Пайсці… назаўсёды

Пайсці… назаўсёды

r_nw2gtp1xfWio7p

Каля 100 жыхароў вобласці сёлета добраахвотна пайшлі з жыцця.
Традыцыйна ў верасні на Брэстчыне праходзіць месячнік па папярэджанні самагубстваў. Гэта не самая прыемная тэма для размовы, аднак жыццё паказвае, наколькі важна яе абмяркоўваць.
Штогод у свеце здзяйсняецца каля аднаго мільёна самагубстваў, суіцыдальных спроб – у дзесяць разоў больш. Самагубства, як прычына смерці, займае другое месца ў Еўропе пасля дарожна-транспартных здарэнняў сярод загінулых ва ўзросце ад 15 да 35 гадоў.
У Брэсцкай вобласці за паўгода здзейснена 98 суіцыдаў, на Жабінкаўшчыне за мінулы перыяд бягучага года – тры выпадкі. Суіцыдальных спроб у раёне ажыццёўлена 12, сярод тых, хто спрабаваў пайсці з жыцця, 16-гадовая дзяўчына. Калі ж гаварыць пра вобласць у цэлым, то за паўгода скончылі жыццё самагубствам чатыры падлеткі і 30 ажыццявілі спробы пайсці назаўсёды, прычым сярод іх адзін хлопчык і 29 дзяўчынак. Суіцыд у юнацкім узросце ніколі не бывае выпадковасцю. Калі дзіця зрабіла крок з жыцця, значыць яно доўга думала пра гэта, было ў дэпрэсіі. Бацькі і педагогі павінны дапамагчы падлетку адказаць на вельмі важнае пытанне: “У чым каштоўнасць майго жыцця?” Ні ў якім выпадку нельга прыніжаць дзіця, яно – маленькая асоба са сваімі перажываннямі, праблемамі, на якія нельга закрываць вочы. Неабходна вучыць падлетка знаходзіць выхад з любой стрэсавай сітуацыі. Калі ў дзіцяці крызіс, яго нельга адштурхоўваць, яго трэба выслухаць і пачуць. Інакш падлетак акунецца ў віртуальны свет або замкнецца ў сабе.
Матывы суіцыдальнага акта могуць быць розныя. Гэта пратэст ці помста каму-небудзь з блізкіх, крык аб дапамозе, самапакаранне, рацыянальная адмова ад жыцця і многае іншае. Людзі, якія здзейснілі суіцыд, звычайна пакутуюць ад вялікага душэўнага болю ці знаходзяцца ў стане моцнага стрэсу, а таксама адчуваюць немагчымасць справіцца са сваімі праблемамі, маюць эмацыянальныя парушэнні і глядзяць на будучае без надзеі.
Прычыны суіцыду разнастайныя: страта блізкага чалавека, працы, выхад на пенсію, адзінота, дэпрэсіўнае расстройства, цяжкае саматычнае хранічнае захворванне, алкагалізм, таксікаманія, наркаманія і іншыя.
Суіцыд ніколі не бывае следствам адзінага фактара ці падзеі. Да яго звычайна прыводзяць складаныя спляценні многіх фактараў, такіх як непрыемнасці ў сям’і, злоўжыванне алкаголем, міжасабовыя канфлікты і жыццёвыя падзеі, што выклікаюць стрэс, фізічныя ці псіхічныя захворванні, адзінота, адсутнасць маральнай падтрымкі ад блізкіх людзей.
Сярод тых, хто намерыўся здзейсніць суіцыд, ад 70 да 75 працэнтаў людзей, якія тым ці іншым спосабам паказваюць свае намеры. У такіх выпадках блізкія і родныя людзі могуць працягнуць ім руку дапамогі, атуліць клопатам, цеплынёй і падтрымаць у цяжкія хвіліны. Усё гэта можа паспрыяць таму, што чаша вагаў нахіліцца ў бок жыцця.
Прафілактыка суіцыдаў – гэта не толькі медыцынская, але і сацыяльная задача. Жыццёвая неўладкаванасць, праблемы сацыяльнага, эканамічнага характару, злоўжыванне спіртнымі напоямі (больш за 60% самагубстваў здзяйсняюцца менавіта ў стане алкагольнага ап’янення) – вось прычыны гэтага страшнага кроку. Лічу, што адзін з галоўных відаў прафілактыкі суіцыдаў – прапаганда здаровага ладу жыцця.
Асобы, якія знаходзяцца ў вельмі цяжкай, здавалася б, безвыходнай сітуацыі ці пакутуюць ад дэпрэсіі, могуць звярнуцца да ўрача-псіхіятра ў кабінет № 35 паліклінікі Жабінкаўскай ЦРБ у працоўныя дні з 8 да 13 і з 14 да 17 гадзін або патэлефанаваць на нумар 2-29-29. А каб атрымаць экстраную псіхалагічную дапамогу, звяртайцеся на “тэлефон даверу” ў Брэсце: 8(0162)40-62-26. Ён працуе кругласутачна.
Марыя ВАЙЦЮК, урач-псіхіятр УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro