Віталі ветэрана

Віталі ветэрана

IMG_8670Усё менш і менш застаецца воінаў-вызваліцеляў, якія здабывалі свабоду, набліжалі Перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі пад час Вялікай Айчыннай вайны. Задача нас, нашчадкаў, падтрымліваць, шанаваць пасівелых абаронцаў Айчыны, не забываць іх.
…Міхаіла Данілавіча Яроцкага, які нарадзіўся ў в. Ракітніца, жыў тут, вучыўся, бачыў, як гразлі на раскіслых пасля дажджу дарогах павозкі і першыя трактары на палях, і марыў стаць меліяратарам, таксама не мінула фашысцкая навала. Ён пайшоў вызваляць ад фашыстаў родную зямлю. У жніўні 44-га аказаўся ў шэрагах маладзенькіх бязвусых салдацікаў. Станкавы кулямётчык з такімі ж хлопцамі 269 гвардзейскага стралковага палка І-га Беларускага фронту прыняў “баявое хрышчэнне”.
– Не ведаю нават, чаму мяне лёс песціў, – расказвае Міхаіл Данілавіч. – Колькі разоў я знаходзіўся на валасок ад смерці! Тройчы шалёная куля гатова была адабраць у мяне жыццё… Ды, мабыць, я быў некаму патрэбны на гэтай грэшнай зямлі…
Былы воін узгадвае, як прабіваў карабінам лёд у рэчцы, каб хоць вусны змачыць пасля гарачага бою. Зброя выстраліла, і куля прабіла ягоную шапку. Збянтэжаны салдацік пакруціў прадзіраўленую шапку і пацёр крыху падрапаны куляй лоб.
– Гэй, яшчэ доўга жыць будзеш, – пахлопаў яго па плячы сведка-аднапалчанін. І як у ваду глядзеў.
У другі раз смерць ледзь не дагнала воіна ў баі пад Одэрам. Куля снайпера прабіла ягоную каску, а галаву не зачапіла.
У трэці раз (і гэта быў апошні бой Міхаіла Данілавіча) варожая куля ўсё ж такі дасягнула сваёй мэты – патрапіла ў калена. Яго, параненага, падабралі санітары. Праўда, да шпіталя павозка не даехала – побач разарваўся снарад. Загінулі ўсе: конь, людзі на колах, а Міхаіла выбуховай хваляй адкінула ў суседнюю “свежую” варонку ад снарада. Там яго, акрываўленага і прысыпанага зямлёю, знайшлі іншыя санітары і даставілі ў шпіталь побач з Кутна (Рэспубліка Польшча).
Прабітае калена салдат лячыў доўга. Рана зацягнулася, аднак нага моцна балела, пакрыху хадзіў на мыліцах. Вестка, што фашысцкая Германія капітулявала, надала яму сіл вучыцца хадзіць нанава. Вярнуўся ў свой полк і ў чэрвені 1946-га
аказаўся на роднай ракітніцкай зямлі, а на грудзях ззялі медалі “За адвагу” і “За вызваленне Варшавы”.
Пасля вайны Міхаіл Данілавіч Яроцкі закончыў з адзнакай тэхнікум і ажыццявіў сваю юнацкую мару – паступіў ва Украінскі інстытут меліярацыйнай гаспадаркі і працаваў у раёне меліяратарам да 1959 года. Праз два гады ён перайшоў у мясцовы саўгас, будаваў тут сельгаспамяшканні (фермы, склады, гаражы) і дамы. Разам з жонкай Міхаіл Данілавіч радаваўся, што краіна адбудоўваецца, паднімаецца з руін і попелу, і сам, як мог, дапамагаў гэтаму.
…Час бяжыць няўмольна. Ён, нібыта стрэлкі на цыферблаце, спяшаецца, ляціць, адлічвае дні, месяцы, гады. На мінулым тыдні Міхаіл Данілавіч адзначыў свой шаноўны, 95-ы, юбілей. Павіншаваць тату, дзядулю і прадзядулю прыехалі трое дачок з зяцямі і сын, пяцёра ўнукаў і сямёра праўнукаў (самаму малодшаму 5 гадоў).
А яшчэ ў хату да ветэрана, каб павіншаваць з такой паважанай датай, завіталі старшакласнікі мясцовай школы, старшыня Ракітніцкага сельвыканкама Уладзімір Дземідзюк і спявачкі з СДК. Яны ўручылі кветкі і цёпла, ад душы, пажадалі расчуленаму юбіляру моцнага здароўя, яснага розуму, радасных падзей і сустрэч.
Жывіце доўга, ветэраны!
Святлана КІСЛАЯ.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*