Сучаснае абсталяванне, своечасовую дыягностыку і якаснае лячэнне прапануюць медыкі

Сучаснае абсталяванне, своечасовую дыягностыку і якаснае лячэнне прапануюць медыкі

IMG_2139(З сесіі раённага Савета дэпутатаў)

Адбылася чарговая 18 сесія раённага Савета дэпутатаў ХХVII склікання. На разгляд яе выносіўся шэраг пытанняў. Перад пачаткам іх абмеркавання дэпутаты і запрошаныя пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай УАЗ “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца”, якая сапраўды значна ўмацавалася і абнавілася за апошнія гады. І ўсё гэта дзякуючы пастаяннай увазе раённага выканаўчага камітэта да праблем у здароўі людзей Жабінкаўшчыны.
Галоўны ўрач райбальніцы Анатоль Лаўрукевіч пад час экскурсіі заўважыў, што ў 2013 годзе на капітальны і бягучы рамонт было зрасходавана больш як 5 мільярдаў недэнамінаваных рублёў (адрамантавалі дах галоўнага лячэбнага корпуса, хірургію, гінекалогію, дзіцячае аддзяленне, фізіятэрапеўтычны кабінет, прыёмны пакой, дзённы стацыянар, Ракітніцкую амбулаторыю). У наступныя гады абнавіліся таксама будынак бухгалтэрыі райбальніцы, Залуззеўскі, Падлескі, Арэпіцкі і Старасельскі ФАПы і Азяцкая амбулаторыя.
Працягваецца тут сістэмная работа па закупцы новага медыцынскага абсталявання і планавай замене састарэлага. У 2014 годзе было закуплена яго на 761 мільён недэнамінаваных рублёў: набыты кальпаскоп з праграмным комплексам, аналізатар імунафлюрасцэнтны, апарат “Кардиан СДМ”, дэфібрылятар, каланавідэаскоп, фатометр, электракардыёграф, а таксама 10 камп’ютараў. Летась цэнтралізавана атрыманы апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, за сродкі раённага бюджэту закуплены манітор фетальны, комплекс стаматалагічны “Fona” і іншыя. У бліжэйшай перспектыве будзе аснашчаны цыстаскопам уралагічны кабінет, абноўлена яго стэрэалізацыйнае абсталяванне і інш.
Пасля экскурсіі-азнаямлення дэпутаты прадоўжылі сваю працу ў актавай зале Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.
З дакладам “Аб рабоце УАЗ “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца” па паляпшэнні даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі насельніцтву, фарміраванні здаровага ладу жыцця” выступіў галоўны ўрач Анатоль Лаўрукевіч. Анатоль Іванавіч расказаў:
– У раёне на сённяшні дзень працуюць 68 урачоў, забяспечанасць імі летась вырасла з 23,9 на 10 тысяч насельніцтва да 27,4 сёлета. За два апошнія гады на Жабінкаўшчыне пачалі працаваць дзевяць маладых урачоў, што дазволіла знізіць сумяшчальнасць з 1,2 да 1,0. Са жніўня сёлетняга года стопрацэнтная ўкамплектаванасць дактарамі і ў сельскіх урачэбных амбулаторыях. Усе іх да канца года мы плануем перавесці на працу паводле прынцыпу ўрача агульнай практыкі, у сувязі з чым двое спецыялістаў з Хмелеўскай і Азяцкай амбулаторый праходзяць чатырохмесячнае перанавучанне на базе Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Прыход на працу чацвёртага ўрача-хірурга дазволіў павялічыць час прыёму ў хірургічным кабінеце паліклінікі да 20.00.
Стопрацэнтная ўкампле-ктаванасць спецыялістамі сельскіх амбулаторый вырашыла шматгадовую праблему аказання стаматалагічнай дапамогі як на сяле, так і ў горадзе. Палепшылася даступнасць дапамогі па неўралагічнай паталогіі, таму што ў паліклініцы прыём пацыентаў вядзецца двума кваліфікаванымі неўролагамі.
Далейшая аптымізацыя ложкавага фонду стацыянара дазволіць скарачэнне ў сувязі з гэтым пасад і дасць магчымасць арганізаваць у паліклініцы прыём урачом-кардыёлагам.
Планавая бюджэтная забяспечанасць расходаў на ахову здароўя раёна на аднаго жыхара дазваляе ажыццяўляць бесперапынны лячэбна-дыягнастычны працэс на належным узроўні. Сёлета на аднаго жыхара запланавана фінансаванне ў 2 мільёны 210 тысяч недэнамінаваных рублёў. Пры плане 989 тысяч рублёў за першае паўгоддзе фактычнае выкананне склала 940 тысяч.
Адна з задач апошніх гадоў, пастаўленых урадам перад арганізатарамі аховы здароўя, – пераразмеркаванне фінансавання са стацыянарнай дапамогі на амбулаторна-паліклінічную
(г. зн. акцэнт робіцца на пашырэнне прафілактыкі захворванняў і лячэнне ў больш ранніх стадыях). У апошнія пяць гадоў жабінкаўскімі медыкамі быў значна аптымізаваны ложкавы фонд стацыянара з 231 да 161 ложка. Гэта дазволіла мець наступную структуру расходаў: па выніках 2015 года на лячэнне ў стацыянары зрасходавана 35,5 %,
на амбулаторна-паліклінічную дапамогу – 51 %.
Штоквартальна ў паліклініцы праводзіцца ананімнае анкетаванне пацыентаў. Абгрунтаваных скаргаў на якасць работы ў гэтым падраздзяленні з боку пацыентаў не адзначалася.
У рамках выканання тэрытарыяльнай праграмы дзяржаўных гарантый па забеспячэнні медыцынскім абслугоўваннем колькасць выездаў хуткай і неадкладнай дапамогі за шэсць месяцаў сёлета склала 151,9 на тысячу насельніцтва (3741 выкананых выклікаў); за шэсць месяцаў мінулага – 165,4 на тысячу насельніцтва (4060 выкананых выклікаў).
Пры раённай паліклініцы функцыянуе 12 ложкаў дзённага стацыянара, пры амбулаторыях – 10. На іх пралечана за паўгоддзе 570 чалавек, праведзена 4351 ложка-дзень, сярэдні тэрмін лячэння 7,6 дня; за такі ж перыяд летась – 578 чалавек, праведзена 3999 ложка-дзён, сярэдні тэрмін лячэння быў 6,9.
У стацыянарах на даму за сёлетняе паўгоддзе пралечана 172 чалавекі, праведзена 1385 ложка-дзён (у тым ліку вясковым насельніцтвам – 133, 1050 ложка-дзён); за мінулагодняе паўгоддзе – 170 чалавек і праведзена 1310 ложка-дзён (у тым ліку вясковымі жыхарамі 127 і 888 ложка-дзён).
Анатоль Іванавіч Лаўрукевіч адзначыў, што адной з прафілактычных мер з’яўляецца суцэльнае флюараграфічнае абследаванне насельніцтва. Летась яго прайшлі 97,2 % людзей, а за сёлетняе паўгоддзе 48,3 %. Асаблівая ўвага надаецца той групе пацыентаў, якім пагражаюць сухоты (людзі, якія пакутуюць на ХОБЛ, язвенную хваробу, алкагалізм). Сёлета ў першым паўгоддзі з такой катэгорыі “пагражаемых” абследавана 50,6 % іх. Другая “абавязковая” група для флюараграфіі – работнікі жывёлагадоўчых ферм і гандлю, педагогі, інш. Іх абследавана 54,6 %.
Выяўлена 6 пацыентаў, якія захварэлі на сухоты. Цяпер на дыспансерным уліку знаходзіцца 15 пацыентаў, якія маюць дыягназ “сухоты”.
У раённай паліклініцы праводзяцца папярэднія медыцынскія агляды пры афармленні на працу, а таксама перыядычныя – работнікаў сельскай гаспадаркі і прамысловых прадпрыемстваў, што працуюць у шкодных і неспрыяльных умовах, педработнікаў і дзіцячых дашкольных устаноў, медыкаў, вадзіцеляў і іншых. За шэсць месяцаў сёлета ў кабінеце прафаглядаў прынята 4840 чалавек. Асобаў, якія працуюць са шкоднымі ўмовамі, неабходна было агледзець за паўгоддзе 1620 чалавек, з’явіліся – 1605.
