Як слаўна ісці па сцяжынцы адной!

Як слаўна ісці па сцяжынцы адной!

IMG_50101
Калі людзям даводзіцца па жыцці крочыць па адной сцяжынцы, спатканне іх – усяго толькі справа часу. Прыкладна так адбылося ў лёсах Яўгена Віктаравіча і Дзіны Уладзіміраўны Хамюкоў са Шчэглікаў: некалі ішлі побач – а цяпер поруч. За час свайго жыццёвага падарожжа сям’я стала шматдзетнай…

Дзе спаткаць сваё каханне?

ПА-РОЗНАМУ адбываюцца сустрэчы будучых мужа і жонкі.
Яўген і Дзіна, можна сказаць, ад самых пачаткаў побач. Год нара-
джэння аднолькавы – 1987-ы, і месяц нараджэння адзін і той жа (жнівень).
Яўген Віктаравіч гаворыць, што жонку сабе адшукаў… у суседнім кабінеце. І не дзіўна: некалі разам яны заканчвалі трэцюю гарадскую адзінаццацігодку, дзе вучыліся ў паралельных класах. Таму і месцам першай юнацкай прыхільнасці, якая з часам перарасла ў прыгожае і шчырае пачуццё, стала для іх родная школа. У старэйшых класах усё часцей і сябры, і настаўнікі, і бацькі сталі заўважаць: маладым прыемна разам, беражліва і з павагай ставяцца яны адзін да аднаго, шукаюць і знаходзяць гожыя словы, каб не згубіць сваё школьнае сяброўства, якому суджана было стаць сапраўдным і непадробным каханнем.
Аднак пасля школы і ён, і яна павінны былі не толькі праверыць свае пачуцці, але й устаць, як у народзе кажуць, на ногі – атрымаць прафесіі, патрэбныя ў далейшым.
Адразу пасля апошняга званка, што гучна абвясціў пра развітанне з дзяцінствам, хлопец і дзяўчына падалі дакументы ў адну і тую ж вышэйшую навучальную ўстанову – Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Ён захацеў стаць спецыялістам у будаўніцтве аўтамабільных дарог і аэрадромаў, яна пайшла на эканамічны факультэт, дзе набывала спецыяльнасць “Сусветная эканоміка”. Дзіна і тут трохі апярэдзіла, закончыла ВНУ раней, бо Жэня вучыўся на завочным аддзяленні. Размовы пра тое, што пасля заканчэння ўніверсітэта яны пададуць дакументы ў загс, узнікалі не аднойчы, і Яўген як будучы гаспадар сям’і разумеў: патрэбна не толькі набірацца ведаў, але й зарабляць грошы для будучага сямейнага бюджэту. Пагэтаму сумяшчаў заняткі ў БрДТУ з працай у прыватнай фірме “Імпульс”, якая займалася гандлем бытавой тэхнікай.

Год суцэльных перамен

У КОЖНАЙ сям’і бываюць гады, надзвычай багатыя на перамены. Для Дзіны і Яўгена такім стаў 2009-ы.
Урачысты момант, калі перад маладымі пад гукі марша Мендэльсона расчыніліся дзверы ў сумеснае жыццё, наступіў зімою. У той памятны лютаўскі дзень зусім не адчувалася холаду – іх сэрцы былі сагрэтыя пяшчотай, ад таго і ўтульнасць адчувалі іх душы… У той самы дзень сур’ёзнасць свайго саюзу замацавалі і ў Мышчыцкай Пакроўскай царкве.
З гэтага часу 8 лютага – асаблівы дзень у Яўгена і Дзіны Хамюкоў. Штогод яны са сваімі дзецьмі згадваюць яго як дзень нараджэння сям’і.
Змены назіраліся і на працы. Яўген Віктаравіч уладкаваўся ў ДРБУ № 103 у Жабінцы, дзе і цяпер на пасадзе начальніка планава-вытворчага сектара. А вось у Дзіны Уладзіміраўны атрымаўся ў працоўнай дзейнасці значны перапынак (зацягнуўся ён ажно на сем гадоў!) Прычым адбывалася тое па надзвычай важнай і прыемнай прычыне. Так, пасля ўніверсітэта малады спецыяліст уладкавалася эканамістам на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. А далей – адзін за адным пайшлі дзеткі…
Першаніца Валерыя нарадзілася ў тым самым 2009-ым, як і бацькі святкуе свае народзіны ў жніўні. Зараз ужо другакласніца першай гарадской, любіць маляваць, добра вучыцца ў школе, ласкавая з малодшымі братам і сястрой. Пяцігадовы Віктар і трохгадовая Уладзіслава – пакуль дзетсадаўскія, як усе малыя любяць гульні, спевы, маляваць і ляпіць.
Асаблівае свята – калі з гасцінцамі завітаюць бабулі, якія з пялёнак дапамагалі ўнукам расці, набірацца жыццёвых сіл. Галіна Яўгенаўна Хамюк і Іна Анатольеўна Гаўрысюк жывуць паблізу, у Жабінцы, іх дапамога і цяпер неацэнная сваімі парадамі, справамі. Хто ж для ўнука лепшы сябра, чым родная бабулечка, што парадуе саладосцямі ды абноўкамі?! Дзядуляў, як у кожнага водзіцца, таксама двое. Асабліва істотную падтрымку ад Віктара Мікалаевіча і Уладзіміра Паўлавіча маладая сям’я адчула, як пачала будавацца. Як жа інакш, лічаць старэйшыя, маладым трэба дапамагаць і на ногі ўзняцца, і крылы займець. А як гэта зрабіць без уласнага жылля?

Усе разам – усе дружна!

ГЭТЫ ДЭВІЗ прыжыўся пад дахам іх новага дома ў Шчэгліках. Гэтак яны жывуць і працуюць.
– Хата вырасла за лічаныя гады, – згадвае старшыня Жабінкаўскага сельвыканкама Галіна Сцяпанаўна Акуліч. – І месца пад будаўніцтва выбрана цудоўнае: навокал уладарыць цішыня, ніякай вам гарадской мітусні ці крокаў на дарозе! Недалёка і ўзнімаюцца берагі Мухаўца, руку працягні – лес шчэглікаўскі! У такой прыгажосці толькі жыць і жыццю радавацца. Было прыемна, калі даводзілася крочыць па вёсцы, назіраць, як узнімаюцца сцены новага дома Хамюкоў. Не абышлося, безумоўна, і без дзяржаўнай дапамогі.
Пра тое згадвае і Яўген Віктаравіч:
– Рабілася амаль усё ўласнымі рукамі. Далі Бог, хапіла і ўмення, і розуму, і сіл. А вось, каб гэтая казка стала быллю, атрымалі крэдыт, што выдзяляўся шматдзетнай сям’і, акрамя таго, паводле закона пагашэнне яго на тры чвэрці таксама ўзяла на сябе дзяржава. Без гэтай вялікай дапамогі пабудавацца было б цяжэй.
Сёлетні год для іх таксама адметным выдаўся: на Вадохрышча – святочны дзень спецыяльна прымеркавалі дзеля асаблівай радасці і на добры ўспамін – Хамюкі ўсяліліся ў новы вялікі дом, дзе на двух паверхах, шчыра веру, на доўгія гады прапісалася іх сямейнае шчасце.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Яўген і Дзіна Хамюкі з дзецьмі Валерыяй, Віцем і Уладзіславай у сваім утульным доме.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro