1 кастрычніка — Дзень настаўніка!

1 кастрычніка — Дзень настаўніка!

IMG_8676Не ўсе яшчэ мары ажыццявіліся

Былая выпускніца другой гарадской школы, уладальніца сярэбранага медаля Жанна Наўцэвіч цяпер сама выкладае англійскую мову ў роднай установе. Яе педагагічны стаж сёлета склаў 20 гадоў.

У маленстве, а потым і ў школьныя гады Жанна вельмі любіла маляваць. Брала каляровыя алоўкі або акварэльныя фарбы, і на паперы з’яўляліся прыгожыя кветкі, цуда-птушкі, знаёмыя гарадскія пейзажы. Гэтае захапленне паўплывала на выбар будучай прафесіі. У выпускным класе дзяўчына неяк задумалася: “Здорава было б навучаць дзетак маляванню, каб і яны з дапамогай фарбаў і пэндзляў перадавалі на паперы тую прыгажосць, што вакол нас”. Пасля выпускнога балю дзяўчына павезла дакументы ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна на педагагічны факультэт. Ёй, як медалістцы, патрэбна было здаць толькі адзін экзамен – малюнак. Іспыт прайшла паспяхова і стала студэнткай абранай установы. Пяць гадоў навучалася там па спецыяльнасці “настаўнік пачатковых класаў і выяўленчага мастацтва”. Пасля заканчэння ў 1996 годзе ўжо ўніверсітэта вярнулася на Жабінкаўшчыну. Сваю педагагічную дзейнасць пачала ў Ракітніцкай сярэдняй школе, дзе на працягу сямі гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў і ажыццяўляла сваю мару: вучыла дзетак маляваць, а таксама чытаць, пісаць, лічыць.
Калі адна мара здзяй-сняецца, на змену ёй прыходзіць другая. Жанне Рыгораўне заўсёды падабалася англійская мова, вывучала яе самастойна. Вырашыла ўдасканаліць і паглыбіць свае веды па ёй, каб паспрабаваць сябе ў якасці выкладчыка замежнай мовы, тым больш на той час у школах яе гадзіны дабаўляліся, а спецыялістаў не хапала. Спачатку прайшла трохэтапныя вочна-завочныя курсы пры Брэсцкім дзяржаўным інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Тут жа ў 2001 годзе завочна скончыла факультэт па перападрыхтоўцы кадраў па спецыяльнасці “настаўнік англійскай мовы” і атрымала другую вышэйшую адукацыю на базе першай.
Яшчэ ў Ракітніцкай адзінаццацігодцы Жанна Наўцэвіч мела вопыт выкладання англійскай мовы, сумяшчала гэтыя гадзіны з працай педагога пачатковых класаў. У 2003 годзе з’явілася магчымасць перайсці ў сваю родную другую школу адразу на пасаду настаўніка-замежніка. З таго часу яна і рупіцца тут, ажыццяўляе сваю другую мару: вучыць мове Шэкспіра і Байрана хлопчыкаў і дзяўчынак сярэдняй школы № 2. Робіць гэта з дапамогай сучасных метадаў і прыёмаў, электронных сродкаў навучання. На сваіх уроках і ў пазакласнай дзейнасці выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі і тэхналогіі Web 2.0, праектную дзейнасць і вэб-квэсты, медыясродкі, інтэрактыўную дошку і сістэму інтэрактыўнага тэсціравання VOTUM з праграмным забеспячэннем e-Rating. Педагог складае па прадмеце свае тэсты, стварае прэзентацыі, гульні для малодшых школьнікаў, распрацоўвае заданні для старшакласнікаў, якія дапамагаюць падрыхтавацца да школьнага экзамену, а таксама да цэнтралізаванага тэсціравання. З 2013 года Жанна Рыгораўна – IT-т’ютар, што азначае настаўнік, які валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі і можа навучаць ім іншых.
Яна з задавальненнем дзеліцца сваімі набыткамі і прафесійным вопытам з калегамі як раёна і вобласці, так і рэспублікі. Педагог двойчы ўдзельнічала ў рэспубліканскіх e-mail канферэнцыях, дзе прадстаўляла свае артыкулы “Інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі ў канструяванні адукацыйнага працэсу па замежнай мове” і “Інфармацыйныя тэхналогіі ў рабоце класнага кіраўніка”. Была ўдзельніцай рэспубліканскага семінара “Тэхналогіі Web 2.0 у прафесійнай дзейнасці настаўніка замежнай мовы”, які адбыўся летась у сталіцы. Прымала таксама ўдзел у міжнародным інтэрнэт-праекце “IT – рашэнні для адукацыі будучага”, па выніках якога ўзнагароджана дыпломам I ступені Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі як аўтар вэб-квэста “Замкі Беларусі” і II ступені за стужку часу “Замкі Беларусі”, якая была падрыхтавана сумесна з вучнямі.
Як фіналіст абласнога конкурсу “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога” Жанна Рыгораўна праводзіла адкрыты майстар-клас па выкарыстанні інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій на ўроках англійскай мовы для настаўнікаў-замежнікаў Брэстчыны, якія працуюць з вучнямі пачатковых класаў. Пры падвядзенні вынікаў конкурсу кампанія VOTUM прэзентавала СШ № 2 сістэму інтэрактыўнага тэсціравання VOTUM, якой цяпер можа карыстацца на сваіх занятках кожны педагог школы. Як яе ў сваёй рабоце могуць прымяняць настаўнікі замежнай мовы, Жанна Рыгораўна прадэманстравала на адкрытым уроку, які яна правяла для дырэктараў школ раёна.
Жанна Наўцэвіч актыўна ўдзельнічае ў пасяджэннях метадычнага аб’яднання педагогаў замежнай мовы раёна, выступае на раённых навукова-практычных канферэнцыях настаўнікаў-прадметнікаў. У 2014 годзе яе работа “Выкарыстанне інфармацыйна-камунікатыўных і інавацыйных тэхналогій – фактар, які вызначае якасць адукацыйнага працэсу” была адзначана дыпломам I ступені. Выхаванцы Жанны Рыгораўны маюць добрыя вынікі на раённых алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях “З навукай у будучыню”. Не застаецца яна ў баку і ад конкурсаў прафесійнага майстэрства: у мінулым навучальным годзе стала фіналістам раённага конкурсу “Самы класны класны”. Як лічыць сама педагог, такі вынік стаў магчымым дзякуючы дапамозе і ўсебаковай падтрымцы вучняў яе 8 “Б” і іх бацькоў. Жанна Рыгораўна прызнаецца, што з класам ёй проста пашанцавала: 50% навучэнцаў займаюцца на высокі і дастатковы ўзровень, яны актыўныя, дзейсныя, ініцыятыўныя. З задавальненнем рыхтуюць вечары, выпускаюць газету “Школьныя весткі”, любяць хадзіць у паходы, ездзіць на экскурсіі, прымаюць удзел не толькі ў школьных і раённых святах, мерапрыемствах, спаборніцтвах, але і абараняюць гонар Жабінкаўшчыны на абласным узроўні.
З апошніх форумаў, дзе пабывала Жанна Рыгораўна Наўцэвіч са сваімі школьнымі калегамі, – гэта Форум сацыяльна-педагагічных інавацый (III рэгіянальны этап Міжнароднага кірмашу), які адбыўся 23 верасня ў Іванаве. На ім Жабінкаўшчыну прадстаўляла сярэдняя школа № 2. Педагогі ўстановы: Т.Л. Ярмаловіч, Т.Д. Кныш, Ж.Р. Наўцэвіч і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце М.І. Пакала прывезлі на кірмаш дыскі са сваімі напрацоўкамі па выкарыстанні ў рабоце інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій. Набыць электронныя дапаможнікі жабінкаўскіх настаўнікаў імкнуліся многія.
За разуменне, дапамогу і падтрымку ва ўсіх справах і пачынаннях Жанна Рыгораўна выказвае словы ўдзячнасці адміністрацыі школы, а таксама калегам і аднадумцам замежнікам: Н.М. Казак, Ж.С. Міхайлавай, Г.М. Мельнічэнка.
Здаецца, усе мары ў гераіні допісу ажыццявіліся. У размове аказалася, што гэта не так. “Чалавек без мары, што птушка без крылаў, – пераканана Жанна Наўцэвіч. – Яна дае сілы для дзеяння, упэўненасць, з ёю ты не спынішся на паўдарозе. Год навучальны толькі стартаваў, а кожны новы я пачынаю і з новымі марамі. Няхай яны збудуцца!”
Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro