Пакінулі творчы след на жабінкаўскай зямлі

Пакінулі творчы след на жабінкаўскай зямлі

6Газета ўжо паведамляла пра адкрыццё XIII абласнога пленэру разьбяроў манументальнай скульптуры ў Малых Сяхновічах. Зараз запрашаем бліжэй пазнаёміцца з яго ўдзельнікамі і іх творчымі задумкамі. На знакамітай сяхновіцкай зямлі майстроў аб’яднала тэма Касцюшкі, але кожная работа, створаная іх таленавітымі рукамі, стала своеасаблівай і непаўторнай. Упэўніцца ў гэтым можна было пад час завяршэння знакавай падзеі – 23 верасня.

Шэсць майстроў з розных куточкаў Беларусі завіталі на
Жабінкаўшчыну, каб у драўляных скульптурах увасобіць вобраз нашага знакамітага земляка, герояў яго эпохі. Не патрэбна машына часу, каб зрабіць крок у мінулае і апынуцца побач з Тадэвушам Касцюшкам, у гэтым нам дапамогуць вырабы ўмельцаў.
Анатоль Туркоў (Камянец)
2Народнаму майстру было даручана стварыць самога Тадэвуша Касцюшку. У правай руцэ ён трымае аркуш, а левай прытрымлівае шаблю ў ножнах. Штогод пад час пленэраў, якія праходзяць у цёплы перыяд года – з красавіка па кастрычнік – майстар у сярэднім стварае 10 манументальных скульптур. Усяго на ягоным рахунку больш за 100 пленэраў, выстаў і фестываляў рознага ўзроўню.
Вырабы Туркова знахо-дзяцца ў прыватных калекцыях Расіі, Польшчы, Літвы, Ізраіля, Швецыі, ЗША, Францыі, Канады, Германіі, Італіі і іншых краін. Майстар працаваў не толькі з дрэвам, але і з іншымі матэрыяламі, напрыклад, жалезабетонам. Анатоль Туркоў яшчэ і таленавіты жывапісец. Ён арганізуе беларуска-польскі пленэр жывапісу, прысвечаны вядомаму мастаку Фёдару Дарашэвічу – ураджэнцу Камянца. Сёлета знакавая падзея праходзіла ў восьмы раз. Таксама Анатоль Туркоў супрацоўнічае з адміністрацыяй Прэзідэнта, вырабляе сувеніры на заказ, якія адлюстроўваюць нашу нацыянальную культуру.
Сяргей Козел (Баранавічы)
4Амаль як і ўсе ўдзельнікі пленэру, захапляўся разьбой па дрэве яшчэ са школьных гадоў, атрымаў мастацкую адукацыю. Спачатку выкладаў у адной з баранавіцкіх школ тэхнічную працу, маляванне і чарчэнне, але потым абраў шлях рамесніка.
Работы ў майстра самыя разнастайныя: ад элементаў інтэр’еру да манументальнай скульптуры. Атрымліваюцца ў Сяргея прыгожыя альтанкі і калодзежы, адметныя ўзоры і арнаменты на вырабах, сувеніры. Творы майстра знаходзяцца ў калекцыях не толькі Беларусі, але і Расіі, Англіі.
З 2012 года актыўна ўдзельнічае ў розных пленэрах і фестывалях. Тройчы свае работы дэманстраваў на Славянскім базары ў Віцебску. Прызнаецца, што не можа выдзеліць па складанасці нейкі адзін выраб, бо ўсё залежыць ад цэласнай кампазіцыі. У Малых Сяхновічах стварыў вобраз паўстанца – абаронцы Бацькаўшчыны з сякерай у руках.
Валерый Манцэвіч (Драгічын)
Каханай Касцюшкі была Людвіка – старэйшая дачка магната Юзафа Сасноўскага. Яе і малодшую сястру Тадэвуш навучаў маляванню.
Ён палымяна пакахаў Людвіку і хацеў ажаніцца з дзяўчынай, але разумеў, што яе бацька не ўхваліць саюз з бедным шляхцічам. Тадэвуш угаварыў яе збегчы і таемна павянчацца. Іх задума была раскрыта, і Сасноўскі выгнаў юнака.
Гісторыя трагічнага кахання Касцюшкі натхніла Валерыя Манцэвіча на стварэнне адзінага жаночага вобраза сярод усіх скульптур сёлетняга пленэру – прыгажуні Людвікі. Майстар паказаў дзяўчыну за чытаннем кнігі: яна раскрыла яе, але думкі далёка, з каханым.
Яшчэ студэнтам Кобрынскага мастацкага вучылішча Валерый прымаў удзел у розных конкурсах. Так, у 2003 годзе пабываў на пленэры ў Чэхіі. Майстар прызнаецца, што такія сустрэчы – гэта заўсёды добрая магчымасць для развіцця, пераймання вопыту ў старэйшых калег, выдатная практыка. Але і ў самога Валерыя ўжо ёсць чаму павучыцца. Цікава, што ў 2014 годзе адна з яго работ, якая адлюстроўвала вобраз сейбіта, была абрана ў якасці падарунка польскаму рэжысёру Юрыю Каліну. Такі выбар быў не выпадковым: у гэты час праходзіла прэзентацыя яго фільма “Сейбіт”.
Аляксандр Лазерка
(в. Вістычы Брэсцкага раёна)
Вырабы майстра можна адразу пазнаць сярод іншых: ён стварае іх у стылях постмадэрну, сюррэалізму. На гэтым пленэры яго работа таксама па-свойму незвычайная. Аляксандр выразаў лаўку, але не простую: на спінцы – вясковы пейзаж, а на сядзенні – дарога. Яна сімвалізуе доўгі шлях вандроўніка, пад час якога ён прысядзе тут адпачыць. З супрацьлеглага боку чароўнай лаўкі майстар “разаслаў” абрус, які нагадвае пра гасціннасць беларускага народа.
Рабоце з дрэвам прафесійна Аляксандр не вучыўся, ён у гэтай справе самародак. Актыўным удзельнікам пленэраў стаў больш за 15 гадоў таму. З апошніх успамінае сёлетнюю паездку ў Германію, якая адбылася ў ліпені. У наступным годзе будзе святкавацца 500-годдзе Рэфармацыі Марціна Лютэра і ўзнікнення пратэстантызму ў Германіі. У рамках гэтай тэматыкі і працавалі нашы майстры. Разам з Аляксандрам там знаходзіліся Анатоль Туркоў, Мікалай Скляр і Сяргей Козел. У гэтым годзе Лазерка стаў лаўрэатам II ступені конкурсу “Новыя імёны Беларусі”, які праводзіўся ў Мінску. Зусім хутка, 11 лістапада, у мастацкім музеі Брэсцкай крэпасці будзе выстава Аляксандра “Праз гады”. Ён правядзе яе сумесна з Таццянай Каландырац – сваёй калегай па студыі выяўленчага мастацтва ў Барысаве, з якой не бачыўся 37 гадоў.
Мікалай Задрэйка (г. п. Івянец Мінскай вобласці)
Яшчэ ў школе Мікалай таксама наведваў гурток, дзе пачаў знаёміцца з тонкасцямі працы разьбяра. Гэтая справа захапіла хлопца, і для далейшай вучобы ён абраў мастацкае вучылішча ў Бабруйску. Яго талентам і прафесійнымі ўменнямі ганарацца на малой радзіме, дзе Мікалай займае пасаду вядучага метадыста па мастацкай апрацоўцы драўніны ў музеі народнай творчасці.
З 2007 года пачаў удзельнічаць у пленэрах і ўжо не ўяўляе свайго жыцця без іх. Успамінае, як у адзін год ён папрацаваў на 12 такіх сустрэчах з калегамі. Як правіла, яны ладзяцца ў розных куточках Беларусі, але бываў і ў Польшчы. Акрамя паркавых скульптур, займаецца вырабам сувенірнай прадукцыі. На жабінкаўскім пленэры майстар стварыў стралка – удзельніка паўстання.
Мікалай Скляр (Гродна)

мікалай склярСамы старэйшы разьбяр абласнога пленэру зрабіў касіянера з сапраўднай касой у руках. Прызнаецца, што разьба па дрэве – гэта патрэба яго душы, якой ён прысвяціў усё жыццё. На многіх пленэрах майстар выступае пастаянным удзельнікам. Так, разам з Анатолем Турковым ён на працягу многіх гадоў абараняе гонар нашай краіны на міжнародным пленэры разьбяроў па дрэве, які праходзіць на базе агратурыстычнага комплексу “Гарадзенскi маёнтак “Каробчыцы” Гродзенскага мясакамбіната. Апошнія два гады на ім майстры стваралі кампазіцыі “Ажыўшыя казкі”. Ва ўмелых руках Мікалая Скляра ажылі пушкінскія героі – дзядзька Чарнамор і Кот вучоны.
Скляр пабываў на сустрэчах разьбяроў не толькі ў гарадах нашай краіны, але і ў Польшчы, Літве, Латвіі, Германіі, запрашалі нават у Японію, але паездка, на жаль, не адбылася. Неаднаразова яго выставы ладзіліся ў Беларусі, а работы дэманстраваліся на калектыўных выставах у Польшчы і Літве. Вырабы Мікалая Скляра ўпрыгожваюць прыватныя калекцыі і за мяжой: у Аўстраліі, ЗША, Японіі і многіх іншых краінах. У скарбонцы майстра ёсць вырабы і з керамікі, каменю, бронзы, а яшчэ ён выдатны жывапісец. Знакаміты выраз “Таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім” дакладна характарызуе гэтага майстра.
Усе ўмельцы вельмі розныя, але іх яднае любоў да цікавай і захапляльнай справы, пад час якой яны вядуць размову з дрэвам, увасабляючы свае творчыя планы, задумкі, фантазіі. Прыемна і радасна, што і на нашай жабінкаўскай зямлі разьбяры пакінулі своеасаблівы след у выглядзе манументальных скульптур, якія ўпрыгожылі тэрыторыю раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Пад час закрыцця пленэру – 23 верасня – у Малыя Сяхновічы завітала шмат гасцей, каб убачыць гэты цудоўны набытак і стаць сведкамі прыгожага свята. Першай да ўсіх звярнулася намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Ала Ануфрыюк:
– Мы прысутнічаем на вельмі знакавай падзеі для Жабінкаўшчыны, таму што нам выпаў вялікі гонар у Год культуры прымаць на нашай зямлі, якая звязана з імем Тадэвуша Касцюшкі, чарговы абласны пленэр разьбяроў. Раённы гісторыка-краязнаўчы музей пабагацеў на створаныя ўмельцамі скульптуры, якія, спадзяёмся, дадуць новы штуршок для яго развіцця. Работы майстроў прыцягнуць тых, хто цікавіцца гісторыяй, дапамогуць ім зрабіць новыя адкрыцці і паглыбіць свае веды. Хачу выказаць шчырыя словы падзякі абласному грамадска-культурнаму цэнтру за такі цудоўны падарунак і, канечне, майстрам, якія літаральна за некалькі дзён стварылі з дрэва сапраўдныя творы мастацтва.
– Мне вельмі прыемна, што прадстаўнікам нашага цэнтра сумесна з уладай Жабінкаўскага раёна ўдалося правесці такое добрае мерапрыемства, але, вядома, нічога б не атрымалася
без шаноўных майстроў, – прызналася дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук. – Я маю гонар расказваць пра гэтае свята, бо яно праходзіла на маленькай радзіме вялікага чалавека, які вядомы ўсяму свету. Важна тое, што чарговы абласны пленэр разьбяроў стане важкім унёскам у гісторыю і культуру нашай краіны.
Пасля цёплых слоў Святлана Каржук уручыла кожнаму ўмельцу Падзяку ад галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі аблвыканкама і абласнога грамадска-культурнага цэнтра за адраджэнне традыцый паркавай скульптуры і ўдзел у ХІІІ абласным пленэры разьбяроў памяці Тадэвуша Касцюшкі. Музычныя падарункі для прысутных гучалі ў выкананні салістаў Жабінкаўскага ГДК Аксаны Пракошынай, Валерыя Няменьшага і Алесі Жукавай.
Народны майстар Беларусі Анатоль Туркоў ад імя ўсіх умельцаў падзякаваў арганізатарам мерапрыемства і дырэктару гісторыка-краязнаўчага музея Жанне Падрубнай за гасціннасць, клопат і ўвагу. Ён заўважыў, што працаваць на Жабінкаўшчыне было зручна і ўтульна. Майстар нагадаў прысутным, што Касцюшка таксама захапляўся разьбой па дрэве, маляваў, таму ўдзельнікі пленэру змаглі пазнаёміцца і з гэтымі талентамі нашага славутага земляка. Туркоў выказаў спадзяванне, што скульптуры прыцягнуць больш наведвальнікаў у музей і будуць радаваць вока як жыхароў, так і гасцей Малых Сяхновічаў.
Дар’я НІКАНЧУК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота Алёны НІКАНЧУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top