Стала свидетелем исторического события

Стала свидетелем исторического события

Апоўдні 21 студзеня 2011 года многія сталі сведкамі гістарычнай падзеі: чацвёртай па ліку інаўгурацыі Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі. Адбывалася з асаблівай веліччу і пышнасцю. На ёй прысутнічалі каля 4000 дэлегатаў з розных куткоў краіны. Сёння наша размова са старшай медыцынскай сястрой раённай бальніцы Т.П.Рынчук, якая была сярод пасланцоў Жабінкаўшчыны на ганаровым мерапрыемстве ў сталічным Палацы Рэспублікі.
— Тамара Пятроўна, як атрымалася, што менавіта вы былі запрошаны на інаўгурацыю?
— Калі праходзіла выбарчая кампанія, калектыў бальніцы (дарэчы, ужо ў трэці раз) вылучыў мяне ў склад ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за дзеючага Кіраўніка дзяржавы. Было сабрана нямала подпісаў сярод жыхароў мікрараёна №1 у Жабінцы. Відаць, мая праца ў ініцыятыўнай групе і стала прычынай запрашэння на гэту імпрэзу.
— Колькі прадстаўнікоў з нашага рэгіёна былі ў той дзень у Палацы Рэспублікі.
— Брэсцкую дэлегацыю ўзначальваў старшыня абласнога выканаўчага камітэта К.А.Сумар. У Мінск дабіраліся на пяці аўтобусах, таму было прыблізна 200 берасцейцаў, з іх шасцёра з Жабінкі: старшыня райвыканкама М.В.Токар, яго намеснік А.С.Ануфрыюк, дырэктар першай гарадской школы М.П.Савянкоў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Н.У.Калыбская, спецыяліст Ленінскага сельвыканкама В.Л.Міхалап і я.
— Большасць бачыла мерапрыемства хоць і ў прамым эфіры, але ўсё ж па тэлебачанні. Якім яно падалося на ўласныя вочы?
— Тэлеэкран не можа нават прыблізна перадаць атмасферу таго, што адбывалася. Дарэчы, вярнулася ўвечары, калі ішоў паўтор па тэлевізары. Канечне, быць сведкам падзеі і глядзець яе з экрана — вельмі розныя рэчы. Складана нават апісаць тую шыкоўнасць, нават пампезнасць, што панавала ў палацы. Усё было распісана пахвілінна. З вялікай годнасцю ўвайшоў Кіраўнік дзяржавы, унесены былі дзяржаўныя сцягі, штандары. Увесь шматтысячны зал узняўся і слухаў ў цішыні, што адпавядала адказнасці і велічы моманту. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына абвясціла вынікі выбараў і прапанавала Аляксандру Рыгоравічу прамовіць клятву, паклаўшы далонь на Канстытуцыю Беларусі.
Са словамі віншавання да Прэзідэнта звярталіся слынныя асобы, у тым ліку Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, патрыяршы Экзарх усёй Беларусі ўладыка Філарэт. Духоўная асоба блаславіла А.Р.Лукашэнку на новы прэзідэнцкі тэрмін. Зноў уразіла неверагодная цішыня. Быццам не было навокал чатырох тысяч чалавек. Усе слухалі прамоўцу, ловячы кожнае яго слова.
Затым у адказ выступіў абраны Прэзідэнт, які падзякаваў за выказаны давер, паабяцаў кіравацца ў сваёй дзейнасці прынцыпамі народаўладдзя, не сыходзіць са шляху, абранага краінай на доўгія гады, весці Беларусь да годнага жыцця.
А потым мы ў захапленні слухалі майстроў мастацтваў Беларусі. У час чароўнага канцэрта яны паказалі найлепшыя творы, народжаныя на нашай зямлі, — ад паланеза Міхала Клеафаса Агінскага да спеваў сённяшняга дня. Яшчэ глыбока краналі велічныя — жывыя на вякі вершы Уладзіміра Караткевіча і Якуба Коласа. Апошнім акордам захапляльнай імпрэзы стаў твор “Радзіма, мая дарагая”.
Інтэрв’ю браў А.БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top