Дакладчык таксама засяродзіў увагу прысутных на тым, што мноства жабінкаўцаў аддаюць перавагу лячэнню ў стацыянарах абласнога цэнтра, дзе лепшая аснашчанасць апаратуры. Штогод, напрыклад, лячэнне ў Брэсце праходзяць каля 3 тысяч жабінкаўцаў, а ў нашай раённай бальніцы да 5 тысяч. Анатоль Іванавіч падрабязна расказаў аб аказанні жабінкаўцам платных медыцынскіх паслуг, аб дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, прааналізаваў мадэлі канчатковых вынікаў здароўя насельніцтва раёна і медыцынскіх прафілактычных аглядаў. Пэўная ўвага ў дакладзе была адведзена здароваму ладу жыцця, выпуску і распаўсюджванню сярод насельніцтва інфармацыйна-адукацыйных матэрыялаў па здаровым ладзе жыцця, прафілактыцы інфекцыйных і неінфекцыйных захворванняў. А ў заключэнне падзякаваў працоўным калектывам раёна за іх спонсарскую дапамогу бальніцы ў рашэнні бягучых пытанняў.
У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Надзея Палінараўна Шосцік, старшыня Ленінскага сельскага Савета дэпутатаў, дэпутат ад Ленінскай выбарчай акругі № 19 Юрый Данілавіч Кадоліч, урач-педыятр участковы дзіцячага аддзялення паліклінікі УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”, дэпутат ад Якаўчыцкай выбарчай акругі № 27 Наталля Мікалаеўна Бялых.
“Праведзеныя мерапрыемствы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” дазволілі значна палепшыць як умовы знаходжання пацыентаў, так і ўмовы працы работнікаў, а таксама стварыць высокую ступень санэпіднадзейнасці аб’ектаў аховы здароўя, – сказала Надзея Шосцік. – На сённяшні дзень усе ўстановы аховы здароўя раёна забяспечаны сістэмамі ацяплення, халоднай і гарачай праточнай вадой, неабходным наборам памяшканняў, санітарна-тэхнічны стан якіх дазваляе падтрымліваць санітарна-эпідэміялагічны рэжым і праводзіць лячэбна-прафілактычныя мерапрыемствы. У раёне ў апошнія гады захоўваецца стабільная эпідэмічная сітуацыя па інфекцыях, якія падуладныя сродкам спецыфічнай прафілактыкі. Многія гады не рэгіструюцца выпадкі захворвання на адзёр, краснуху, дыфтэрыю, слупняк, эпідэмічны паратыт, вострыя вірусныя гепатыты. Ніжэй эпідэмічнага парога захваральнасць на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Гэта дасягнута дзякуючы высокаму ахопу насельніцтва раёна прафілактычнымі прышчэпкамі. Але многія пачалі адмаўляцца ад іх правядзення. На 1 ліпеня сёлетняга года зарэгістравана 98 адмоў ад вакцынацыі дзяцей супраць адзёру, ці 1,8 % ад насельніцтва да 18 гадоў (сярэднеабласны – 0,9 %)”.
Надзея Палінараўна ў сваім выступленні спынілася таксама на той рабоце, якая праводзіцца па прафілактыцы грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый, шаленства. Яшчэ яна расказала пра сітуацыю ў раёне па захваральнасці на сухоты. У прыватнасці, адзначыла, што за 2015 год зарэгістравана 8 выпадкаў захворванняў на актыўныя сухоты, а ў 2014-ым было 6. Праз гэтае захворванне ў папярэднія два гады два чалавекі памерлі, а сёлета – ужо тры. На 1 верасня ў раёне адзначаецца восем выпадкаў з дыягназам “сухоты”. Усе кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, самі работнікі павінны адказна адносіцца да штогодняга праходжання рэнтгена-флюараграфічнага абследавання з мэтай выяўлення захворвання на сухоты. Санэпідэмслужбай было адхілена ад працы для праходжвання РФА ў 2014 годзе 60 чалавек, а ў 2015-ым – 55, сёлета – 64. Паводле планавых і пазапланавых праверак летась да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні тэрмінаў РФА былі прыцягнуты пяць кіруючых асобаў, сёлета ўжо сем.
Выступоўца адзначыла, што адным з прыярытэтных накірункаў у рабоце лячэбна-прафілактычнай і санітарна-эпідэміялагічнай службы з’яўляецца арганізацыя і правядзенне сістэмнай прэвентыўнай работы, накіраванай на папярэджанне ўзнікнення і распаўсюджвання захворванняў на вострыя кішэчныя інфекцыі, сальманелёз. Сёлета па выніках васьмі месяцаў эпідсітуацыя на сальманелёз сярод жабінкаўцаў характарызуецца як стабільная, па захваральнасці на ВКІ – як няўстойлівая.
І ў заключэнне свайго выступлення Надзея Палінараўна спынілася на рабоце ў фарміраванні здаровага ладу жыцця.
“ПРЫЯРЫТЭТНЫМ НАКІРУНКАМ у нашай працы з’яўляецца ахова дзяцінства і мацярынства, – падкрэсліла, выступаючы на сесіі, Наталля Бялых. – За шэсць месяцаў на Жабінкаўшчыне нарадзілася 149 дзяцей, за аналагічны перыяд летась 135. Назіраецца рост нараджальнасці. За восем месяцаў сёлета на свет з’явіліся 210 хлопчыкаў і дзяўчынак, у той час як за аналагічны перыяд летась 194. Палепшылася якасць медыцынскіх аглядаў дзетак у сувязі з тым, што яны праводзяцца на базе УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” з захаваннем тэрмінаў і абследавання малых, агавораных у загадзе УАЗ
№ 103 ад 14.10.2008 г.
Паказчык агульнай захваральнасці дзіцячага насельніцтва раёна мае хвалепадобны характар з тэндэнцыяй да зніжэння на працягу апошніх пяці гадоў. Ніжэй сярэднеабласных паказчыкі па класе новаўтварэнняў органаў дыхання і стрававання, эндакрыннай сістэмы, хвароб вуха, скуры, касцёва-мышачнай сістэмы. Але вышэй за абласныя паказчыкі па класе хвароб крыві, нервовай сістэмы, кровазвароту і палавой сістэмы. Паказчык пярвічнай захваральнасці значна ніжэй за сярэднеабласны ва ўсіх узроставых групах.
Наталля Мікалаеўна падрабязна расказала, як аздараўліваюцца дзеці ў летніках, санаторыях, як медыкі праводзяць работу па выяўленні хлопчыкаў і дзяўчынак, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і арганізуюць пастаяннае назіранне за імі.
“НА ТЭРЫТОРЫІ Ленінскага сельсавета, – зазначыў на сесіі Юрый Кадоліч, – размешчана Ленінская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. Пасля капітальнага рамонту тут працуюць кабінеты прыёму здаровага дзіцяці і прышчэпачны, стацыянар дзённага знаходжання, абсталяваны пакой для захоўвання псіхатропных сродкаў, працуе імпартная стаматалагічная ўстаноўка, апараты для фізіятэрапеўтычнага лячэння і вымярэння ўнутрывочнага ціску, абсталяванне для стэрылізацыі медыцынскіх інструментаў. У сярэдзіне 2013 года набыты камп’ютар і ўстаноўлена аўтаматызаваная праграма “МІС-Лекар”, што дазваляе значна спрасціць і сістэматызаваць працу персаналу амбулаторыі. Сярод пацыентаў ёсць інваліды І, ІІ і ІІІ груп. Усім ім патрэбна актыўнае назіранне дома (агляд урачамі і прызначэнне лячэння; выкананне маніпуляцый: ін’екцый, перавязак, ЭКГ-даследаванняў, забор крыві для лабараторных аналізаў). Ёсць, вядома, і праблемы. Транспарт, які мае амбулаторыя, больш рамантуецца, чым працуе. А паколькі пажылыя людзі, як і маленькія дзеці, маюць патрэбу ў актыўным назіранні дома, і ўлічваючы раскіданасць участка, то ўзнікаюць значныя цяжкасці ў аказанні медыцынскай дапамогі. Думаецца, што для паляпшэння работы з асобамі пажылога ўзросту неабходна актывізаваць працу дома з падключэннем сярэдняга медыцынскага персаналу (фельчара і ўчастковых медыцынскіх сясцёр) і пастаянна працаваць у цесным кантакце з сацыяльнымі работнікамі. Неабходна даўкамплектаваць амбулаторыю медыцынскім абсталяваннем (апаратамі ЭКГ і для вызначэння МНО, халестэрыну, афтальмаскопам)”.
Сесія райсавета разгледзела таксама ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у рашэнне Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2015 года № 50;
парадак змянення устаноўленага заканадаўствам тэрміну аплаты падаткаў, збораў (пошлін), пеняў; пытанне аб прадастаўленні льгот і аб накіраванні сродкаў ад адчужэння маёмасці. Па гэтых пытаннях выступілі начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Святлана Плавух і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Грыгарчук.
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro