З міжнародных спаборніцтваў – з медалём

З міжнародных спаборніцтваў – з медалём

 Юрий Лисичик

З адкрытага Кубка Беларусі па спартыўным арыентаванні, які праходзіў сярод дзіцяча-юнацкіх каманд, вучань 9 “Б” класа СШ № 3 г. Жабінка Юрый Лісічык вярнуўся з “бронзай”. Мерапрыемства праходзіла ў рамках міжнародных спаборніцтваў “Гран-пры Беларусь – 2016”.

У спартыўных выпрабаваннях удзельнічалі больш за 300 вучняў. Юрый выступаў у складзе каманды Брэсцкай вобласці “Буг”, куды ўваходзілі 15 чалавек. Дзяўчаты і юнакі сапернічалі ў чатырох узроставых групах ад 12 да 18 гадоў у двух відах праграмы – сярэдняй і спрынтарскай дыстанцыях. Вынікі ў асабістым заліку падводзіліся па іх асобна.
Святочнае адкрыццё спаборніцтваў прайшло 17 верасня ў вёсцы Алешнікі Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Пасля гэтага ўдзельнікаў запрасілі на старт. На сярэдняй дыстанцыі патрэбна было пераадолець 3,9 км за кантрольны час – а гэта каля трох гадзін. Удзельнік аўтаматычна здымаецца з дыстанцыі, калі затрачвае больш.
Юрый выступаў пад нумарам 128 і дасягнуў фінішу праз 57 хвілін. Нялёгка было прайсці ўсе рэльефныя перашкоды, дый галіны лясных дрэў аказаліся шчодрымі на драпіны. Нягледзячы на цяжкасці, Юрый паказаў добры вынік: ён быў чатырнаццатым з трыццаці ўдзельнікаў. Дыстанцыю праходзіў, прытрымліваючыся кантрольных пунктаў. На іх месцах кожны з удзельнікаў павінен адзначыцца з дапамогай спецыяльнага электроннага прыстасавання. Рухацца “сваёй кароткай дарогай”, не звяртаючы ўвагі на вызначаныя прыпынкі, забаронена. Пасля насычанага дня ўдзельнікаў чакала ноч сапраўднага турыста – у палатках пад зорным небам. Гэтая ідэя арганізатараў прыйшлася даспадобы юнакам і дзяўчатам.
Другі дзень спаборніцтваў адбыўся ў Мінску. Спрынтарская дыстанцыя ў 1,8 км была падрыхтавана ў парку Перамогі. Тым удзельнікам, што добра ведалі мясцовасць, пашанцавала, Юрый жа быў тут упершыню. У размове ён прызнаўся, што застаўся незадаволены вынікам першага дня, таму адразу настроіўся на сур’ёзную барацьбу. Энергіі і запалу надала не толькі ўнутраная ўстаноўка, але і размінка, якую юнак звычайна робіць за 20 хвілін да старту.
– Ландшафт парку быў даволі зручным для пераадолення дыстанцыі ў параўнанні з мясцовасцю, дзе праходзіў наш першы дзень спаборніцтваў, – расказаў Юрый. – Гэта надало мне сіл і ўпэўненасці. У спрынце ўдзельнічалі больш за трыццаць чалавек, таму колькасць маіх сапернікаў павялічылася. Я выклаўся па максімуму і фінішаваў праз 10 хвілін і 11 секунд пасля старту. Ад напружання стукала ў скронях, гулі ногі, але, калі даведаўся пра вынік, радасці не было межаў – я трэці! Першае і другое месцы заваявалі мінчане. У маёй скарбонцы ёсць нямала ўзнагарод, але гэтую лічу самай важнай і значнай.
Спартыўным арыентаваннем юнак захапіўся яшчэ пасля чацвёртага класа. Любоў да яго прывіў тата – Андрэй Мікалаевіч. Менавіта ён выступае ў ролі трэнера. Разам удзельнічаюць у спаборніцтвах, а пасля іх абмяркоўваюць свае недахопы і памылкі. Пра вынікі сямейнага тандэма гавораць шматлікія ўзнагароды бацькі і сына. Паспяхова выступілі яны сёлета ў абласной “Арыент-лізе-2016”, якая праходзіла ў горадзе над Бугам з канца лютага па сакавік па суботах і нядзелях. Па выніках першага этапу спаборніцтваў Андрэй Мікалаевіч апынуўся на трэцім месцы, Юрый стаў пераможцам чацвёртага этапу ва ўзроставай групе 14-гадовых. У выніку праходжання ўсіх заданняў юнак заняў трэцяе месца.
Бралі яны ўдзел таксама ў міжнародным турніры па спартыўным арыентаванні “Берасцейская пралеска-2016”, што праходзіў у абласным цэнтры і яго ваколіцах з 24 па 27 сакавіка. Больш паспяховым на ім было выступленне ў Андрэя Мікалаевіча. Па выніках аднаго з забегаў – спрынтарскай дыстанцыі – ён увайшоў у пяцёрку лепшых.
У канцы размовы пацікавілася ў Юры: “Праз некалькі год табе трэба бу-дзе вызначыцца з будучай прафесіяй. Якую навучальную ўстанову выбераш для далейшай вучобы? Марыш звязаць жыццё са спортам?”
“Мне вельмі падабаюцца матэматыка, фізіка і хімія, – сказаў юнак. – Прафесію жадаю звязаць з гэтымі навукамі, але свайго захаплення не пакіну. Буду развівацца і ўдасканальвацца, каб стаць сапраўдным спецыялістам у спартыўным арыентаванні, як мой тата”.
Дар’я НІКАНЧУК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота Алёны НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro