У першую чаргу прапагандуюць раёнку

У першую чаргу прапагандуюць раёнку

IMG_9249

Аддзяленне паштовай сувязі вёскі Старое Сяло абслугоўвае адзін населены пункт – прыблізна 360 чалавек. Нягледзячы на тое, што калектыў складаецца ўсяго з двух чалавек: начальніка, які ў адной асобе і кіраўнік, і паштальён, і другога паштальёна, аддзяленне сувязі ў Старым Сяле – адно з лепшых па афармленні падпіскі на газеты. Начальнік Алена Мікалаеўна Калюшык разам з паштальёнам Галінай Фёдараўнай Сахарчук ажыццяўляюць яе і ўвечары, у нерабочы час, калі вяскоўцы прыходзяць з працы дадому. Угаворваюць, пераконваюць людзей, прапагандуюць выданні і ў першую чаргу – раёнку.
Нам, супрацоўнікам “Сельскай праўды”, было прыемна даведацца, што колькасць жыхароў Старога Сяла, якія падпісаліся на раённую газету сёлета на другое паўгоддзе, павялічылася на 12 чалавек (з 59 да 71) у параўнанні з першымі шасцю месяцамі. Разумеючы, што гэта заслуга начальніка аддзялення сувязі і мясцовага паштальёна, завіталі да іх у госці напярэдадні Сусветнага дня пошты.
Нас ветліва сустрэла “гаспадыня” аддзялення Алена Мікалаеўна Калюшык. У 2017-ым яна адзначыць 20-годдзе працоўнай дзейнасці начальнікам паштовага аддзялення ў Старым Сяле. У размове Алена Мікалаеўна ўзгадала: калі прыйшла на гэтую пасаду ў канцы 90-ых, камп’ютараў не было, усё адлюстроўвалася на папяровых носьбітах, вяліся вялікія дзённікі – на ўвесь стол, потым з’явіліся касавыя апараты “Меркурый”, а з цягам часу – камп’ютары.
– Працаваць на ім навучылася за адзін дзень, – прыгадвае Алена Калюшык. – Трэба ж ісці ў нагу з часам.
Сёння на паштовым аддзяленні ў Старым Сяле карыстаюцца папулярнасцю паслугі лінейкі “Камфорт”, рэалізуюцца канверты 1-га класа.
Вяскоўцы з задавальненнем затаварваюцца на пошце неабходнымі прадуктамі, канцылярскімі прыладамі, пасцельнай бялізнай, коўдрамі, бытавой хіміяй, цыгарэтамі, адзначаючы пры гэтым, што кошты на некаторыя тавары тут нават ніжэйшыя, чым у крамах.
Пакуль размаўляем, аддзяленне напаўняецца наведвальнікамі: хто па пенсію прыйшоў, хто па цыгарэты, хто на тэлефон грошы пакласці.
Жыхаркі Старога Сяла Алена Іванаўна Зінкевіч і Ганна Сямёнаўна Козіч наведваюцца на пошту часта і задаволены абслугоўваннем.
– Нам Алена Мікалаеўна ўсё патлумачыць, дапаможа аформіць патрэбныя паперы, пакажа і раскажа, – дзеліцца Алена Зінкевіч. – Яна ветлівая, заўсёды ў добрым настроі, з усмешкай на твары. Асабліва яе любяць старасельскія бабулі, бо Алена Мікалаеўна не толькі пенсію прынясе, але і выслухае, і паспагадае. Ведаеце, калі яна хварэла летась мо з ты-дзень, нам яе вельмі не хапала, мы дачакацца не маглі выхаду любімай Алены Мікалаеўны. Дай Бог ёй здароўя на доўгія гады!
Начальнік Старасельскага аддзялення паштовай сувязі любіць сваю работу, умее працаваць з людзьмі. За добрасумленную працу неаднойчы ўзнагароджвалася граматамі Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта”. Вырасціла разам з мужам Васілём Мікалаевічам дваіх дзяцей, сын і дачка ўжо дарослыя, Хрысціна трэцяга верасня выйшла замуж. “Па жыцці – подбегам” – такі дэвіз Алены Калюшык, якая паспявае і на працы зрабіць усё “на выдатна”, і ў хаце, і на падворку, і ў агародзе, і па гаспадарцы.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: начальнік аддзялення паштовай сувязі вёскі Старое Сяло Алена Мікалаеўна КАЛЮШЫК.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro