“Павінны нараджацца дзеці”

“Павінны нараджацца дзеці”

_DSC1129

Дзеці – гэта такое шчасце! Маленькае сэрцайка доўгіх дзевяць месяцаў тухкае пад сэрцам у мамы, а таты ў чаканні сустрэчы з немаўляткам гадаюць, якім будзе яно, бяззубае шчасце: спакойным ці жвавым, бялёсым ці чарнявым, падобным на тату ці маму? З нараджэннем дзіцяці ў сям’і дадаецца прыемных клопатаў – набыць “прыданае”, ложачак, прагулачную каляску, соскі-бутэлечк, паўзункі, цацкі і многае іншае. І, канечне, прыгожа назваць маленькае, каб імя было сугучным з прозвішчам і імем па бацьку.

Сёлета ў Жабінкаўскім загсе пад час правядзення акцыі “Павінны нараджацца дзеці” некаторым немаўляткам, акрамя імя, “дасталіся” і прыемныя “тытулы”.
Напрыклад, Ульяна Віткоўская стала “Першынцам 2016 года” – яна нарадзілася 3 студзеня. Багдану Прыймачуку, якому толькі крыху больш за месяц, прысвоена “званне” “Кветачкі-сяміколеркі”, таму што ён сёмае дзіця ў вялікай дружнай сям’і, якая жыве ў
аг. Ракітніца.
У сям’і Данілюкоў з райцэнтра ў красавіку нарадзіўся хлопчык, якога бацькі нараклі рэдкім імем – Яфрэм. Пры нараджэнні ён меў вагу 4540 грамаў і рост 58 сантыметраў. Сапраўдны волат! Дарэчы, у гэтай намінацыі Яфрэму сёлета не было роўных.
У сям’і Андрэя і Алены Курыгаў, а таксама Мікалая і Ірыны Якубовічаў з Курпіч сёлета ў дзверы, як кажуць, пастукала двайное шчасце – у іх нарадзіліся двайняты. Маша і Даша Курыгі і Андрэй з Іллёй Якубовічы сталі намінантамі “Шчасце ў квадраце”. (Мо, да канца бягучага года нехта зможа папоўніць гэты спіс двайнят?)

Ульянка – першынец
бягучага года

Яна пачала спіс наро-джаных у 2016 годзе юных жабінкаўцаў. Маленькая дзяўчынка жыве ў любові і пяшчоце мамы і таты, старэйшай на паўтары гады сястрычкі Алесі, бабуль і дзядуль. Яна намагаецца рабіць першыя крокі (ну, калі ёсць неабходнасць, то і хуценька дапаўзе), шчыра пасміхаецца і давярае незнаёмым людзям.
– Ульянка ў нашай сям’і – нібы сонейка, – кажа мама Вольга Канстанцінаўна. – Калі святкавалі першы дзень народзінаў дачушкі Алесі, зразумелі, што хутка з’явіцца зноў “ляля”. Вельмі хваляваліся, што старэйшая будзе раўнаваць. Аднак яна на дзіва радасна сустрэла сястрычку, абдымала, спявала ёй, падносіла цацкі. І зараз яна ахвотна далучае маленькую да сваіх гульняў, прытуляе, кажа: “Мая Ульянка, нікому не аддам”. Спадзяюся, што гэтыя пачуцці дзяўчынкі пранясуць праз усё жыццё…
Тата Мікалай Мікалаевіч таксама задаволены, што мае дзвюх маленькіх прыгажунь.
Ён лёгка спраўляецца з дачушкамі (маме ж таксама хочацца адпачыць, пабыць гадзінку ў цішыні), на рабоце паспявае засумаваць па іх гамане і валтузні. Апрануць малечу на прагулку, пакарміць, спаць пакласці – для яго не праблема. А ў мамы з двума маленькімі дзецьмі клопаты заўжды знойдуцца. Свой графік яна размяркоўвае так, каб усё зрабіць і пазаймацца з дзяўчаткамі, пачытаць ім кніжкі. Старэйшая Алеся ў свае два з паловай гады добра шчабеча, лічыць да дзесяці і ведае амаль усе літары, расказвае вершыкі і песні спявае. Малодшая таксама любіць яркія цацкі і кніжкі, “спрабуе” іх на зуб. Крышку дзяўчынкі падрастуць, і можна будзе разам хадзіць па грыбы і суніцы, лавіць рыбу. Мама з татам наведваюць службы ў храме. Гэтую сямейную традыцыю плануюць перадаць дачушкам. А пакуль яны – частыя госці сваіх бабуль і дзядуль, што жывуць у прыватных дамах. Вось дзе дзяўчынкам раздолле!
– Самае галоўнае, каб нашы дачушкі мелі мэту ў жыцці і дабіваліся яе, раслі здаровенькімі і шчаслівымі, – кажа тата Мікалай. – Мы абавязкова падтрымаем іх. Старэйшая Алеся ўжо кажа, што будзе ўрачом – “лечыць” усіх. Ульянка пакуль маленькая. Падрасце – пабачым. Яна настойлівая: любіць быць наперадзе. Нездарма ж першая сярод першынцаў у раёне.
Святлана КІСЛАЯ.
На здымку: сям’я Віткоўскіх.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro