму вострых рэспіраторных інфекцый у нашу цэнтральную раённую бальніцу трапілі 10 хворых, у якіх грып ускладніўся пнеўманіямі. На жаль, аднаго чалавека не ўдалося выратаваць. І толькі намаганнямі медперсаналу тэрапеўтычнага і рэанімацыйнага аддзяленняў астатнія 9 вылечыліся. Усе хворыя, 10 чалавек, не былі прышчэплены супраць грыпу. Дарэчы, вакцыны, якімі робяць прышчэпкі, утрымліваюць неабходныя для прафілактыкі вірусаў грыпу А і В, у тым ліку вірусаў Н і N (яны таксама адносяцца да тыпу А).
Дакладна вядома: калі чалавек пасля прышчэпкі захварэе, то і хвароба будзе працякаць значна лягчэй, без ускладненняў.
Трэба адзначыць, што супрацьпаказанняў да прышчэпак практычна няма, за выключэннем асобаў, у якіх алергія на курыны бялок (так як вакцына вырошчваецца на курыным эмбрыёне). Нельга прышчапляць дзетак да шасці месяцаў і асобаў, якія за 7-8 дзён перад гэтым перанеслі прастудныя захворванні. Потым ужо можна рабіць прышчэпкі. А ў цэлым яны робяцца і пажылым асобам з многімі хранічнымі захворваннямі. Усё гэта вырашаюць урачы ў кожным канкрэтным выпадку.
І апошняе. Трэба ўсвядоміць усім, што праблема вакцынацыі супраць грыпу і набыццё калектыўнага імунітэту (прышчэпкі трэба зрабіць не менш як 40 % насельніцтва раёна) – гэта навукова і практычна абгрунтавана. На вакцынацыю павінен прыйсці і кіраўнік, і рабочы. Словам, усім, хто дбае пра сваё здароўе, трэба памятаць: толькі сумеснымі намаганнямі мы можам пазбегнуць цяжкасцяў у працяканні гэтай хваробы.
Запісала Людміла ВОЛЬЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro