На конкурс «Сто ўсмешак нашых мам»

На конкурс «Сто ўсмешак нашых мам»

Няменьшая

“Нам з татам ты нібы сонейка”

Для мяне самы блізкі чалавек – мая мама. Вядома, кожны лічыць сваю матулю самай лепшай, дый я не выключэнне, бо яна не проста самая лепшая, але і самая непаўторная.
Яе завуць Святлана Аляксееўна Няменьшая. Прафесію настаўніка сальфеджыа і музычнай літаратуры яна абрала ў маладосці і прысвяціла ёй 14 гадоў свайго жыцця. У Жабінкаўскай дзіцячай школе-мастацтваў намагалася знайсці падыход да кожнага вучня, гэта ёй удавалася. Нават і цяпер, сустракаючы яе на вуліцы, дзеці падыходзяць, абдымаюць і шкадуюць, што мая мама ўжо не вучыць іх. І як жа прыемна бачыць яе шчаслівы твар, бо мамачка ўласны вопыт і веды перадала сваім выхаванцам. Зараз яна на заслужаным адпачынку.
А як чароўна яна грае на фартэпіяна. Атрымліваецца проста музычная казка, якую можна слухаць бясконца!
…Вось ужо дваццаць адзін год мы крочым з табою па Зямлі. Мамачка, я ніколі не забуду, колькі начэй ты правяла ля майго ложка, калі я хварэла; не забуду дні нараджэння, якія ты мне ладзіла. Дзякуй табе, што прывучыла мяне рупіцца і даводзіць пачатае да канца. Дзякуй, што намагалася выхоўваць у маёй душы чалавечыя якасці – дабрыню, спагадлівасць, шчырасць, зычлівасць, міласэрнасць. Мамачка, ты мяне заўжды разумееш, падтрымліваеш у цяжкую хвіліну, даеш слушную параду і ніколі не ганіш.
Мне хочацца, каб усмешка з твайго твару ніколі не сыходзіла, каб ты пастаянна свяцілася ад шчасця, як у той доўгачаканы для вас з татам дзень, калі вы даведаліся, што хутка станеце бацькамі.
Хачу нагадаць табе выпадак, калі я, трохгадовая, убачыла ў магазіне пульхнага хлопчыка і закрычала на ўсю гандлёвую залу: “Мама, у яго шчокі большыя, чым попка!”. Ведаю, што такія ўспаміны выклікаюць у цябе ўсмешку. Усміхайся часцей, мілая! Нам з татам ты нібы сонейка!
Таццяна Няменьшая, бібліятэкар цукразаводскай бібліятэкі.
На здымку: я з мамачкай у дзяцінстве.
Фота з сямейнага архіва.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro