Сустрэча Прэзідэнта з парламентарыямі

Сустрэча Прэзідэнта з парламентарыямі

214609-18

У Авальнай зале Дома ўрада 7 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага і шостага скліканняў. Кіраўнік дзяржавы выступіў са зваротам і ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды парламентарыям Нацыянальнага сходу пятага склікання.
Аб эканоміцы
ГАВОРАЧЫ аб напрамках дзейнасці парламентарыяў і ўсёй дзяржавы на перспектыву, Прэзідэнт падкрэсліў, што работа чакаецца складаная і адказная. «Краіна павінна пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і выйсці на ўстойлівыя дынамічныя тэмпы развіцця», – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – У нас ёсць для гэтага ўсе ўмовы, і галоўная з іх – адзінства народа і палітычная воля кіраўніцтва краіны для руху наперад, што красамоўна пацвердзілі праведзеныя парламенцкія выбары”.
«Вядома, у эканоміцы ў нас ёсць цяжкасці. Але яны пераадольныя, не катастрафічныя. Гэта нашы недапрацоўкі. У першую чаргу – урада. Самае галоўнае пытанне – экспарту, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Наша эканамічная мадэль тым не менш прадэманстравала пэўную жыццеўстойлівасць, здольнасць трымаць удар пры самай неспрыяльнай рыначнай кан’юнктуры – як унутранай, так і знешняй».
«Я ГАТОВЫ ДА ЛЮБЫХ РЭФОРМ. Самых жорсткіх. Больш жорсткіх, чым патрабуе МВФ. Пытанне ў іншым: ці гатовы вы да іх?» – заявіў Прэзідэнт.
Паводле слоў Прэзідэнта, сярод часткі грамадзян існуе меркаванне, што для выхаду з крызісу і багатага жыцця патрэбны нейкія структурныя рэформы. «Я звяртаюся да вас, прадстаўнікоў народа: спытайце ў кожнага, ці гатовы ён да гэтых рэформ?» – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
ГАВОРАЧЫ аб магчымых рэформах у эканоміцы, Прэзідэнт адзначыў, гэта ўдасканаленне таго, што ёсць.
На яго думку, пры рэфармаванні формула адна – што ў прамысловасці, што ў сельскай гаспадарцы. «Трэба вывучаць лепшы вопыт і прыстасоўваць яго да нашых умоў», – перакананы ён.
ПЫТАННЕ развіцця дзелавой ініцыятывы кіраўнік дзяржавы назваў вельмі важным. «Бізнес у Беларусі павінен атрымаць магутны імпульс для развіцця», – даручыў Прэзідэнт.
«Мы павінны зрабіць максімум, каб нашы людзі мелі работу і мелі магчымасць зарабіць. І парламент павінен быць той пляцоўкай, дзе прапрацоўваюцца гэтыя пытанні», – дадаў кіраўнік дзяржавы.
ГАВОРАЧЫ аб так званым газавым канфлікце і скарачэнні з-за яго паставак у Беларусь расійскай нафты, кіраўнік дзяржавы назваў гэта пытанне складаным. «Газ, у адрозненне ад нафты, на сусветных рынках не каціруецца, ён прывязаны да нафты. Нафта (яе кошт. – Заўвага БЕЛТА) была высока – $120 за барэль, высока быў і газ, – растлумачыў Прэзідэнт. – І ў гэтых умовах мы заключылі пагадненне і перанеслі сутнасць беларуска-расійскага пагаднення на Еўразійскі эканамічны саюз».
«Мы павінны мець раўнапраўную аснову супрацоўніцтва. Калі яе няма, удушваецца эканоміка, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Спала нафта, прытым істотна, спадае і газ. І сёння, у адпаведнасці з нашым пагадненнем аб роўнадаходных цэнах, мы павінны купляць газ у Расіі па $70».
Прэзідэнт адзначыў, што па прычыне гэтага з расійскім бокам вяліся перагаворы, у тым ліку па знаходжанні кампраміснага варыянта, і Беларусь пры разліку за пастаўкі газу з пачатку года арыентавалася на кошт $100.
«Нас вырашылі пакараць: калі вы нам не даплачваеце, мы вам скароцім пастаўкі нафты. Але нафта ўся не проста пад пагадненнямі, яна ўся закантрактавана пад пэўную цану.
Немагчыма змешваць пытанні нафтавыя і газавыя», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
БЕЛАРУСЬ вядзе перагаворы з Іранам па пастаўках нафты, заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, перад урадам пастаўлена задача па пошуку альтэрнатывы расійскай нафце. «Мы дамовіліся, сёння загружаны танкер ідзе ў Адэсу, і пачнём пастаўляць праз Украіну на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», – расказаў Прэзідэнт.
Таксама, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь вернецца да будаўніцтва нафтаправода з Балтыкі. Акрамя таго, ён запатрабаваў неадкладна скончыць мадэрнізацыю Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода.
Кантроль над цэнами ў Беларусі
будзе праводзіцца
ПРЭЗІДЭНТ адзначыў, што неаднаразова выказваў патрабаванне аб неабходнасці эфектыўнага кантролю ў сферы цэнаўтварэння. «Хто ў нас хутчэй за ўсё разбагацеў і адыгрывае вялікую ролю ў падняцці цаны – пасрэднік паміж пакупніком і вытворцам», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Для рэгулявання працэсаў у гэтай сферы ў тым ліку было створана Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. «Міністр павінен несці за гэта адказнасць, залішне не ўмешвацца, не перашкаджаць працаваць ні гандлю, ні вытворцам, ні спажыўцам. Але калі бачыць нейкую манапольную змову, або ёсць манапаліст, мы яго будзем кантраляваць. Як ва ўсім свеце. Мы нічога не выдумляем, – сказаў Прэзідэнт. – Неабгрунтаванага павышэння быць не павінна”.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанне кошту паслуг у ЖКГ. «Так, трэба да 100 працэнтаў даводзіць аплату. Ніхто не спрачаецца. Кожны павінен плаціць за сваё, плаціць столькі, колькі каштуе, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Але ў людзей павінна быць магчымасць заплаціць».
Аб выбарах
ПАВОДЛЕ СЛОЎ кіраўніка дзяржавы, праведзеныя парламенцкія выбары сталі для Беларусі сур’ёзным выпрабаваннем, таму што праходзілі ў вельмі няпростых умовах.
КІРАЎНІК дзяржавы падкрэсліў: выбары пацвердзілі той факт, што ўзрастае роля парламенту ў выпрацоўцы важнейшых напрамкаў развіцця дзяржавы, пашыраецца яго палітычная база. Прэзідэнт лічыць, што аб гэтым сведчыць удзел у выбарчай кампаніі палітычных партый і грамадскіх арганізацый рознага спектра поглядаў, а таксама заваяванне іх прадстаўнікамі ў сумленнай барацьбе дэпутацкіх мандатаў.
«Я АБСАЛЮТНА НЕ СУПРАЦЬ узрастання ролі партый, але не штучна і не на ніве антаганізму з уладамі», – заявіў беларускі лідар.
«Усё вынікае з інтарэсаў бакоў. І ўлады, і так званай апазіцыі», – сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, улада зацікаўлена, па-першае, у прафесіяналізме парламента. «Гэта пытанне нумар 1», – падкрэсліў беларускі лідар.
Па-другое, улада зацікаўлена ў прыхільнасці парламента да праводзімага ў краіне курсу. Па-трэцяе, у патрыятызме дэпутатаў. «Я вельмі зацікаўлены, каб нашы дэпутаты працавалі больш унутры краіны і, самае галоўнае, на краіну, на ўласны народ», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Па-чацвёртае, інтарэс улады заключаецца ў прадстаўніцтве ў парламенце ўсіх пакаленняў, паколькі важныя вопыт і веды людзей розных узростаў.
Яшчэ адзін інтарэс – каб як мінімум трэць парламента складалі жанчыны. Улада таксама зацікаўлена ў забеспячэнні пераемнасці «старых» і «новых» дэпутатаў.
Аб рабоце парламента
У Нацыянальны сход Беларусі шостага склікання ўвайшлі дастойныя прадстаўнікі народа. Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што ў бліжэйшыя чатыры гады ім трэба будзе ўдасканальваць дзеючыя і прымаць новыя законы, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці эканомікі, выключэнне бар’ераў для бізнесу, прыцягненне інвестыцый у краіну, стварэнне рабочых месцаў і развіццё рэгіёнаў.
Паводле слоў Прэзідэнта, многае давядзецца зрабіць для далейшага паляпшэння сацыяльнай сферы, падтрымкі малазабяспечаных грамадзян, удасканалення сістэмы адукацыі, уключаючы вышэйшую, а таксама жыллёвага і працоўнага заканадаўства.
Папярэдні склад Нацыянальнага сходу заслугоўвае ўдзячнасці, лічыць Аляксандр Лукашэнка.
КІРАЎНІК дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што патрабуецца актывізацыя ўзаемадзеяння з вядучымі заходнімі дзяржавамі. «Еўропа і ЗША сталі прызнаваць нас як сур’ёзнага партнёра, з дапамогай якога можна вырашаць важнейшыя праблемы сучаснасці, і мы да гэтага гатовы», – сказаў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да парламентарыяў, ён адзначыў, што яны павінны шмат зрабіць для таго, каб «шырэй расчыніць вароты ў Беларусь для іншых дзяржаў».
ЯК АДЗНАЧЫЎ Аляксандр Лукашэнка, у беларускай сістэме адукацыі назбіралася нямала праблем, якія трэба вырашаць. Ён прызнаўся, што напярэдадні, вярнуўшыся ўначы з камандзіроўкі, азнаёміўся з новым складам парламента і з радасцю ўспрыняў той факт, што ў яго ўвайшлі прадстаўнікі сферы адукацыі – супрацоўнікі ВНУ і школ. «Я рады гэтаму. Можа, яны неяк дапамогуць нашаму Міністэрству адукацыі прыйсці да нармальнай сістэмы адукацыі, нават нічога не ламаючы, а ўдасканальваючы, пачынаючы ад заняткаў у школе», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
У прыватнасці, ён прапанаваў парламентарыям перагледзець пытанне аб тым, каб школьныя заняткі пачыналіся не ў 8 гадзін раніцы, а ў 9.
Прэзідэнт таксама прапанаваў увесці па некаторых школьных прадметах гутарку замест ЦТ.
Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, адзначыў: «Не магу сказаць, якім шляхам ісці. Я прадумаў ужо розныя варыянты: недзе, калі навука патрабуе дакладных адказаў (матэматыка, фізіка), там можна і пакінуць цэнтралізаванае тэсціраванне. А па некаторых прадметах трэба ўводзіць гутарку, якая некалі была».
Пры гэтым беларускі лідар звярнуў увагу, што недапушчальна сляпое капіраванне замежнага вопыту, у тым ліку гэта датычыцца і Балонскага працэсу.
У цэлым, кажучы аб рабоце парламента за гады незалежнасці Беларусі, Прэзідэнт звярнуў увагу, што за гэты час створана добрая заканадаўчая база, якая ўлічвае як айчынны, так і замежны вопыт.
Важнейшымі рысамі дзейнасці народных выбраннікаў сталі сацыяльная накіраванасць, адкрытасць, эвалюцыйны падыход да рэгулявання прававых адносін.
Прэзідэнт таксама лічыць, што немалыя поспехі дасягнуты ў ахове здароўя, умацаванні сацыяльных гарантый для розных слаёў насельніцтва. Вялікая колькасць сем’яў, асабліва маладых, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы набылі ўласныя дамы, кватэры.
ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ Аляксандр Лукашэнка лічыць, што на любой стадыі падрыхтоўкі законапраекта важна сумесная работа зацікаўленых бакоў.
Паводле слоў Прэзідэнта, яму даводзілася чуць меркаванне аб тым, што дэпутаты пятага склікання ініцыіравалі мала законаў і што новаму дэпутацкаму корпусу неабходна актыўней працаваць у плане заканадаўчых прапаноў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на любой стадыі распрацоўкі праекта закона неабходна працаваць разам. Дзякуючы сумеснай прадуманай рабоце будзе менш спрэчак пры разглядзе таго ці іншага дакумента ў Авальнай зале.
