Водар свежага хлеба і ўзаранай раллі

Водар свежага хлеба і ўзаранай раллі

пахарь2

Восень, як і вясна, напружаны час для хлебаробаў. Не паспелі яшчэ як след сабраць і закласці дарункі палёў, як ужо клапоцяцца аб закладцы асновы ўраджаю будучага года. Там, дзе зусім нядаўна шапацела калоссем збожжа, наліваліся сокам салодкія караняплоды і зелянела кукуруза, ужо натужна гудуць магутныя энерганасычаныя трактары, што займаюцца ворывам, сеюць азімыя культуры.
У ААТ “Ракітніца” падрыхтоўкай глебы пад ураджай 2017 года займаюцца двое вопытных аратых – Яўген Стальмашук і Валерый Астапук. Ім неабходна ўзараць 1190 гектараў глебы. На рахунку механізатараў – звыш 800 гектараў (на 30 верасня), што складае больш як 62 % да плана. За дзень механізатары паспяваюць узараць каля 35 гектараў. Ім наўздагон па свежай раллі ідуць трактары з сеялкамі. У гаспадарцы пасеялі ўжо азімыя трыцікале і рапс. А гэта без малога 600 гектараў плошчаў. На падыходзе – азімыя пшаніца і жыта.
– З усіх палявых работ я люблю займацца менавіта ворывам, – пад час кароценькага “перакуру” гаворыць Яўген. – Я сею, кашу травы і ўбіраю кукурузу, салому. За 11 гадоў працы ў сельгас-арганізацыі многаму навучыўся, да ўсяго прызвычаіўся. Мой бацька трактарыстам рупіўся, і я, калі правы ў ВВК атрымаў, доўга не раздумваў – душа да тэхнікі ляжала.
Пачынаў, бадай, як і ўсе маладыя механізатары, на МТЗ-80-2. Калі паднабраўся вопыту і спрыту, гаспадарка выдзеліла для работы чарговага “жалезнага каня” – трактар 12-21. Увішны, кемлівы Яўген працаваць у гаспадарцы пачаў, нават паўналецця не адзначыўшы, але хутка зарэка-мендаваў сябе як адказны механізатар, які можа і ўмее рупіцца да апоўначы, не лянуецца, ашчадна адно-сіцца да тэхнікі. З цягам часу ягоную “дванаццатку” змяніў энерга-насычаны сабрат – трактар 30-22 DC. А апошнім часам Яўгену падуладны галоўны асілак “Джон Дзір”.
– На такім араць – любата, – гаворыць механізатар. – Камфортныя ўмовы ў кабіне і ў кіраванні паслухмяны. Не аднойчы ў палях на ім працую да апоўначы. Калі над вёскай згушчаецца цемра, а ў вокнах суседзяў гасне светло, вяртаюся з поля. Некалькі гадзін адпачынку – і зноў за руль. Добра яшчэ – у “Джон Дзіры” зручнае крэсла, і не так адчуваю боль у спіне, які “зарабіў” за гады працы. Я па жыцці – працаголік і без тэхнікі сваё жыццё не ўяўляю… Менавіта тут, на полі, хораша думаецца. А калі ў руках трымаеш лусту свежага хлеба і разумееш, што твой унёсак у яго таксама ёсць – гэта не перадаць словамі. На трактары я – з ранку да ночы. Таму зімой, да вясны, нават крыху сумую па свежаўзаранай раллі.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: араты ААТ “Ракітніца” Яўген СтАльмашук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro