Выставка товаров отечественных товаров состоялась в городском Доме культуры

Выставка товаров отечественных товаров состоялась в городском Доме культуры

Не ўпершыню ў Жабінцы праводзіцца семінар-нарада, на якой вядзецца гаворка пра рух айчынных тавараў на ўнутраным рынку збыту. Сёлетняй, якая адбылася ў мінулы аўторак у гарадскім Доме культуры, папярэднічала выстава прадукцыі, што выпускаецца ААТ “Кобрынскі хімік”, “Антопальская ватна-прадзільная фабрыка”, “Пружанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў” і “Брэсцкае піва”, РУВП “Брэстхлебпрам”, а таксама чатырох прадпрыемстваў з нашага раёна — “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, КУПАП “Жабінкаўскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання”, ТДА “Сладанеж” і ПГВП “Сто працэнтаў”.
Выстаўлялася розная прадукцыя: ад гігіенічных сурвэтак да будаўнічых матэрыялаў. Асабліва шмат было хлебабулачных вырабаў і саладосцяў, якія выпякаюцца на “Берасцейскім пекары”, у дапаможнай вытворчасці камбікормавага завода і “Сладанежы”, што месціцца ў пасёлку Ленінскі. Гэта і зразумела, таму што хлеб — аснова жыцця. Менавіта пра яго якасць ішла гаворка на нарадзе ў гарадскім Доме культуры, якую вёў намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Сяргей Мікалаевіч Абрамчук.
Прысутныя выказвалі нараканні на свежасць запакаванага хлеба, на цвіль боханаў, тэрмін рэалізацыі якіх больш сутак. Непакоіць кіраўніцтва “Берасцейскага пекара” тое, што апошнім часам знізіліся пастаўкі хлебабулачных вырабаў у наш раён. Адказ просты: канкурэнцыя і якасць прадукцыі. На хлебных прылаўках магазінаў прадукцыя ад хлебапёкаў Кобрынскага і Маларыцкага, Пружанскага і Жабінкаўскага раёнаў, Брэста. Розная на смакавыя якасці і коштам. Пакупнік выбірае тую, якая задавальняе яго густ. Каб закончыць размову пра хлеб, скажу, што ўжо не ўпершыню на падобных нарадах узнікае пытанне наконт бяздзеяння будынка былой гарадской пякарні. Прадстаўнік з “Берасцейскага пекара” заўважыла, што хлебабулачная прадукцыя выпякацца тут не будзе, а хутчэй за ўсё ў недалёкім будучым пачнуць варыць солад.
На нарадзе прадстаўнікі ад розных калектываў — дырэктары, менеджэры, тэхнолагі, маркетолагі — расказвалі пра асартымент сваёй прадукцыі, цэны на яе, новыя віды, над распрацоўкай якіх зараз працуюць. Дзякуючы рэкламе і працяглай працы такіх прадпрыемстваў як камбікормавы завод, камбінат бытавога абслугоўвання, жабінкаўцы, здаецца, знаёмыя з выпускаемай прадукцыяй, якая атрымала добрую адзнаку ў мясцовых пакупнікоў.
Колькі слоў пра тую, што з’явілася на рынку рэалізацыі не так даўно. Найперш булкі і розныя мучныя саладосці ад “Сладанежа”. На нарадзе-семінары дырэктар таварыства Дзмітрый Сямёнавіч Жаркоў расказаў пра асартымент выпускаемай прадукцыі, якой тут выпякаецца звыш 20 найменняў, пра рэалізацыю яе і, пра запазычанасць гандлёвых прадпрыемстваў перад вытворцамі. Тым, хто гандлюе мучной выпечкай скажам, што “сладанежаўцы” вырабляюць некалькі відаў аўсянага пячэння, цукровага, слоек, пышак, булкі для хот-догаў і інш.
І выстава, і гаворка паказалі, што ў нас, пад бокам, выпускаюцца тавары не горшыя за замежныя. Да прыкладу, спальная бялізна з дабротнай тканіны разнастайнай колеравай гамы, падушкі, коўдры, наматрацнікі, пашытыя жабінкаўскімі швачкамі. Заслугоўвае ўвагі і рабочая вопратка, і джэмперы, вырабленыя зноў жа ў быткамбінаце. Дый многа чаго іншага.
ААТ “Кобрынскі хімік”, “Пружанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў” паверце, дапамогуць у будаўніцтве вашага дома ці офіса, а “Брэсцкае піва” сваімі напоямі, дзе строга захаваны арыгінальныя рэцэпты і тэхналогіі, натоляць смагу і дапамогуць атрымаць запал энергіі для актыўнага ладу жыцця. Сухі корм для чацвераногіх сяброў, што вырабляецца на камбікормавым заводзе (дарэчы тут спалучаюцца толькі натуральныя прадукты і адсутнічаюць хімічныя дабаўкі), забяспечаць цудоўнае развіццё вашага гадаванца.
Л.Косціна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top