Аб знешняй палітыцы
СВЕТ скочваецца да адкрытага «гарачага» процістаяння. Сітуацыя горшая, чым у гады халоднай вайны. Такі пункт гле-джання выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
«Права моцнага дамінуе. Крывадушнасць і няшчырасць у міжнародных адносінах, асабліва паміж геапалітычнымі ігракамі, – канстатаваў кіраўнік дзяржавы. – Парушэнне міжнароднага права пад нібы добрымі прычынамі».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на гэтым фоне ўсе дзяржавы імкнуцца знайсці сваю нішу. Ствараюцца новыя рэгіянальныя, інтэграцыйныя структуры, якія імкнуцца абараніць сябе высокімі загараджальнымі бар’ерамі, у першую чаргу ў эканоміцы.
Прэзідэнт асабліва звярнуў увагу на той факт, што такі паварот падзей, які адбываецца ў свеце, рыкашэтам ударыў і па Беларусі. Таму ў такіх умовах на першы план стала выходзіць знешнепалітычная дзейнасць, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
ПРЭЗІДЭНТ ВЫКАЗАЎ шкадаванне, што інтэграцыйныя аб’яднанні, у якіх удзельнічае Беларусь, функцыянуюць фармальна. «Мы хочам аднаго: калі дамовіліся аб саюзе, то каб ён будаваўся на асноўных, выпрацаваных усім чалавецтвам, усім жыццём прынцыпах. Першы з іх – раўнапраўе», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
БЕЛАРУСЬ ХОЧА раўнапраўнага супрацоўніцтва з Расіяй, у тым ліку па газавым і нафтавым пытаннях. Прэзідэнт перакананы, што з-за нафтагазавай спрэчкі нельга разбураць адносіны, якія склаліся ў Беларусі і Расіі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, бо ў выніку можа з’явіцца брэш, якую потым будзе вельмі складана залатаць.
ЁН АДЗНАЧЫЎ: «Мы гатовы супрацоўнічаць з усімі ў імя гэтага. Але трэба разумець, калі нас нахілілі і ўвялі санкцыі, мы выстаялі. Мінуў час, і Захад адмяніў санкцыі».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для Беларусі патрэбны мір і бяспека, дружба і супрацоўніцтва паміж народамі, і беларускі народ – самы інтэрнацыянальны.
«МЫ НЕ ЗБІРАЕМСЯ ні з кім ваяваць. Мы збіраемся проста абараніць свае інтарэсы, і мы гэта робім не для вайны, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Мы гэта робім, каб бачылі ўсе, хто з намі хоча ваяваць, што ваяваць з намі – небяспечна, сабе на шкоду».
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на няпростай сітуацыі ў свеце, калі ў некаторых дзяржавах гінуць дзеці, ні ў чым не вінаватыя мірныя жыхары. «Чаму дэмакратычныя дзяржавы, якія разбамбілі і бамбяць Сірыю, аб гэтым не думаюць? Абараніцца хочуць ад хвалі бежанцаў. Тут толькі адзін шлях: дапамажыце стаць на ногі гэтым дзяржавам, стварыце вытворчасці, каб людзі там працавалі. Чаму гэта не робім?» – задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў міры і бяспецы, мірным супрацоўніцтве з іншымі краінамі, што Беларусь выступала і выступае з ініцыятывамі па спыненні любых баявых дзеянняў і вырашэнні ўсіх пытанняў за сталом перагавораў. «Дзякуючы гэтаму міжнародны аўтарытэт Беларусі істотна ўзрос. І гэта тэма закранута тут невыпадкова, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Дэпутаты абедзвюх палат парламента мэтанакіравана працавалі ў адной звязцы з кіраўніком дзяржавы, урада, дыпламатычным корпусам, што дапамагло Беларусі зрабіць сапраўдны дыпламатычны прарыў. Парламенцкая асамблея арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе прыняла рашэнне правесці сваю 26-ю сесію ў Мінску».
Гэта мерапрыемства пройдзе ў беларускай сталіцы летам будучага года. У Мінску збяруцца больш за 700 палітыкаў з 57 краін.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro