Мулявінскія песні выконвалі разам

Мулявінскія песні выконвалі разам

1 (2) 2 (2) 3 (2)

30 верасня ў Жабінку завіталі легендарныя “Песняры”. Сёлета ўсе выступленні ансамбля прысвечаны 75-годдзю Уладзіміра Мулявіна. З гэтай нагоды канцэртная праграма, якую прадставіў калектыў жабінкаўцам, была насычана знакамітымі хітамі, у якіх Майстар пакінуў свой творчы след.

Разам з артыстамі слухачы падпявалі “Завушніцы”, “Калядачкі”, “Добры вечар, дзяўчыначка”, “Вологду”, вядомую з кінафільма “Девчата” песню “Старый клён”, а таксама сапраўдны хіт на ўсе часы “За полчаса до весны”.
З новых твораў прагучалі “Песня і казка” і “Обниму тебя”. Аўтар музыкі і выканаўца першай кампазіцыі – сола-гітарыст ансамбля Алег Жалезнякоў, які ўжо 13 гадоў у “Песнярах”. Другая нядаўна ўпрыгожыла рэпертуар калектыву і ўвайшла ў апошні альбом “Хмель молодой”.
Канцэрт беларускага дзяржаўнага ансамбля не мог адбыцца без вядомай “Беловежской пущи”. Яе падараваў слухачам саліст Артур Міхайлаў. Упершыню ў складзе калектыву ён выйшаў на сцэну ў верасні 2014 года. “Песняры” звярнулі ўвагу на хлопца пад час яго выступлення на Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў Маладзечне ў чэрвені таго ж года, дзе Артур заваяваў другую прэмію. Ён спяваў “А дзе была вуціца?”, якая ўваходзіць у рэпертуар калектыву.
Сваім талентам і артыстычнымі здольнасцямі здзівіў жабінкаўцаў мультыінструменталіст ансамбля Аляксандр Жых. На чым толькі ён не іграў: саксафон, флейта, дудкі, жалейка, баян, валынка! Клавішнік і дырэктар-мастацкі кіраўнік ансамбля Раман Козыраў назваў яго “лёгкімі” калектыву. Жартоўную песню “Уздоўж па вуліцы ходзіць Ваня” Аляксандр ператварыў у сапраўдную тэатральную пастаноўку, дзе выканаў ролю галоўнага героя музычнага твора.
Пад час канцэрта артысты вялі размову з публікай. Яны жартоўна называлі яе сваім суправаджальным хорам і запрашалі спяваць разам. Для некаторых жыхароў Жабінкі настаў сапраўдны зорны час, калі яны па запрашэнні ўдзельнікаў ансамбля падняліся на сцэну і разам з імі праспявалі “Купалінку”.
Пабеглі дрыжыкі па целе, калі загучаў Паланэз Агінскага ў акапэльным выкананні. У песні зліліся галасы ўсіх прадстаўнікоў калектыву – да вакалістаў далучыліся бас-гітарыст Сяргей Баёк і ўдарнік Юрый Туравец.
Пры першых гуках сапраўднай візітнай карткі ансамбля ­– “Касіў Ясь канюшыну” – залу напоўнілі бурныя апладысменты, песню адразу падхапілі слухачы. На развітанне прагучаў усім вядомы твор “Бывайце здаровы”. Сталічныя артысты паабяцалі, што абавязкова завітаюць у Жабінку яшчэ і тыя музычныя кампазіцыі, якія не выканалі ў гэты вечар, праспяваюць у наступны раз.
Пасля канцэрта дырэктар-мастацкі кіраўнік ансамбля Раман Козыраў расказаў, чым жыве калектыў зараз і чым плануе радаваць сваіх прыхільнікаў.
– Якія значныя падзеі адбыліся сёлета ў творчым жыцці “Песняроў”?
– Вялікі двухгадзінны канцэрт мы падарылі жыхарам і гасцям беларускай сталіцы ў рамках святкавання Дня горада Мінска. Ён прайшоў на адкрытым паветры ля Ратушы, дзе сабралася мноства людзей. Сустрэча атрымалася цёплай і запамінальнай.
У нас было яркае выступленне на Славянскім базары. На закрыцці фестывалю з хваляваннем прадставілі новую песню “Разам плыць”. У такой кампаніі, сярод якой выступіў калектыў, гэта было вельмі аўтарытэтна і ганарова для нас. Гледачы добра сустрэлі прэм’еру твора, які папоўніў рэпертуар.
Нашым сольным выступленнем завяршыўся Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове. Зараз шмат студыйных работ, бо рыхтуемся выпусціць у наступным го-
дзе новы альбом. Яго рабочая назва “Назад в будущее”. Традыцыі “Песняроў” у ім паўстануць у сучасным гучанні.
Летась выйшлі ў свет нашы два альбомы: беларускамоўны “Пры-свячэнне Майстру…”, які ствараўся да 75-годдзя Уладзіміра Мулявіна, і рускамоўны “Хмель молодой”, куды ўвайшлі новыя песні. З 2003 года мы выпусцілі шэсць альбомаў, плануем сёмы.
– Ці адрозніваюцца для вас выступленні ў маленькіх гарадах ад вялікіх сцэн?
– Вельмі прыемна выступаць у невялікіх гарадах, таму што публіка тут больш душэўная і эмацыянальная. Энергію слухачоў адчуваем, калі спяваем і на вялікіх пляцоўках. Цёпла нас прынялі 29 верасня ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры, на сцэне якога сваім канцэртам мы павіншавалі настаўнікаў з прафесійным святам. Адказна падыходзім да кожнага выступлення. Вы бачылі, што сёння калектыў прыехаў са сваёй апаратурай, жывым гукам, спадзяюся, жабінкаўцы гэта ацанілі.
– У межах якога гастрольнага тура вы наведалі наш райцэнтр?
– Штогод у нас шчыльны гастрольны графік: даем прыкладна 80-100 канцэртаў. Зараз ездзім па гарадах Беларусі, каб зноў нагадаць пра вялікага Майстра. Сёлета наш гастрольны тур прысвечаны 75-годдзю Мулявіна, таму ў праграму ўвайшлі яго лепшыя песні, у якіх ён выступіў як кампазітар і аранжыроўшчык. Спадзяюся, у наступным годзе ўжо будзем прэзентаваць свой новы альбом.
– Дзе плануеце выступіць у бліжэйшы час?
– Нам паступіла прапанова з Францыі, дзе будзе адзначацца 40-годдзе першага выступлення ансамб-ля “Песняры”. У рамках гэтага святкавання Беларускае пасольства ў Францыі запрасіла калектыў на гастролі. Паездка плануецца, вядуцца перамовы.
– Уражвае ваша акапэльнае выкананне Паланэза Агінскага. Што яшчэ спяваеце ў такой манеры?
– Ёсць такая знакамітая песня “Почему ж ты мне не встретилась?” – музыка Мікіты Багаслоўскага, словы Мікалая Дарызо. Мы выконвалі яе ў праграме “Достояние республики” на расійскім тэлебачанні, куды ансамбль быў спецыяльна запрошаны. Таксама спяваем пад фартэпіяна “Цёмная ночка Купальская”. Рыхтуем новую акапэльную песню. Нам прынёс яе беларускі кампазітар Дзмітрый Даўгалёў, які напісаў музыку да знакамітых твораў “Гаю мой, не кліч”, “Палачаначка-князёўна” і многіх іншых. Гэтая песня будзе называцца “Летуценніца”, рыхтуем яе ў камерным гучанні для новага альбома.
– Якім чынам з’яўляюцца беларускія песні ў рэпертуары? Шукаеце іх у глыбінках?
– У нашай практыцы ёсць такія выпадкі – напрыклад, песню “Благаславі, маці”, якую выконвалі сёлета ў фінале праграмы “Песня года” на АНТ, мы знайшлі на пласцінцы “Беларускі фальклор” і зрабілі сваю апрацоўку. У рэпертуары “Песняроў” шмат аўтарскіх работ, хлопцы пішуць самі. Стараемся даць магчымасць развівацца кожнаму ўдзельніку ансамбля – гэта вельмі важна, каб чалавек рэалізоўваўся ў рамках калектыву і супрацоўніцтва дало плён. Усе прапановы, якія паступаюць нам у выглядзе аўтарскіх твораў, самабытных народных песень ад слухачоў, прыхільнікаў, мы з задавальненнем разглядаем. Звязацца з намі можна праз афіцыйны сайт pesnyary.by. Калі дасланае вамі папоўніць рэпертуар ансамбля, мы будзем вельмі радыя. Зрабіць гэта могуць і жыхары Жабінкаўшчыны.
Дар’я НІКАНЧУК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
На здымках: бас-гітарыст Сяргей Баёк і саліст Артур МІХАЙЛАЎ; мультыінструменталіст Аляксандр ЖЫХ.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*