“Улада заклікана служыць людзям”

“Улада заклікана служыць людзям”

 

прилуцкийПра работу мясцовай улады і яе ўзаемадзеянне з насельніцтвам гутарка карэспандэнта раёнкі са старшынёй Хмелеўскага сельвыканкама і сельскага Савета Сяргеем Прылуцкім.

– Сяргей Лявонцьевіч, на пасадзе старшыні вы паўтара года. А як складвалася працоўная біяграфія дагэтуль?
– Пасля заканчэння СШ №2 у Жабінцы я вучыўся ў Калінінградскім тэхнічным інстытуце рыбнай прамысловасці і гаспадаркі. У 1984 годзе паводле размеркавання аказаўся ў Белаазёрску. Працаваў на пасадзе старшага майстра спецыялізаванага комплексу па развядзенні рыб сямейства карпавых: белага і чорнага амура, таўсталобіка – у Белаазёрскім доследным рыбгасе. Затым – галоўным рыбаводам рыбгаса “Палессе” Пінскага раёна, дырэктарам рыбгаса “Сакалова” Жабінкаўскага раёна. У цэлым 20 гадоў свайго жыцця прысвяціў працы ў рыбных гаспадарках. Першым паспрабаваў сваю чорную ікру з асятра, якую мы выраблялі ў рыбгасе “Палессе”. Да слова, мой бацька больш за 40 гадоў адпрацаваў у рыбгасе “Сакалова”, спецыяльнасць жонкі таксама звязана з рыбнай прамысловасцю, таму можна сказаць, што ў нас “рыбная” сям’я.
Затым тры гады мне давялося пашчыраваць у Жабінкаўскай ПМК-19, потым – начальнікам жыллёвага фонду ЖКГ, перш чым абралі на пасаду старшыні сельвыканкама.
Такім чынам, усё жыццё працаваў з людзьмі, і мне звыкла дапамагаць ім вырашаць розныя праблемы.
– Што найбольш хвалюе вяскоўцаў? З якімі пытаннямі яны звяртаюцца да вас? Якія разглядаў сельвыканкам на пася-джэннях?
– Людзі часта тэлефануюць, прыходзяць пагутарыць, падзяліцца думкамі, выказаць сваю пазіцыю па тым ці іншым пытанні. Абсалютная большасць з іх носіць надзённы характар: добраўпарадкаванне вуліц, выдзяленне зямельных участкаў. Часам пытанні тычацца асабістых адносін, напрыклад, калі сусед з суседам ніяк не вызначаць мяжу паміж участкамі. Праблема ў нас з апусцелымі дамамі: вёска вымірае, спадчыннікі раз’язджаюцца, нікому не патрэбныя хаты гніюць і развальваюцца, на ўчастках буяе пустазелле ў рост чалавека.
У мінулым годзе і сёлета сельвыканкам разглядаў на пасяджэннях пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця, выканання бю-джэту, гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, супрацьпажарнага стану дамоў сельскіх населеных пунктаў, гатоўнасці да ацяпляльнага перыяду, выканання зямельнага заканадаўства, работы грамадскага пункта аховы правапарадку. Штоквартальна аналізуецца работа са зваротамі грамадзян і ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур.
Правядзенне мясцовых сходаў грамадзян, асабісты прыём іх, у тым ліку на месцах, дазваляе зменшыць колькасць зваротаў, аператыўна вырашаць праблемы ў розных сферах жыццядзейнасці насельніцтва.
Летась у сельвыканкам паступілі два пісьмовыя звароты, звязаныя з добраўпарадкаваннем. На асабістым прыёме прынята 9 грамадзян, сёлета – двое. Людзі прасілі ліквідаваць аварыйныя дрэвы, аднавіць вулічнае асвятленне вёсак, прагрэйдзіраваць і абкасіць вуліцы, вырашыць праблемы з утрыманнем асабістай дапаможнай гаспадаркі. Звароты ад юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў да нас не паступалі.
– Як вамі вырашаюцца пытанні сацыяльнай абароны насельніцтва сельсавета?
– Складанасці нашага жыцця асабліва адчувальна адбіваюцца на пажылых людзях, інвалідах, шматдзетных і няпоўных сем’ях. На ўлік у Хмелеўскім сельсавеце ўзяты ўсе катэгорыі насельніцтва, якім патрэбна тая ці іншая падтрымка. Гэта два ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і адзін – тылу, два воіны-інтэрнацыяналісты, 178 адзінока пражываючых грамадзян, 36 адзінокіх, а таксама 26 шматдзетных сем’яў і 19 няпоўных.
На тэрыторыі сельсавета арганізавана работа службы сацыяльнай дапамогі дома. Дзесяць сацыяльных работнікаў абслугоўваюць 12 адзінокіх пажылых лю-дзей, у тым ліку адну сямейную пару.
– Раскажыце пра вашых першых памочнікаў у рэалізацыі задач жыццезабеспячэння людзей.
– Старшыні сельсавета не абысціся без старастаў вёсак (а іх у нас сямёра). Велізарную работу яны праводзяць па паляпшэнні санітарнага стану, навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, выступаюць арганізатарамі і непасрэднымі ўдзельнікамі культурна-масавых мерапрыемстваў (святаў вёсак, “Зажынак”, “Дажынак”, мерапрыемстваў да Дня сям’і, Дня маці, Дня пажылых людзей і г.д.), аказваюць дапамогу пры правядзенні выбараў розных узроўняў. Дарэчы, напружаным для сельвыканкама быў сёлета перыяд напярэдадні і пад час парламенцкіх выбараў. У нас 868 выбаршчыкаў, 96,6 працэнта іх прынялі ўдзел у важнай для краіны падзеі.
Старасты таксама дапамагаюць сельвыканкаму своечасова рэагаваць на асаблівыя сітуацыі: расчыстку дарог ад снегу, ліквідацыю аварыйных дрэў і іншыя. Дзякуючы іх старанням кантралюецца работа вулічнага асвятлення, добраўпарадкоўваюцца вуліцы, прыгажэюць вёскі. Старасты аказваюць дапамогу ў прывядзенні ў парадак могілак, інфармуюць аб стыхійных звалках смецця, з’яўляюцца памочнікамі ўчастковага інспектара міліцыі ў пытаннях папярэджання злачынстваў на бытавой глебе, выяўлення нядобранадзейных сем’яў, дзе выхоўваюцца непаўнагадовыя дзеці.
Сярод усіх старастаў хацеў бы вылучыць Галіну Бурбіловіч з вёскі Падлессе, летась яна стала лепшай сярод свіх “калег” у нашым сельсавеце.
– Сяргей Лявонцьевіч, вы любіце парадак і чысціню, шмат увагі ўдзяляеце добраўпарадкаванню вуліц і дваровых тэрыторый.
– Падведамасная нам тэрыторыя для добраўпарадкавання даволі вялікая. За сельвыканкамам замацаваны сквер у Падлессі, помнік ля будынка праўлення СВК у Хмелеве. Акрамя таго, на тэрыторыі Хмелеўскага сельскага Савета знахо-
дзяцца пяць могілак. Пагосты аграгарадка Хмелева, вёсак Сакалова, Сакі, Рудка перададзены на баланс КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”, падрыхтавана неабходная дакументацыя для перадачы могілак у Селішчах. Штогод праводзім суботнікі па ўборцы могілак. Хачу адзначыць, што ў асноўным жыхары падтрымліваюць парадак на магілах блізкіх людзей, вывазам смецця займаецца сельвыканкам. Нам на дапамогу заўсёды прыходзяць СВК “Хмелева” і ААТ “Рыбгас Сакалоўскі Гусак” – выдзяляюць тэхніку. Большую частку работы па добраўпарадкаванні могілак у Хмелеве ўзяў на сябе Спаса-Праабражэнскі мужчынскі манастыр.
Мы працуем з насельніцтвам, пераконваем людзей у неабходнасці ўстаноўкі новых платоў, агароджаў, навядзенні парадку на дваровых тэрыторыях, раім высаджваць кветкі, каб стварыць прыгажосць вакол сябе. З некаторымі бывае цяжка знайсці паразуменне, асабліва калі просіш іх прыбраць на падворку, даводзіцца выдаваць папярэджанні. Летась іх было выдадзена 18, сёлета ўжо 10.
На працягу многіх гадоў праводзім конкурс на лепшы двор, пераможцаў узнагароджваем на святах вёсак. Увесну і ўвосень у нас праходзяць месячнікі добраўпарадкавання і паляпшэння санітарнага стану сельскіх населеных пунктаў. Прыведзены ў належны стан усе помнікі і брацкія магілы.
Такім чынам, у мінулым годзе на добраўпарадкаванне зрасходавана 155 млн. рублёў, у тым ліку на вулічнае асвятленне – 87 млн., на ўтрыманне і догляд за могілкамі – 7 млн. рублёў (да дэнамінацыі).
– Зусім нядаўна адбыўся пуск газу ў аграгарадку Крыўляны, што стварае бясспрэчныя зручнасці для вяскоўцаў. Раскажыце пра газіфікацыю ў Хмелеўскім сельскім Савеце.
– У нас яна вядзе адлік з 2013 года, калі блакітнае паліва прыйшло ў Хмелева, летась – у Сакалова. Цяпер вядуцца работы па пракладцы вулічнага газаправода ў вёсцы Сакі. Гэтыя населеныя пункты атрымалі штуршок да далейшага развіцця, у іх узрос попыт на жылыя дамы і зямельныя ўчасткі. У мінулым годзе СВК “Хмелева” прадаў 15 дамоў, з іх шэсць – маладым сем’ям. У Сакалове выдзелены два ўчасткі для будаўніцтва жылых дамоў сем’ям, якім неабходна паляпшэнне жыллёвых умоў, а ў Саках плануецца квартал забудовы на 20 участкаў.
У Хмелеўскім сельсавеце маюцца чатыры свабодныя зямельныя ўчасткі, уключаныя ў пералік для прадастаўлення для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома (з іх для продажу з аўкцыёну – тры ў вёсцы Сакалова).
У межах сваёй кампе-тэнцыі сельвыканкам ажыццяўляе кантроль за выкарыстаннем і аховай земляў, пастаянна кантралююцца тэрміны асваення зямельных участкаў.
– Сяргей Лявонцьевіч, на ваш погляд, чым славіцца хмелеўская зямля?
– У нашым сельсавеце вельмі гасцінныя людзі, якія з павагай адносяцца да народных традыцый і каляндарных святаў. Самы яркі прыклад – штогадовае правядзенне раённага свята “Хмелеўская Сёмуха”, якое збірае сотні гасцей. Вялікую работу ў гэтым накірунку право-
дзяць народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і дзіцячы ўзорны калектыў “Дараносіца”, што праслаўляюць сваімі выступленнямі не толькі хмелеўскую зямлю, але і Жабінкаўшчыну ў цэлым на розных узроўнях. Карыстаецца попытам і бульба СВК “Хмелева”, а сам сельгаскааператыў – адна з мацнейшых гаспадарак на Жабінкаўшчыне. Хмелеўцы неаднаразова выходзілі пераможцамі раённых і абласных спаборніцтваў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы кармоў.
– У чым вы бачыце сваю місію як старшыня сельвыканкама?
– Улада, асабліва мясцовая, заклікана служыць людзям і ўсё рабіць для іх. У тых эканамічных адносінах, якія склаліся на сённяшні дзень, умовы пражывання працаўнікоў вёскі патрабуюць далейшага паляпшэння. Неабходна яшчэ больш увагі надаваць экалагічнаму стану навакольнага асяроддзя, таму добраўпарадкаванне населеных пунктаў сельсавета мы па-ранейшаму лічым прыярытэтным. Сельвыканкам будзе прымаць меры па аздараўленні наваколля, азеляненні і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, кожнага двара і кожнай вуліцы. Многае залежыць, канечне, ад жадання і імкнення людзей зрабіць чыстым і ўтульным кожны метр зямлі, таму мы і далей будзем працаваць з кожным жыхаром сельсавета індывідуальна, праз перакананне, а калі сустрэнем непаразуменне, то і праз пакаранне. Як мне думаецца, не дапрацоўваем мы яшчэ ў прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці нядбайных гаспадароў і бацькоў.
Пытанняў, якія патрабуюць вырашэння, нямала. Жыхары сельсавета просяць заасфальтаваць вуліцы вёсак, участак аўтадарогі Дзяменічы – Падлессе – Багдзюкі, газіфікаваць вёскі Рудка, Дзяменічы, Падлессе. Сельвыканкам сумесна з актывам плануе і надалей прыкладаць максімум сіл для выканання розных задач. Тады сельскія жыхары будуць упэўнены, што пра іх клапоцяцца, што ўлада працуе для людзей.
Інтэрв’ю правяла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Даведка
У склад Хмелеўскага сельсавета ўваходзяць дзевяць населеных пунктаў, у якіх пражывае 1218 жыхароў. Вядома, самы вялікі – аграгарадок Хмелева з колькасцю жыхароў 351 чалавек, на другім месцы вёска Падлессе – 314 жыхароў. Самая маланаселеная вёска Лясоты, дзе жыве ўсяго 15 чалавек.
На тэрыторыі сельсавета размешчаны дзве арганізацыі: сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Хмелева” і адкрытае акцыянернае таварыства “Рыбгас Сакалоўскі Гусак”.
Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць Хмелеўская амбулаторыя і Падлескі фельчарска-акушэрскі пункт.
Гандлёвым абслугоўваннем ахоплены ўсе населеныя пункты сельсавета. Магазіны філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” працуюць у аграгарадку Хмелева і вёсках Сакалова, Селішчы, Рудка, Дзяменічы, Падлессе. У астатніх ажыццяўляецца выязное абслугоўванне аўтамагазінамі міжрайбазы і “Еўрагандлю” тройчы на тыдзень згодна з графікам.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro