Урок прававых ведаў

Урок прававых ведаў

школа2 школа3

Незвычайныя ўрокі прававых ведаў у школах раёна праводзілі супрацоўнікі ў пагонах.
Да вучняў 4 “А” класа другой гарадской школы завіталі інспектар інспекцыі спраў непаўнагадовых Аляксандра Сівухіна і старшы інспектар аддзялення ДАІ Жабінкаўскага РАУС Уладзімір Сарока.
Аляксандра Іванаўна расказала вучням пра сваю працу, растлумачыла ім паняцці “правапарушэнні”, “пакаранне” і іншыя незнаёмыя тэрміны з Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі задавалі гасцям пытанні. Чацвёртакласнікі, напрыклад, цікавіліся, як доўга ім можна гуляць вечарам на вуліцы з сябрамі, якое пакаранне будзе, калі “пажартаваць” з суседам па парце і, скажам, схаваць ягоны пенал, мабільны тэлефон або куртку і не аддаць; які памер штрафу давядзецца заплаціць бацькам, калі дзеці выкідваюць смецце з форткі аўтамабіля і інш.
Потым перад цікаўнымі вучнямі выступіў супрацоўнік АДАІ Уладзімір Міхайлавіч Сарока. Спачатку ён праверыў, наколькі дзеці ведаюць правілы дарожнага руху і дарожныя знакі. Нягледзячы на юны ўзрост – 9-10 гадоў, вучні аказаліся даволі дасведчанымі: разбіраюцца ў дарожных знаках, ведаюць многія іх назвы і разумеюць прызначэнні. Эх, каб яшчэ гарэзы часцей заўважалі знакі на дарогах… Уладзімір Сарока таксама патлумачыў, чаму і да якога ўзросту дзеці павінны ездзіць у аўтамабілях на спецыяльных бустарах, адказаў на пытанні школьнікаў, нагадаў, як трэба рухацца па дарогах вечарам, папрасіў не забываць насіць флікеры і выказаў надзею, што атрыманыя веды дзеці скарыстаюць у жыцці.
Напрыканцы сустрэчы госці ўручылі кожнаму чацвёртакласніку карысны падарунак – флікер і сшытак.
Міша Парукаў, Паліна Бабрук, Мікіта Гінь, Ганна Еўтуховіч, Насця Самускевіч, Паліна Капчук, Арцём Андрасюк, Жэня Калюжны, Андрэй Бурко, Дзіма Кіслы, Дзіяна Глебік і іншыя выказалі пажаданне гасцям часцей праводзіць такія цікавыя і пазнаваўчыя прававыя ўрокі.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: пад час правядзення тыдня ведаў у СШ № 2.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro