…Прытуліла вежкаўская зямля

…Прытуліла вежкаўская зямля

чибрисовы

“Ад дабра дабра не шукаюць” – кажа народная мудрасць. Святлана і Сяргей Чыбрысавы, як і шматлікія аднавяскоўцы, суседзі, родзічы, жылі, працавалі, радаваліся маленькім поспехам дзетак – першай усмешцы, першаму кроку, зубіку. Святлана рупілася ў школе поварам, а муж вырошчваў садавіну, прадаваў на рынку, каб забяспечыць сям’ю. У вялізным сяле Ніжнецёплае, што за некалькі кіламетраў ад Луганска, цякло мірнае жыццё.
– Калі горад сталі бамбіць, думалі, што гэта хутка скончыцца, – успамінае Святлана. – Першыя налёты на станіцу Луганская нас напужалі і навучылі жыць у ваенным рэжыме. Усе чакалі, што нарэшце вернецца мір… Дзеці прачыналіся пад гукі выбухаў і плакалі. Суседзі хутка раз’язджаліся, хто куды. А мы ўсё чакалі… Аднойчы, калі ў суседскі двор упаў снарад і разарваўся на вачах старэйшага сына, і той збялеў ад жаху, – схапілі малых і ноччу пакінулі родны дом.
Святлана не стрымлівае слёз. Яны, няпрошаныя госці, цякуць самі. Праз два тыдні блуканняў па Расіі і Беларусі, трапілі нарэшце на Жабінкаўшчыну. Бежанцы знайшлі прытулак у СВК “Вазнясенскі”: бацькі атрымалі жыллё і работу, дзеці – месцы ў дзіцячым садзе і школе. Сяргей і Святлана ўдзячны старшыні аграпрадпрыемства Надзеі Рыгораўне Кандрацюк, а таксама ўсім знаёмым і незнаёмым людзям за дапамогу і падтрымку, якая была ім аказана.
– З намі дзяліліся бульбай, морквай, іншымі прадуктамі, вопраткай, мэбляй, перадавалі грошы людзі, якіх мы нават і ў вочы не бачылі і плакалі ад шчодрасці беларусаў, што падтрымалі нас у цяжкую хвіліну.
Цяпер сям’я Чыбрысаў крыху абжылася: зрабілі касметычны рамонт у кватэры, займелі гаспадарку – дзвюх авечак, кур, качак. Сын Расціслаў ходзіць у школу, добра вучыцца. Хлопчыку падабаецца вучыць беларускую і англійскую мовы, з задавальненнем ездзіць з аднакласнікамі на экскурсіі, зай-маецца плаваннем у ФАУ “СК “Бадзёрасць”.
Калі мама і тата затрымліваюцца на працы, ён, як дарослы, корміць малодшых сястрычак Ангеліну і Сняжану і нават спаць іх, калі трэба, пакладзе.
Гаспадар уладкаваўся вадзіцелем на ГАЗ-53. З алкаголем ён не сябруе, прывык рупіцца сумленна. Штодзень рулюе на машыне.
Вадзіцельскія дарогі вядуць яго не толькі па гаспадарцы – ездзіць даводзіцца і ў Брэст, і ў Маларыту. Перавозіць зерне, жывёлу на мясакамбінат і інш.
У калектыве адразу заўважылі яго руплівасць, жаданне брацца за любую справу, таму без нарадаў ён не застаецца. Жонка Святлана ўладкавалася на ферму “Агароднікі”. Былы повар і муляр-тынкоўшчык “перакваліфікавалася” ў аператара машыннага даення. Разам з калегай па змене Наталляй Мандра тройчы ў дзень доіць рагуль. Яна, як і муж, не цураецца аніякай працы, прызвычаілася на ферме і хутка заслужыла давер і павагу калег. Святлана з кагорты адказных, шчырых, руплівых людзей.
…У вёсцы ўсе і ўсё навідавоку. Да сям’і Чыбрысавых, якая прыехала з Луганска, першы час вяскоўцы прыглядаліся. Цяпер яны нібыта свае – маюць сяброў і добрых знаёмых. Жабінкаўская зямля дала рупліўцам дах, работу, мірнае неба.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: Святлана і Сяргей Чыбрысавы і іх дзеці: Расціслаў, Ангеліна і Сняжана.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro