“Ірыс” раскрывае прыгажосць

“Ірыс” раскрывае прыгажосць

IMG_8497

У кнізе заўваг і прапаноў кліентка Кацярына Клопат пакінула словы ўдзячнасці: “Вашы клапатлівыя рукі твораць цуды: здымаюць стому, якая назапасілася за тыдзень, разгладжваюць маршчыны, а фітачай – сагравае душу. Ірына заўжды ветлівая і цярплівая”.

Аднойчы ў магазіне стала нявольнай сведкай размовы дзвюх жанчын. Адна скардзілася на болі ў паясніцы, а таблеткі і нават уколы ўжо не дапамагаюць. Другая выслухала і параіла звярнуцца да масажысткі Ірыны, што ў “Ірысе” шчыруе:
– У яе проста чароўныя рукі! Пасля некалькіх працэдур боль некуды знік… У многіх масажыстаў шукала паратунку і толькі ў яе адчуваю незвычайную лёгкасць ва ўсім целе. Гэта прафесіянал сваёй справы… Не толькі масаж зробіць, ды яшчэ макіяж-манікюр. Схадзі, не пашкадуеш…
Хаця гэтыя словы адносіліся не да мяне, апанаваная жаночай дапытлівасцю, адправілася шукаць гаспадыню “Ірыса”. Утульны салон прыгажосці размясціўся побач з “Нашым магазінам”, што па вул. Наганава. Прашу статную, хударлявую гаспадыню (і не скажаш, што яна ўжо ўнукаў мае!) расказаць пра сваю справу.
– Ідэю стварэння ўласнага салона прыгажосці выно-швала вельмі даўно, калі яшчэ працавала мастаком-афарміцелем у кінатэатры. Мне заўжды імпанавалі жанчыны, якія сочаць за сабой, станам валасоў, скуры, твару і рук. Як прыхільніца здаровага ладу жыцця, рэгулярна наведваю лазню, рыхтую адвары з зёлак, п’ю фітачай. (Мо, таму Ірына Міхайлаўна выглядае значна маладзей за ўзрост, пазначаны ў яе пашпарце. – Заўвага аўтара). Захацелася ўдасканальваць свае веды аб прыгажосці, таму скончыла курсы макіяжу, манікюру, масажыста. А тут у лазні вызвалялася памяшканне. Зразумела, што сам лёс дорыць магчымасць займацца любімай справай. Многія жанчыны з задавальненнем рабілі ў мяне масаж, частаваліся гаючым чаем з зёлак, адпачывалі пасля лазні. А два гады таму “Ірыс” пераехаў сюды, у больш прасторнае памяшканне.
– Што прапануе “Ірыс” жадаючым сачыць за сваім здароўем і целам?
– Шмат чаго – масаж, касметалогію, манікюр-педыкюр. Напрыклад, мы першымі ў Жабінцы сталі працаваць з гелевымі лакамі, наносім японскі манікюр; займаемся дарсанвалем (насычэннем скуры кіслародам) брасажам і інш.
– Хто вашыя кліенты?
– На масаж прыходзяць кліенты ад немаўлят да ўбеленых сівізнай. Наш салон запатрабаваны. Асабліва падабаецца рабіць дзіцячы масаж і бачыць, што гіпертонус мышц паступова адступае, а малое пасміхаецца табе бяззубым роцікам. У мяне ёсць кліенты, якія спецыяльна едуць нават з-за мяжы, запісваюцца на масаж і аддзячваюць за зробленую работу. Удзельнік алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра Павел Кастрамін напярэдадні і пасля адказных спаборніцтваў заўжды едзе да мяне, каб прывесці ў парадак мышцы. Многія расіяне, якія адпачываюць у санаторыі “Буг”, едуць да мяне. Нядаўна на курс запісаўся чалавек, які назваўся Мухамедам, прыехаў з Арабскіх краін і мае жонку ў Жабінцы, ледзь размаўляе па-руску. Прый-шла да высновы, што трэба вучыць англійскую мову (смяецца) хаця б у межах прафесійнай тэрміналогіі! Я займаюся непасрэдна масажам, Даша Талатынік – майстар па манікюры.
– Як адносіцца да вашай справы ваша сям’я?
– Муж падтрымлівае, бо бачыць, што “Ірыс” – справа майго жыцця. Хацелася б, каб дачка і сын, унучкі працягнулі яе. Толькі ці будуць яны такімі ж фанаткамі прыгажосці… Дачка скончыла курсы манікюру, спрабуе сябе ў гэтай справе.
– Аб чым марыць індывідуальны прадпрымальнік?
– Мне пайшоў шосты дзясятак. Сяброўкі кажуць – угаманіся, адпачні, колькі таго жыцця! А мне так многа хочацца паспець зрабіць! Мару, што мой салон “Ірыс” пераедзе ў больш прасторнае памяшканне, у якім бу-
дзе кедравая бочка, салярый, капсула амаладжэння, саляная пячора… Фантазіі – воз і маленькая цялежка – абы хапіла жыцця ўсё задуманае рэалізаваць. Работа, лічу, адзіны сакрэт поспеху.
– Дзякуй за гутарку вам, Ірына, і паболей кліентаў!
Запісала Святлана БЯЛЯК.
На здымку: Дар’я ТАЛАТЫНІК.
Фота Паўла АСТАПОВІЧА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top