Маладая радасць былога

Маладая радасць былога

Мо нават пяцідзесяцігадовыя памятаюць тыя людныя вечары, напоўненыя таямнічасцю, радасцю, маладосцю. А Марыі Васільеўне Ганчук з Жабінкі ўжо даўно за паўстагоддзя. Яна не толькі малой дзяўчынкаю назірала за сапраўднымі беларускім вячоркамі, але і была потым іх удзельніцаю, часам душою вясёлай, задзірыстай грамады дзяўчат і юнакоў, што збіраліся ў хатах зімовымі вечарамі. Для чаго збіраліся і чым бавілі час? Пра гэта яе ўспаміны.
— Пачыналіся вячоркі ў нашым Завужоўі на Кобрыншчыне ў снежні, калі мянялася праца вяскоўцаў, — з поля пераносілася на падворкі і ў хаты. Так, праца. Ледзь на дварэ цямнела, дзяўчаты за прасніцы, вязанне, вышыванне і да каго-небудзь у хату. Дзверы не зачыняліся, пакуль не сыдуцца ўсе. Збіраліся то ў адной, то ў другой хаце, але абавязкова там, дзе гасцям былі рады. Дзяўчаты рассаджваліся хто дзе і пачыналі прасці, вязаць, шыць. Стараліся як мага больш зрабіць, пакуль не ўваляцца хлопцы і не пачнуць дурэць. А тыя ўжо тут як тут. Хто з нашай, хто з суседняй вёскі, калі нагледзеў дзяўчыну тут ці збіраўся нагледзець. Спачатку сядзяць, кураць, ад дыму — свету не відно. Гамоняць паміж сабою, з намі, асабліва са сваімі абранніцамі. Ну, а потым, бывала, жартамі сыплюць, сваволяць. Абдымуць каго, пацалуюць… Быў адзін: здаецца, трываць не мог “калючай” дзяўчыны, усяляк ёй саліў, і што вы думаеце, неўзабаве ажаніўся менавіта з ёю.
— Хлопцы не “падвяселеныя” былі або не “падвясельваліся” на саміх вячорках?
— Крый Бог, хіба ў тыя часы гэтак пілі? Маладосць сама сабою хмельна-радасная, чаго яе “падмацоўваць” атрутаю? А маладых было многа: да трыццаці ў адной вёсцы, і дзяўчат і хлопцаў. І ўсе павыходзілі замуж, пажаніліся. Выбар быў, а знаёмствам ды прывязнасці адно да аднаго спрыялі, канечне ж, і вячоркі.
Заляцанні, жарты, гамана, часам музыка (да слова, на вячорках — ніякіх танцулек!) не заміналі дзяўчатам працаваць. Бывала, да дванаццаці, а то і да гадзіны ночы круціш панажом калаўротак (у нас казалі “каўротак”), прадзеш, каб потым наткаць палатна да Вялікадня. У перыяды ткацтва і заканчваліся вячоркі, а ўвесну і ўлетку было ўжо зусім не да іх: працавалі ў полі. Ага, яшчэ я многа вязала, бо шмат што ў тыя часы было вязаным: хустка, кофта, спадніца, тапкі…
Марыя Васільеўна закончыла ўспамінаць і ўзялася паказваць, так бы мовіць, “рэчавыя доказы”: тканіны, вышыўкі, карункі, іншыя напаміны пра маладосць. Папрасіла ў мужа Івана Міхайлавіча прынесці з гаспадарчага будынка калаўротак, даўным-даўно зроблены і падораны ёй хросным бацькам. Сапраўдны ручны станок! Зручны, практычны і разам з тым вельмі прыгожы. Працаваць за ім цётка Марыя пакінула гады два назад, проста цяпер няма чаго прасці, дый вялікай патрэбы няма.
— Дык што, калаўротку, або каўротку, самы час у музей? — паўжартам спытаўся я. — Годны ён таго.
— О не, — сказала жанчына, — з гэтым пачакаецца. Няхай пабудзе як памяць. Бачыце, які ён ладны. Шаную. Мне і ў галаву не прыходзіла выкінуць яго, як некаторыя…
Гаспадыня, забыўшыся на прасніцу ды кросны, не пакінула вязання. Вязала світэр і ў дзень нашай сустрэчы. З радасцю згадала, як вучыла вязаць унучку Таню (яна, ужо дарослая, па-ранейшаму аддадзена гэтаму занятку) і нават унука Мішу. “Неяк Міша ляжаў у бальніцы. Прыходжу ў палату, а ён — вяжа, во як!” — задаволена смяецца бабуля.
Сённяшнюю ж родную вёску Завужоўе прыгадвае са шкадаваннем, без ценю ўсмешкі: з сарака хат, як было калісьці, хіба што адно ў сям’і людзі жывуць. Час маладой радасці мінуў.
А.КАСКО.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top