Аб’яднала адно прадпрыемства

Аб’яднала адно прадпрыемства

Спецыялісты з камбікормавага

Чатыры маладыя спецыялісты, сярод якіх адзін малады чалавек і тры дзяўчыны, уліліся сёлета ў працоўную сям’ю Жабінкаўскага камбікормавага завода. Пад час размовы яны расказалі, як іх прынялі ў калектыве, як праходзяць іх працоўныя будні.
Апаратчыкам кам-бікормавай вытворчасці працуе на жабінкаўскім прадпрыемстве з 1 чэрвеня Вольга Янчэўская. Дзяўчына скончыла Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж па спецыяльнасці “тэхнік-тэхнолаг па перапрацоўцы харчовай і расліннай сыравіны”. Родам дзяўчына з Гродзеншчыны, са Смаргоні. Спачатку два месяцы праходзіла стажыроўку ў вядучага інжынера-тэхнолага Галіны Якімук, цяпер працуе самастойна пад кіраўніцтвам начальніка камбікормавага цэха Ірыны Мацукі. Вольга кантралюе тэхналагічны працэс вытворчасці камбікармоў, а каб яго пачаць, правярае наяўнасць усіх кампанентаў, што ўваходзяць у рэцэпт той ці іншай прадукцыі, сочыць за працай абсталявання. Работа дзяўчыне падабаецца, з пастаўленымі задачамі спраўляецца, марыць у далейшым прадоўжыць навучанне і атрымаць вышэйшую адукацыю. У Жабінцы не так даўно, але за гэты час прыжылася ў калектыве і набыла сапраўдных сяброў з ліку калег, якія заўсёды побач, падказваюць, раяць, падтрымліваюць.
З 25 ліпеня ў кагорце тэхнолагаў камбікормавага завода рупіцца Ганна Канунава. За плячыма ў дзяўчыны Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, яна – інжынер-тэхнолаг. На працу ў Жабінку Ганна ездзіць з суседняга Кобрынскага раёна. Прадпрыемства для яе даўно стала сваім і родным: тройчы праходзіла тут вытворчую практыку і рыхтавала дыпломную работу. Першапачатковая задача тэхнолагаў – скласці тэхналагічную карту таго ці іншага камбікорму, па якой яго і рыхтуюць. Калі ж ён гатовы, Ганна ра-зам з калегамі правяраюць яго параметры: памеры гранулаў, іх трываласць і іншае, потым перадае ў лабараторыю, дзе ідзе праверка на вільготнасць, састаў кампанентаў. Гатовая прадукцыя таксама пад пільнай увагай тэхнолагаў, якія сочаць, як яна захоўваецца.
Начальнік цэха Ірына Віктараўна Мацука так ахарактарызавала сваіх маладых калег: “Дзяўчаты адказныя, працавітыя. З цікавасцю асвойваюць вытворчасць, не саромеюцца задаваць пытанні, імкнуцца ведаць больш. З часам будуць добрымі спецыялістамі”.
Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта ў аддзел маркетынгу камбікормавага завода прыйшла Ганна Нямчук, у Жабінку яна дабіраецца з Пелішча Камянецкага раёна. Дзяўчына добра зарэкамендавала сябе пад час вытворчых практык, якія неаднаразова тут праходзіла, таму яе радасна сустрэлі спецыялісты аддзела ўжо ў якасці калегі. За гэты час маркетолаг Ганна Нямчук паспела з’ездзіць на абласныя Дажынкі ў Драгічын, дзе рэкламавала прадукцыю прадпрыемства, у тым ліку і новы корм для грызуноў “Грызлі”. Малады спецыяліст ра-
зумее, што галоўная задача аддзела – знайсці новых спажыўцоў прадукцыі прадпрыемства. Гэта можна паспяхова ажыццяўляць праз рэкламу ў месцах продажу, на выставах-кірмашах. Дапамагаюць таксама рэкламныя стэнды, анкетаванне і гутаркі з людзьмі. А яшчэ маркетолагі аналізуюць работу спецыялізаваных магазінаў “Камбікармы”, што дзейнічаюць па ўсёй рэспубліцы, і цэны на прадукцыю вытворцаў-канкурэнтаў, з гэтага робяць выснову: якія новаўвядзенні прыцягнуць пакупнікоў, павялічаць продаж жабінкаўскіх камбікармоў, павысяць пазнавальнасць брэндаў.
Старэйшая калега дзяўчыны – маркетолаг Аксана Галавейка – так сказала пра Ганну: “Галоўная якасць, якая патрэбна ў нашай прафесіі – камунікатыўнасць: уменне весці размову з людзьмі, прапаноўваць, пераконваць. У Ганначкі ўсё гэта ёсць. Да таго ж, яна адказна падыходзіць да ўсіх пытанняў, пры гэтым спакойная, ураўнаважаная. Думаю, у будучым у яе будзе ўсё выдатна атрымлівацца”.
Былы выпускнік трэцяй гарадской школы Аляксей Карпук цяпер электраманцёр на Жабінкаўскім камбікормавым заводзе. Тут жа праходзіў і вытворчую практыку пад кіраўніцтвам электраманцёра пятага разрада Паўла Яшчука. Пасля заканчэння Белаазёрскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі з 9 жніўня рупіцца на прадпрыемстве. За гэты час Аляксей паспеў папрацаваць на адказным аб’екце: у будынку новага магазіна, дзе будзе прадавацца мясная прадукцыя са свінакомплексу “Сычова”, юнак праводзіў электраправодку, займаўся ўсталяваннем сігнальнай сістэмы пажаратушэння. Удасканальвацца прафесійна хлопцу дапамагаюць старэйшыя калегі: Уладзімір Нікалаюк, Павел Яшчук, Максім Пархуцік.
Маладых людзей аб’яднала адно прадпрыемства, з якога пачалася іх працоўная дарога. Няхай яна будзе доўгай, плённай і шчаслівай!
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: сёлетнія маладыя спецыялісты ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” – Вольга Янчэўская, Аляксей Карпук, Ганна Канунава і Ганна Нямчук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro