І ўспамінае ўзрост свой

І ўспамінае ўзрост свой

resize

1 кастрычніка наша краіна адзначае Дзень пажылых людзей. Пад час яго мы ўсведамляем уклад старэйшага пакалення ў развіццё грамадства і краіны ў цэлым. А яшчэ людзі з чулымі сэрцамі звяртаюць увагу на іх праблемы, робяць усё для таго, каб іх жыццё было не толькі доўгім, але і здаровым, якасным, паўнавартасным і радасным.
У нашай краіне людзі пажылага ўзросту атулены ўвагай, клопатам і павагай. Наладжаны кантакты паміж сталым і маладым пакаленнямі, забяспечаны жыллём, карыстаюцца паслугамі аховы здароўя, іншымі сацыяльнымі дабротамі і льготамі, ім выплачваюцца пенсіі. Вельмі многія пажылыя людзі з поспехам і прадукцыйна працягваюць працаваць на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, удзельнічаюць у грамадскім жыцці.
На Жабін-каўшчыне пражывае больш як 6 тысяч пажылых людзей, у тым ліку 426 адзінокіх, 66 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць у нас і старажылы. Стогадовы рубеж перакрочылі два чалавекі. Старэйшына нашага раёна Алена Якаўлеўна Панфілюк са Шчэглікаў адсвяткавала сёлета свой 103-ці дзень нараджэння, а Варвара Рыгораўна Кулік з Жабінкі – стагоддзе.
Сацыяльная абарона для лю-дзей шаноўнага ўзросту стала канкрэтнай і адраснай. Таму падтрымка малазабяспечаных людзей і старэйшага пакалення, ветэранаў вайны і інвалідаў заўсёды застаецца адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут аказваюць сацыяльныя, псіхалагічныя, бытавыя паслугі неабароненай катэгорыі насельніцтва.
Рознымі відамі падтрымкі работнікаў цэнтра карыстаюцца 1341 чалавек. Матэрыяльную дапамогу атрымалі сёлета 75, гуманітарную рэчавую – 47, выдадзены тэхнічныя сродкі рэабілітацыі – 23, аказаны транспартныя паслугі “сацыяльнае таксі” – 17, платныя разавыя паслугі – 210 пажылым. Поўным спектрам сацыяльна-бытавых паслуг карыстаецца 235 пенсіянераў, яны знаходзяцца на надомным абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі.
Асаблівая ўвага надаецца рабоце з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Паводле рашэння Жабінкаўскага райвыканкама дзесяць чалавек абслугоўваюцца нашымі работнікамі дома бяс-платна.
Дзяржава многае робіць для таго, каб забяспечыць дастойнае жыццё пажылых людзей. Рэгулярна павышаецца памер пенсій, ёсць сацыяльныя гарантыі для іх. Але не ўсё залежыць ад намаганняў кіраўніцтва краіны і ад таго, што і хто атуляе састарэлага чалавека. Вельмі важным з’яўляюцца адносіны самога чалавека да свайго ўзросту. Сёння на якасць і працягласць жыцця такіх уплываюць не столькі экалогія, здаровы лад жыцця, правільнае харчаванне, дапамога, колькі адносіны блізкіх да чалавека сталага веку і моц сямейных сувязяў. Клопат пра сваіх пажылых бацькоў – абавязковая ўмова, каб лічыцца паўнавартасным членам грамадства. Вельмі важна, каб сям’я, блізкія, родзічы, якімі так ганарацца людзі шаноўнага ўзросту, дарылі ім сваю ўвагу, клопат і міласэрнасць.
Калі мы маладыя, то рэдка задумваемся над тым, што рана ці позна састарымся. Гэтая пара нам здаецца вельмі далёкай і нават недасягальнай, думаецца што мы заўсёды будзем маладымі. Але жыццё бяжыць вельмі хутка. І нечакана заўважаем, што ўжо самі сталі дзядулямі і бабулямі.
Выхад на пенсію – своеасаблівы стрэс для чалавека. Менавіта з гэтага часу яго жыццё кардынальна мяняецца. Спыняецца працоўная дзейнасць і магчымасцяў самарэалізавацца робіцца ўсё менш і менш. Але нават у пажылым узросце людзі здольныя жыць паўнавартасна. І ні ў якім выпадку нельга прыслухоўвацца да тых, хто гаворыць, што “час ужо ўпушчаны”, “не рабіце таго, гэтага, няхай маладыя гэтым займаюцца”, “паберажыце сябе”, “вам гэта шкодна” – толькі ад нас саміх, ад нашых установак і жадання залежыць тое, калі прыйдзе старасць. Толькі агульнымі намаганнямі мы можам забяспечыць, каб людзі пажылага ўзросту не толькі жылі даўжэй, але і каб жыццё іх было больш разнастайным, прыносіла ім задавальненне і карысць.
Пажылы чалавек клапоціцца пра ўнукаў, уласнае здароўе, працуе на агародзе, даглядае любімых жывёл. Як мала яму трэба, каб адчуваць сябе шчаслівым і патрэбным у гэтым свеце!
Нас, дарослых і маладых, хуткабежны час прымушае ўсё некуды спяшацца, таму мы часта забываем пра састарэлых, якія чакаюць нашага званка і ўвагі. Для таго і прыняты ў краіне Дзень пажылога чалавека, каб звярнуць увагу на праблемы старых, падзяліцца з імі душэўнай цеплынёй, падарыць ім сапраўднае свята. Давайце цаніць, любіць і паважаць тых, хто некалі падарыў нам сваю маладосць, свой каштоўны час, любоў і сілы, каб мы выраслі, вывучыліся, мелі дастойную працу.
Жадаю ўсім людзям пажылага ўзросту моцнага здароўя на доўгія гады, сямейнага шчасця, аптымізму і добрага настрою. Няхай кожны дзень вашага жыцця будзе сагрэты ўвагай і клопатам блізкіх і дарагіх вам людзей. Душэўнай цеплыні і ўтульнасці ў вашым доме.
Таццяна МАЦВЯЮК, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro