Амаль паўстагоддзя навучала дзяцей

Амаль паўстагоддзя навучала дзяцей

учитель

Ці ведала тады Марыйка, ступаючы на перон у Жабінцы, што чакае яе, маладзенькую настаўніцу? Машыніст даў сігнал, нібы пажадаў усім шчаслівай дарогі, і накіраваў цягнік далей, на Брэст. А яна, з чамаданчыкам у руках, разгублена азіралася. Горад падаўся ёй нейкім шэрым і панурым, новыя туфлі бязлітасна нацёрлі ногі. Будучае, якое малявала сабе вясёлкавым і шчаслівым, звязваючы яго з назвай Жабінка, зараз чамусьці палохала.

На ганку райвыканкама Марыйка нарэшце дала волю слязам. Праўда, больш такой жаноцкай слабасці сабе не дазваляла. Цяпер узгадвае з усмешкай падзеі паўвекавой даўніны: дурніца, у Жабінцы змагла рэалізаваць сябе як маці, жонка, жанчына, настаўнік…
…У Марыі Рыгораўны Марковіч прафесія, так бы мовіць, сямейная: дзядзька, цётка, абедзве сястры прысвяцілі сваё жыццё выхаванню чыстых дзіцячых душ. Таму яна пасля школы не вагалася з выбарам прафесіі: паступіла ў Мазырскі педагагічны інстытут, пасля яго заканчэння атрымала дыплом настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Праўда, так склалася, што ніводнага ўрока не давялося прысвяціць роднай мове – вучыла дзяцей рускай мове і літаратуры. Пісаць сваю працоўную біяграфію Марыя Рыгораўна папрасілася ў Жабінку – жыхарцы Жыткавіцкага раёна спадабалася лірычная назва горада. Маладому спецыялісту знайшлося месца моваведа ў Крыўлянскай школе. Разам з дзвюма такімі ж выпускніцамі інстытута, настаўніцамі матэматыкі і геаграфіі, у далёкім ужо 1967 годзе ўпершыню ўвайшла ў клас тады яшчэ драўлянай, “старой” школы.
– Я дагэтуль памятаю позіркі маіх вучняў, – узгадвае маладосць сённяшні ветэран. – Цікаўныя, “жывыя” вочы праглі ведаў. Дзеці “лавілі” кожнае слова, уважліва слухалі мяне на ўроках. Радавалася, калі бачыла іх у бібліятэцы з кніжкамі аўтараў, вершы ці аповеды якіх чытала ім у класе. Верыла, што дзецям цікава, што іх душы кранае Слова, сказанае класікамі. Калі пабудавалі новую, прасторную цагляную школу ў Крыўлянах, запрасіла вучняў у драматычны гурток. Жадаючых адбою не было! Мы нават “Паўлінку” ставілі…
Марыя Рыгораўна Марковіч з цеплынёю ў голасе расказвае пра гады настаўніцтва ў школе, калег, вучняў. “Колькі дзяцей я вучыла – не падлічыць… Яны вырасталі і прыводзілі сваіх сыноў і дачок – маленькіх, віхрастых, з курносымі тварыкамі і тугімі касічкамі. І ўсё пачыналася, нібы з чыстага аркуша…” Дзеці навучылі яе быць чалавечнай, добрай, чулай. “Галоўнае, лічу, не пяцёрка ў дзённіку (хаця і гэта важна), а якім чалавекам вырасце дзіця – бяздушнай зайздроснай машынай, што ўмее толькі загадваць, або асобай з залатым сэрцам, якая ўмее суперажываць, падтрымаць у цяжкую хвіліну, парадавацца дасягненню ці ўменню іншых. На жаль, матэрыяльныя каштоўнасці ўсё больш пераважаюць над духоўным багаццем сучасных дзяцей. Іх усё цяжэй нечым здзівіць на ўроку. Захапіць вучняў томікам Ахматавай ці Пушкіна складаней, чым, скажам, навамодным айфонам ці планшэтам. Нават вясковыя дзеці ўсё больш маюць зносіны ў сацыяльным сеціве, чым ужывую… Каб дзіця зацікавіць на ўроку, трэба найперш любіць сваю работу, прысвячаць ёй увесь свой час, жыць ёю, “гарэць”… І верыць, што сказаныя табой словы патрапяць у чыстыя душы дзяцей і прарастуць парасткамі дабрыні. Марыя Рыгораўна Марковіч не хавае гонару: за амаль што паўвекавы працоўны стаж яна дала дарогу ў шырокі свет некалькім сотням вучняў. Многімі з іх яна ганарыцца. Напрыклад, гледзячы на любімую настаўніцу, абралі гэтую прафесію яе вучаніцы – Ірына Леванюк, Вікторыя Кавальчук, Наталля Конан. Некаторыя яе выхаванцы – сёння вядомыя ў раёне і вобласці людзі, ветэран радуецца іх поспехам і дасягненням. Так, Жанна Падрубная – дырэктар музея ў Сяхновічах, Алег Бутрым узначальвае раённую пажарную інспекцыю, ягоная жонка Вольга працуе тэрапеўтам у райбальніцы, а Аліна Місюра – урачом-нарколагам. Старшыня Крыўлянскага сельсавета Анатоль Марчук – таксама яе вучань, сын Віктар Міхайлавіч узначальвае СВК “Шпіталі”… Гэты спіс можна працягваць. Былыя вучні працуюць у Брэсце, Мінску, іншых гарадах і з цеплынёй узгадваюць сваю настаўніцу, часта звоняць ёй, вітаюцца пры сустрэчы.
– Не памятаю, каб мне або маім дзецям Марыя Рыгораўна паставіла “двойку”, – кажа старшыня Крыўлянскага сельсавета Анатоль Фёдаравіч Марчук. – Яна ніколі не ганіла за невывучаны верш, не цягала за вушы неслухаў. Мы яе шчыра любілі і паважалі. Нават заўважалі: калі Марыя Рыгораўна выпісвала атэстат выпускніку – той абавязкова паступіць у ВНУ. Яна – настаўніца ад Бога. Як шкада, што такіх чалавечных, натхнёных, адкрытых людзей, адданых сваёй справе, у школах становіцца ўсё менш і менш. Я ўдзячны лёсу, што ў маім школьным дзяцінстве была яна…
…На паліцах Марыі Рыгораўны шчыльненька стаяць томікі яе любімых аўтараў: Цвятаевай, Ахматавай, Платонава, Распуціна, Чынгіза Айтматава. Над імі вісіць дыплом лаўрэата Пушкінскай прэміі. Ён у прыгожай рамцы, і групавы фотаздымак нагадвае жанчыне аб конкурсе “Я храню тебя, русская речь, русское слово”, які праводзіўся Маскоўскай мэрыяй. На гэты конкурс даслалі сваё эсэ 180 удзельнікаў з Беларусі, з якіх былі адабраны пяць лепшых работ. У іх ліку аказалася і праца настаўніцы з Крыўлян. Яе запрасілі ў Маскву на ўганараванне як пераможцы. У спісе асабістых узнагарод – атрыманы нагрудны знак “Выдатнік народнай адукацыі”, стос грамат і дыпломаў рознага ўзроўню. Аднак самым галоўным дасягненнем настаўніца лічыць сваіх вучняў, якія знайшлі сваё месца ў жыцці, памятаюць яе.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: Марыя Рыгораўна Марковіч.
Фота аўтара.
P.S. Заўтра Марыя Рыгораўна адзначыць 70-гадовы юбілей, з якіх амаль паўстагоддзя яна прысвяціла настаўніцкай справе. Мы далучаемся да віншаванняў былых вучняў і зычым вам, шаноўная Марыя Рыгораўна, моцнага здароўя, жыццёвага запалу, яркіх падзей!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro