Untitled-13

У рамках правядзення Дня пажылых людзей

1 кастрычніка 2016 года ААТ “Брэстаблаўтатранс” прыняло рашэнне аб бясплатным праездзе катэгорыі грамадзян, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Ім даецца магчымасць бясплатна ехаць у гарадскім прыгарадным і міжгародным транспарце ў межах Брэсцкай вобласці па маршрутнай сетцы, якая абслугоўваецца аўтатранспартнымі арганізацыямі ААТ “Брэстаблаўтатранс”. Усе касіры на аўтастанцыях папярэджаны аб правядзенні акцыі. Пры прад’яўленні пенсійнага пасведчання яны будуць выдаваць пасажыру білет так званага нулявога кошту.

 

Дыплом за трэцяе месца

З ініцыятывы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у Лагойскім раёне Мінскай вобласці і Мінску з 16 па 18 верасня праводзіўся адкрыты Кубак Беларусі па спартыўным арыентаванні сярод дзіцяча-юнацкіх каманд.
Ён праходзіў у рамках міжнародных спаборніцтваў ГРАН-ПРЫ Беларусь – 2016. У спаборніцтвах удзельнічалі больш як 300 вучняў. У абласную каманду Брэсцкай вобласці ўваходзіў вучань 9 “Б” класа СШ № 3 г. Жабінка Юрый Лісічык. Спаборніцтвы праводзіліся па чатырох узроставых групах сярод дзяўчат і юнакоў ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў у двух відах праграмы (сярэдняя і спрынтарская дыстанцыі). Вынікі ў асабістым заліку падводзіліся па кожным відзе праграмы асобна. Наш зямляк Юрый Лісічык атрымаў дыплом за трэцяе месца ў Беларусі на спрынтарскай дыстанцыі.

 

Узнагароду ўручылі
на цеплаходзе

Беларускі прафесійны саюз і Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў сувязі правёў трэці рэспубліканскі фотаконкурс “На сувязі са светам”. У рамках экскурсійнай праграмы “Сем футаў пад кілем”, што была арганізавана на цеплаходзе, адбылося ўрачыстае ўганараванне яго пераможцаў і лаўрэатаў. З цёплымі словамі прывітання і пажаданнямі новых творчых перамог і здзяйсненняў звярнулася да ўзнагароджаных старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў сувязі Ніна Сямёнаўна Гаўрылава. Яна адзначыла, што на фінальны этап фотаконкурсу было адабрана 426 фотаздымкаў для ўдзелу ў дзесяці намінацыях, з якіх 61 адзначаны журы. Сярод творчых герояў значыцца і Віктар Веніямінавіч Караблёў, дырэктар філіяла “Брэсцкі АВРТ” РУП “БРТПЦ”. Ён стаў лаўрэатам у намінацыі “У кадры – чалавек працы”. Пераможцы і лаўрэаты фотаконкурсу адзначаны дыпломамі. Прыемным сюрпрызам для ўсіх іх стала прагулка па Мінскім моры.

 

“Лепшы лідар” гуляе ў футбол

Узнагарода Еўрапейскага саюза футбольных асацыяцый (УЕФА) знайшла свайго “героя”. У намінацыі “Лепшы лідар” пры падвядзенні ў Афінах вынікаў Дня масавага футболу першае месца заняў беларус з Жабінкі – Юрый Бялецкі. Бацька чацвярых дзяцей паклапаціўся аб тым, каб юныя аматары футбола маглі займацца любімай справай у Жабінцы. Па словах пераможцы, спачатку трэніроўкі праводзіў ён асабіста, а потым знайшоўся і трэнер. Цяпер у горадзе зарэгістравана каманда як грамадскае аб’яднанне і на трэніроўкі прыходзяць каля 60 юных спартсменаў.
Прадстаўнікі УЕФА таксама вызначылі пераможцаў у намінацыі “Лепшы клуб” – ім стаў бельгійскі RWDM Girls; лепшым праектам, дзякуючы якому футбол аб’яднае людзей, прызнана акцыя Аўстрыйскага футбольнага саюза “Гуляй без аўтсайда”.

 

Акцыя “Быт”

Цяпер на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна праводзяцца спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы “Быт”. Завершацца яны 26 верасня. Пад час іх супрацоўнікамі міліцыі штодзённа праводзяцца прафілактычныя гутаркі са скандалістамі, адзін з іх А.М. Даўгапятаў быў ізаляваны ад грамадства за шматлікія сваркі, бойкі.
Калі вам нешта вядома пра асобаў, якія пастаянна злоўжываюць спіртнымі напоямі, груба парушаюць грамадскі парадак, правы іншых грамадзян (сямейныя скандалісты), ці пра тых, хто незаконна займаецца продажам спіртаўтрымліваючай вадкасці ў раёне, вы можаце паведаміць у Жабінкаўскі РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro