Незвычайна адзначылі прафесійнае свята

Незвычайна адзначылі прафесійнае свята

DSCN0033

Райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі для сваіх актывістаў арганізаваў экскурсійны тур у Закарпацце па маршруце Міжгор’е – Сінявір Сінявірскае возера – Піліпец – Львоў.
1 кастрычніка 18 турыстаў з Жабінкі прыбылі ў пасёлак Міжгор’е, што размешчаны ў горнай катлавіне за 154 кіламетры ад Ужгарада, паблізу Каменкі і Кука. Гэта паэтычны і маляўнічы куток Карпацкага рэгіёна. Большую частку тэрыторыі займаюць горы. Удзельнікі паездкі зрабілі пад’ём на гару Макаўка, дзе любаваліся цудоўнай прыродай, а таксама змаглі паласавацца фірменнай стравай – блінамі з макам і чарніцамі, травяным чаем.
Потым усе накіраваліся ў Нацыянальны прыродны парк “Сінявір”, наведалі рэабілітацыйны цэнтр бурага мядзведзя, здзейснілі прагулку да самага таемнага і легендарнага месца Карпат – Сінявірскага возера, якое з’яўляецца адным з самых вялікіх і прыгожых горных азёраў Украіны. Гэтая ўнікальная з’ява прыроды захавалася яшчэ з часоў ледніковага перыяду, плошча возера 256 гектараў. Паходжанне яго тлумачыцца як навуковымі гіпотэзамі, так і народнымі легендамі. Па адной з такіх, возера ўтварылася праз моцнае, але трагічнае каханне маладых людзей Сінь і Вір.
Пасля Сінявіра ўсіх зноў чакаў пад’ём на адну з найвышэйшых гор масіву Паланіна Боржава – гару Гімба на вышыню больш як 1200 метраў над узроўнем мора. З гэтай гары нам адкрылася захапляльная панарама Карпацкіх гор, якая нікога не пакінула абыякавым.
Пасля спуску была экскурсія на вадапад “Шыпот”. Пад вечар удзельнікі экскурсійнага тура рассяліліся ва ўтульныя і камфартабельныя нумары экалагічнага турыстычнага комплексу “Ізкі”. Шчодрыя гаспадары арганізавалі для нас вячэру з дэгустацыяй нацыянальных страў і напояў, пад час якой гучала жывая ўкраінская музыка.
2 кастрычніка ўсіх нас чакала аглядная пешаходная экскурсія па Львове з наведваннем Лацінскага кафедральнага сабора, плошчы “Рынак”, гарадской Ратушы, Успенскай царквы, Армянскага і Яўрэйскага кварталаў, комплексу-манастыра бернардзінцаў, сабора святога Юрыя – жамчужыны ўкраінскага барока, плошчы перад оперным тэатрам, музея аптэкі і музея “Італьянскі дворык”.
Вось так незвычайна і незабыўна адсвяткавалі сваё прафесійнае свята некаторыя педагогі Жабінкаўшчыны – сябры-актывісты галіновага прафсаюза.
Наталля Урбан, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro