Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28-30 верасня знаходзіўся з дзяржаўным візітам у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Па праграме візіту адбыліся перагаворы кіраўніка беларускай дзяржавы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Па іх выніках падпісана каля 30 міжнародных дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах.
Аляксандр Лукашэнка ў Пекіне таксама правёў сустрэчы з прэм’ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам, старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам і старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам.
Прэзідэнт Беларусі наведаў Пекінскі ўніверсітэт.
Беларусь і Кітай дасягнулі
самых даверных адносін
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 верасня ў Пекіне на сустрэчы са старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам. Ён адзначыў, што ў Беларусі цэняць высокі ўзровень супрацоўніцтва з Кітаем, і запэўніў у тым, што ў асобе Беларусі кітайскі бок заўсёды зможа знайсці самага надзейнага сябра і партнёра.
У сваю чаргу Юй Чжэншэн адзначыў, што дзякуючы дружалюбнаму стаўленню беларускага лідара да Кітая ўносіцца вялікі ўклад у развіццё двухбаковых адносін і шматпланавага супрацоўніцтва.
Юй Чжэншэн таксама выказаў упэўненасць, што дзяржаўны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў КНР надасць магутны імпульс далейшаму развіццю кітайска-беларускага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.
Кітай можа разлічваць на Беларусь
у пашырэнні сваіх інтарэсаў у Еўропе
Аб гэтым заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў Пекіне на сустрэчы са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь і Кітай дасягнулі самага высокага ўзроўню супрацоўніцтва. Ён канстатаваў адсутнасць якіх-небудзь праблем у палітычным супрацоўніцтве, а таксама наяўнасць добрых адносін як на ўзроўні лідараў дзвюх краін, так і асобных міністэрстваў і ведамстваў.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ўжо вельмі даўно пазнаёміўся з Кітаем і добра ведае гэту краіну. «За апошнія гады вы зрабілі велізарны рывок у сваім развіцці», – сказаў ён.
У сваю чаргу Чжан Дэцзян падкрэсліў вялікі асабісты ўклад лідара Беларусі ў развіццё кітайска-беларускіх адносін. «Кітайскі бок разглядае вас у якасці блізкага сябра, і мы гатовы прыкладаць дадатковыя намаганні па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва», – сказаў ён.
Пасля завяршэння афіцыйных перагавораў у пашыраным фармаце кіраўнікі дзяржаў даволі працяглы час размаўлялі ў фармаце сам-насам.
Як паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара, на перагаворах абодвума бакамі адзначаўся беспрэцэдэнтна высокі ўзровень адносін, дасягнутых паміж Беларуссю і Кітаем. Тым не менш адзначана, што шмат яшчэ трэба будзе зрабіць.
Сярод іншых тэм Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін абмеркавалі важнасць развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, патэнцыял якога неабходна найбольш актыўна выкарыстоўваць. Менавіта трывалыя рэгіянальныя сувязі садзейнічаюць умацаванню ўзаемаадносін паміж дзяржавамі.
Размова на перагаворах таксама ішла аб узаемадзеянні ў гуманітарнай сферы і турызме. Адзначана неабходнасць зрабіць Шаўковы шлях дарогай з больш інтэнсіўным рухам, узмацняць узаемную падтрымку. Старшыня КНР прапанаваў захаваць дынаміку адносін і сустрэч на вышэйшым і высокім узроўнях.
Адносіны Кітая і Беларусі
ўзнімаюцца на новы ўзровень
Так у Пекіне на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін. «Мы вывелі двухбаковыя адносіны і шматпланавае супрацоўніцтва на траекторыю паскоранага развіцця, – сказаў Сі Цзіньпін. – Ваш візіт праходзіць у вельмі важны момант, калі мы падводзім вынікі кітайска-беларускіх адносін. Кітай і Беларусь – сапраўдныя сябры і самыя шчырыя партнёры. Дзякуючы агульным намаганням кітайска-беларускія адносіны дынамічна развіваюцца і ўзнімаюцца на новы ўзровень, умацоўваюцца ўзаемадавер, практычнае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах.
Ён таксама адзначыў, што бакі ажыццяўляюць эфектыўнае ўзаемадзеянне і каардынацыю падыходаў па пытаннях міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня.
«Вельмі рады бачыць, што дасягнутыя намі дамоўленасці эфектыўна рэалізуюцца. Мы гатовы разам з вамі займацца адзіным планаваннем далейшага развіцця двухбаковых адносін, каб надаць ім новы імпульс на карысць нашых народаў», – падкрэсліў Старшыня КНР.
Сі Цзіньпін таксама адзначыў асабісты ўклад Прэзідэнта Беларусі ў развіццё двухбаковага супрацоўніцтва. «Вы – вялікі сябар кітайскага народа. Я высока ацэньваю ваш вялікі ўклад у развіццё кітайска-беларускіх адносін», – сказаў ён.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзіньпін па выніках афіцыйных перагавораў у Пекіне падпісалі сумесную дэкларацыю Беларусі і КНР аб устанаўленні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
«Дзякуючы сумесным мэтанакіраваным намаганням кантакты на высокім узроўні, палітычны ўзаемадавер і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва дзвюх краін узняліся на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень, адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем перайшлі на новы этап. Кіруючыся прынцыпамі ўзаемнай павагі, узаемавыгаднага супрацоўніцтва і шматвяковай дружбы, бакі будуць бесперапынна паглыбляць палітычны ўзаемадавер і супрацоўніцтва ў розных галінах, нарошчваць кантакты паміж народамі і гуманітарныя абмены, узбагачаць складнік беларуска-кітайскіх адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства, развіваць «усепагодную дружбу», ствараць супольнасць агульных інтарэсаў і супольнасць адзінага лёсу», – гаворыцца ў дэкларацыі.
Беларусь зацвердзіла прыхільнасць да прынцыпу «аднаго Кітая». А кітайскі бок падтрымаў намаганні Беларусі, нацэленыя на забеспячэнне сацыяльна-палітычнай стабільнасці і эканамічнага развіцця, выступіў супраць знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі пад любой маркай і заявіў аб прызнанні важнай ролі беларускага боку ва ўмацаванні рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці.
Узровень усебаковага стратэгічнага партнёрства ў Кітая ўстаноўлены прыкладна з двума дзясяткамі краін. Да гэтага часу ў гэтай групе знаходзілася і Беларусь. Яшчэ больш высокі, асаблівы ўзровень адносін існуе толькі з невялікай колькасцю дзяржаў. Эксперты адносяць да іх ліку Вялікабрытанію, Расію і Пакістан. Цяпер якасна новы партнёрскі статус набылі і беларуска-кітайскія адносіны.
Беларусь будзе ўдзельнічаць у стварэнні Інфармацыйнага пояса Шаўковага шляху
Беларусь мае намер пачаць удзел у стварэнні Інфармацыйнага пояса Шаўковага шляху, што дасць магчымасць забяспечыць адзіны падыход да ўзаемадзеяння з КНР, прымаючы пад увагу агульнасусветную тэндэнцыю да глабалізацыі інфармацыйнай прасторы. Гэта замацавана ў сумеснай дэкларацыі, падпісанай Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам па выніках афіцыйных перагавораў у Пекіне.
Бакі маюць намер сумесна выкарыстоўваць беларускія цэнтры апрацоўкі дадзеных, што ствараюцца ў тым ліку з удзелам кітайскіх кампаній.
Беларусь і Кітай заявілі аб намеры сумесна развіваць будаўніцтва «Аднаго пояса, аднаго шляху», умацоўваць спалучэнне гэтай ініцыятывы са стратэгіяй развіцця Беларусі, паглыбляць двухбаковае супрацоўніцтва ў інфраструктурнай, транспартна-лагістычнай, інфармацыйна-тэлекамунікацыйнай і іншых практычных галінах, сумесна забяспечваць бяспечную і паспяховую рэалізацыю агульных праектаў у інтарэсах далейшага павышэння ўзроўню ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Беларускі бок таксама выказаў зацікаўленасць у нарошчванні ўзаемадзеяння з Кітаем у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, у садзейнічанні супрацоўніцтву па спалучэнні будаўніцтва «Аднаго пояса, аднаго шляху» з будаўніцтвам ЕАЭС, а таксама ва ўмацаванні ўзаемадзеяння ў рамках рэгіянальнага эканамічнага супрацоўніцтва ШАС у інтарэсах яе шматузроўневага развіцця.
Беларусь і Кітай у эканамічным супрацоўніцтве маюць намер фарміраваць архітэктуру ўзаемнай выгады
Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі, падпісанай Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам па выніках афіцыйных перагавораў у Пекіне. Бакі таксама гатовы пры выкананні рыначных правіл пашыраць гандаль і вытворчасць прадукцыі машынабудавання, высокіх і новых тэхналогій, электронікі, сельскагаспадарчых прадуктаў, хімічных, тэкстыльных і іншых канкурэнтаздольных тавараў, разам спрашчаць умовы ўзаемнага гандлю, разглядаць такія новыя формы вядзення гандлю, як электронны бізнес, садзейнічаць сінхроннаму росту аб’ёму і ўзроўню двухбаковага гандлю.
Заяўлена таксама аб гатоўнасці развіваць супрацоўніцтва ў сферы вытворчага патэнцыялу, якое дасць магчымасць адкрыць новыя перспектывы для ўзаемадзеяння, прыцягнення буйных кітайскіх кампаній у праекты па развіцці кааперацыі і ўваходжанні ў акцыянерны капітал беларускіх прадпрыемстваў.
Беларусь і Кітай дамовіліся ўмацоўваць інвестыцыйнае і тэхніка-эканамічнае супрацоўніцтва ў галіне будаўніцтва інфраструктуры, машынабудавання, зборкі аўтамабіляў, сельскагаспадарчай вытворчасці, энергетыкі, электраэнергіі, асваення і глыбокай апрацоўкі карысных выкапняў, біяфармацэўтыкі, нерухомай маёмасці, цэлюлозна-папяровай прамысловасці і іншых сферах.
Бакі маюць намер у далейшым удасканальваць сістэму функцыянавання і кіравання Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, забяспечаць спрыяльны палітычны і інвестыцыйны клімат. Пры гэтым Кітай гатовы прадаўжаць аказваць падтрымку буйным вытворчым і высокатэхналагічным кітайскім прадпрыемствам па ўваходжанні ў Кітайска-беларускі індустрыяльны парк у якасці рэзідэнтаў, заахвочваць інвесціраванне кітайскіх кампаній у інавацыйныя праекты і стварэнне ў індустрыяльным парку новых высокатэхналагічных прадпрыемстваў.
У дэкларацыі заяўлена таксама аб зацікаўленасці ў актывізацыі разлікаў у нацыянальных валютах у двухбаковым гандлі і інвестыцыйным супрацоўніцтве.
У цэлым у дакуменце адлюстраваны намеры развіваць беларуска-кітайскае супрацоўніцтва па самым шырокім спектры напрамкаў – ад адукацыі і турызму да міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, лагістыкі і авіязносін. Асобнае адлюстраванне ў дакуменце знайшлі палажэнні аб сумесным процістаянні розным відам злачыннасці, узаемадзеянні ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
Беларусь і Кітай заключылі пакет пагадненняў і мемарандумаў
аб супрацоўніцтве ў розных сферах
Адпаведныя дакументы падпісаны 29 верасня ў Пекіне ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна.
Пасля афіцыйных перагавораў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Старшыню Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна ордэнам «За ўмацаванне міру і дружбы».
Прэзідэнт Беларусі і прэм’ер Дзяржсавета КНР правялі перагаворы ў Пекіне
30 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэм’ер Дзяржаўнага савета Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Кэцян правялі перагаворы ў Пекіне.
У пачатку сустрэчы кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ўжо на працягу двух з палавінай дзясяткаў гадоў цікавіцца вопытам развіцця Кітая, і яго знаёмства з гэтай краінай пачалося яшчэ да выбрання Прэзідэнтам. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, з’яўляючыся дэпутатам, прапаноўваў выкарыстоўваць кітайскі вопыт у развіцці Беларусі, не разбураючы існуючую тады сістэму і дзяржаўны лад. «Але ў нас тады вельмі шмат было лібералаў, якія выбралі заходні шлях развіцця», – адзначыў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, нягледзячы на гэта, прадаўжаў вывучаць кітайскі вопыт. «Я прыязджаў да вас, бываў у гарадах, вывучаў функцыянаванне свабодных эканамічных зон, бываў у вашых вёсках. Я вельмі добра ведаю агульны напрамак станаўлення і развіцця гэтай цудоўнай і старажытнай дзяржавы, – сказаў Прэзідэнт. – Інтуітыўна яшчэ тады – да свайго прэзідэнцтва – я зразумеў, што будучае нашай планеты за Кітаем. Як бачыце, я не памыліўся».
У сваю чаргу Лі Кэцян выказаў упэўненасць, што дзяржвізіт Аляксандра Лукашэнкі надасць дадатковы магутны імпульс далейшаму развіццю кітайска-беларускіх адносін.
Кітай з’яўляецца адной з апор шматпалярнасці і ўстойлівасці ў свеце
Так заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад студэнтамі Пекінскага ўніверсітэта.
Ён падкрэсліў, што Беларусь цвёрда прытрымліваецца шматвектарнай знешняй палітыкі, развівае адносіны з усімі без выключэння рэгіёнамі свету, з усімі дзяржавамі. «Гэта наш шлях адаптацыі і гарманічнага ўбудоўвання ў імкліва зменлівы глабальны свет. Мы заклікаем да дыялогу, пазбаўленага націску і прымушэння. Паколькі кожная краіна, кожны суб’ект міжнародных адносін адказны за тое, каб наш свет у цэлым стаў больш стабільным, камфортным і бяспечным для людзей», – адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама дадаў, што Беларусь выступае за бясспрэчнае вяршэнства права ў міжнародных адносінах, на якім павінна грунтавацца сучаснае справядлівае і шматпалярнае светаўладкаванне.
Беларусь змагла стаць востравам стабільнасці ў рэгіёне
«Гістарычна склалася, што праз нашы землі ў цэнтры Еўропы шмат стагоддзяў праходзіць так званая лінія сутыкнення інтарэсаў буйнейшых дзяржаў, якую шэраг даследчыкаў называюць лініяй сутыкнення цывілізацый. Не прэтэндуючы на глабальныя геапалітычныя амбіцыі, мы змаглі стварыць востраў стабільнасці ў нашым рэгіёне, сфарміраваўшы дружалюбныя і ў дастатковай ступені даверныя адносіны з усімі нашымі суседзямі: Расіяй, Еўрапейскім саюзам, Украінай», – заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка лічыць гэта цалкам натуральным для Беларусі, тэрыторыя якой спрадвеку была скрыжаваннем, дзе ў літаральным сэнсе сустракаліся Усход і Захад, Поўнач і Поўдзень.
Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь – дзяржава, якая падпарадкавала сваю знешнюю палітыку прагматычным і зразумелым мэтам, галоўнымі з якіх, безумоўна, з’яўляюцца павышэнне дабрабыту і ўзроўню жыцця народа, а таксама забеспячэнне бяспекі ў краіне і добрасуседства на граніцах.
БелТА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.