Яднае любоў да музыкі і шчырае сяброўства

Яднае любоў да музыкі і шчырае сяброўства

IMG_9642

У кожнага чалавека ёсць свая запаветная мара, а каб яна збылася, трэба прыкладваць не толькі намаганні, але і мець вялікае жаданне. Аб стварэнні казацкага калектыву марыў берасцеец Аляксандр Чарнушыч – тагачасны студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, які вучыўся па спецыяльнасці “народная творчасць (харавая музыка народная)”. Да слова, у хлопца за плячыма ўжо былі музычная школа і Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы, дзе ён асвойваў ігру на баяне і вучыўся майстэрству дырыжора народнага хору.
На чацвёртым курсе ўніверсітэта Аляксандр стварыў з ліку студэнтаў-аднадумцаў свой першы казацкі калектыў, які складаўся з пяці ўдзельнікаў: трох хлопцаў-спевакоў і двух танцораў. Праз год у іх былі свае касцюмы, адметны рэпертуар і прыхільнікі. На жаль, калектыў праіснаваў нядоўга, пасля заканчэння вучобы яго ўдзельнікі паводле размеркавання разляцеліся па ўсёй краіне, Аляксандр трапіў у Жабінку. У клубе цукровага завода малады спецыяліст атрымаў пасаду хормайстра. Думка стварыць і тут, на новым месцы, казацкі калектыў не пакідала яго, тым больш, што яе падтрымлівалі і адміністрацыя прадпрыемства, і дырэкцыя клуба. З ліку цукравікоў і работнікаў культуры ў кастрычніку 2012 года быў створаны ансамбль народнай песні “Раздолле”, яго музычным кіраўніком і ідэйным натхняльнікам стаў Аляксандр Чарнушыч. У аснове рэпертуару калектыву былі казацкія песні. Мужчынскую палову ансамбля склалі Эдуард Войцік, Ілля Крывец, Аляксандр Папко, жаночую – Марыя Маісеенка (Сянішына), Вольга Барма (Крупко) і Кацярына Кішкун (Замахіна).
Першае выступленне “Раздолля” адбылося на Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Яно стала сапраўдным упрыгажэннем святочнага канцэрта і прыемным сюрпрызам для ўсіх прысутных. У выкананні калектыву прагучалі “Многая лета” і “Ехаў казак з Дону”. З таго часу “Раздолле” можна было пачуць на раённых святах і мерапрыемствах, “жабінкаўскіх казакоў” сталі запрашаць выступіць перад адпачываючымі санаторыя “Надзея”, калектывамі ААТ “Белавежскі” і ААТ “Савушкавы прадукт”.
Праз год у складзе ансамбля адбыліся пэўныя змены: цяпер жаночая палова адсутнічала, пакінуў “Раздолле” і Аляксандр Папко, які паехаў у сталіцу, а ў калектыў уліўся Мікалай Новік. У такім складзе яны выступілі на 50-годдзі цукровага завода. Разам з казакамі зала падпявала “Вялікае свята” і “Эх, душа казака” і не шкадавала апладысментаў. Своеасаблівай візітоўкай “Раздолля” ў гэты перыяд стала песня “На гары стаяў казак”. Але не могуць сапраўдныя казакі без казачак! З 2014 года ў калектыў прыйшлі Наталля Шпілько, Алена Тумік (Бойка), Юлія Петрыенка, Любоў Другак, Дар’я Куцын (Дзіўнова). І зноў “Раздолле” радуе гледачоў заліхвацкімі песнямі са сцэны ГДК, выступае перад калектывам прадпрыемства “Мазырсоль”.
Частая змена ўдзельнікаў ансамбля (я маю на ўвазе прыгожай яе паловы) дыктавалася тым, што дзяўчаты мянялі свой статус: выходзілі замуж, нараджалі дзяцей. Са студзеня 2016-га “Раздолле” – гэта Аляксандр Чарнушыч, Мікалай Новік, Эдуард Войцік, Ілля Крывец, Аляксей Войнаш, Марыя Сянішына, Любоў Другак і Дар’я Дзіўнова. Цяпер свае выступленні “казакі” пачынаюць з уласнай песні – “Прывітальнай”. Яе аўтары – Аляксандр Чарнушыч і Вольга Гардзейчык. У праграме калектыву казацкія, беларускія і ўкраінскія песні, якія выконваюцца двух- і трохгалоссем. У планах дадаць у рэпертуар і цыганскія творы.
Тыя, хто хоць раз пабываў на выступленні “Раздолля”, не маглі не заўважыць іх прыгожыя сцэнічныя касцюмы. За іх набыццё, а таксама за паразуменне, усебаковую дапамогу і падтрымку калектыў удзячны генеральнаму дырэктару Жабінкаўскага цукровага завода Віктару Міронаву, яго намесніку па ідэалагічнай рабоце, сацыяльных пытаннях і чыгуначным транспарце Аляксандру Еўтуховічу, старшыні прафкама прадпрыемства Ірыне Якубук, загадчыку клуба ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Вользе Ірзун.
Ансамбль народнай песні “Раздолле” – малады калектыў, але за час свайго існавання займеў нямала ўзнагарод розных конкурсаў і фестываляў: дыплом ІІ ступені ў міжрэгіянальным фестывалі-конкурсе “Млын ідэй”, дыплом ІІІ ступені ў аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод арганізацый, якія ўваходзяць у склад Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці, дыплом удзельнікаў абласнога тура ХІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур” за папулярызацыю нацыянальнага мастацтва. Сёлета “Раздолле” – пераможца раённага этапа Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі – 2016”.
Канечне, у гэтым заслуга ўсяго ансамбля, але найперш яго кіраўніка – Аляксандра Чарнушыча, які, па словах астатніх удзельнікаў, настолькі захоплены сваёй справай, што гэта перадаецца і тым, хто побач. Таму, напэўна, нездарма Аляксандр быў летась пераможцам раённага конкурсу “Малады чалавек года” ў галіне сацыяльнай сферы (медыцына, адукацыя, культура, спорт).
Калектыў яднае не толькі творчасць, любоў да музыкі, але і шчырае сяброўства, узаемападтрымка.
Алёна НІКАНЧУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*