Да нас у госці завіталі разьбяры

Да нас у госці завіталі разьбяры

IMG_8432

Вёску Малыя Сяхновічы, што на Жабінкаўшчыне, ведаюць у розных куточках краіны: яна звязана з імем Тадэвуша Касцюшкі. Але ж у мінулую нядзелю іншая нагода сабрала тут гасцей. На знакамітай сяхновіцкай зямлі стартаваў XIII абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры.

Вакол святочнай пляцоўкі, падрыхтаванай каля раённага гісторыка-краязнаўчага музея, размясцілася шматлікая публіка. Першым вітаў прысутных вакальны ансамбль “Белыя росы” Азяцкага сельскага Дома культуры. Песні, пад якія так і цягнула кінуцца ў скокі, упрыгожылі свята і прыдалі ўсім добрага настрою.
Мерапрыемства такога ўзроўню не магло абысціся без ганаровых гасцей, іх сустракалі важкім караваемIMG_8467 і песняй “Хлеб ды соль”. Рэжысёр АМЦ аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, вядучая мерапрыемства Аксана Капчук прадставіла прысутным гасцей і запрасіла іх да мікрафона.
Цёплыя словы ўдзельнікам пленэру сказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Жабінкаўскага райвыканкама Вера Бортнік:
– Такі пленэр на Жабінкаўшчыне ладзіцца ўпершыню, і вельмі прыемна, што гэта падзея праходзіць у нас у Год культуры. Сімвалічна, што для сустрэчы была абрана вёска Малыя Сяхновічы – зямля, з якой звязана жыццё і дзейнасць нашага славутага земляка Тадэвуша Касцюшкі.
Вера Уладзіміраўна выказала словы ўдзячнасці ўсім майстрам, якія прынялі запрашэнне прыехаць наIMG_8437 гасцінную жабінкаўскую зямлю, каб паўдзельнічаць у гэтым праекце. Яна звярнула ўвагу прысутных, што мерапрыемства будзе праходзіць на базе музея з 18 па 24 верасня, і выказала спадзяванне, што яно стане цікавым, насычаным і плённым.
– Прызнаюся, што Сяхновічы назаўжды засталіся ў маім сэрцы, – пачала прывітальныя словы загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-IMG_8463культурнага цэнтра Ларыса Быцко. – Я ехала сюды і думала: ці пабачу ў Малых Сяхновічах тых людзей, з якімі працавала паўгода пад час праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць”, разам мы падрыхтавалі шмат цікавага. Вельмі рада ўбачыць тут зноў сваіх знаёмых. Гэта ўжо XIII абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры. Яго гісторыя распачалася ў 2002 годзе. Тады пленэр праходзіў на Ганцаўшчыне і быў прысвечаны дню нараджэння Якуба Коласа. Геаграфія нашых сустрэч шырокая – кожны раз стараемся праводзіць іх у новым месцы. Такія IMG_8479мерапрыемствы маюць вялікае значэнне: вырабы майстроў застаюцца ў скарбонцы тых аб’ектаў, дзе былі зроблены, і пасля даюць магчымасць мясцовым жыхарам і турыстам паглыбляць веды пра гісторыю свайго краю, людзей, якімі неабходна ганарыцца.
У гэты надвячорак прысутныя пазнаёміліся з майстрамі, якія завіталі ў Малыя Сяхновічы з розных куткоў Беларусі, каб цэлы тыдзень працаваць на нашай зямлі і адкрываць для жабінкаўцаў незвычайны свет апрацоўкі дрэва. Пад час пленэру можна будзе назіраць за работай Мікалая Скляра з Гродна, Аляксандра Лазеркі з вёскі Вістычы Брэсцкага раёна, Валерыя Манцэвіча з Драгічына, Міколы Задрэйкі з гарадскога пасёлка Івянец Мінскай вобласці, Сяргея Козела з Баранавічаў і народнага майстра Рэспублікі Беларусь Анатоля Туркова з Камянца.
Па традыцыі самы старэйшы разьбяр – Мікалай Скляр – зрабіў першую зарубку. Разам з ім усе госці пленэру паспяшаліся да вялікіх бярвенняў таполяў, каб паглядзець на тое, як майстар гэта зробіць. IMG_8434Некалькі ўзмахаў сякеры – і вось ён, кавалачак дрэва, на якім усе разьбяры пакінулі свае імёны на памяць аб гэтай сустрэчы. Ён будзе захоўвацца ў музеі і нагадваць аб значным мерапрыемстве, што адбылося ў верасні 2016 года на жабінкаўскай зямлі.
Ларыса Мікалаеўна Быцко патлумачыла, што слова “пленэр” прыйшло да нас з французскай мовы і азначае працу на адкрытым паветры, таму на працягу тыдня кожны жадаючы зможа завітаць у Малыя Сяхновічы і паназіраць за цікавай работай умельцаў. Гатовыя скульптуры можна будзе ўбачыць у суботу, 24 верасня, на вернісажы. А пакуль разам з майстрамі рабіце цікавыя адкрыцці ўласцівасцяў дрэва. У гэтым вам дапаможа і раённая газета, якая будзе асвятляць незабыўныя моманты мерапрыемства. Да сустрэчы на пленэры разьбяроў!
Дар’я НІКАНЧУК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота Алёны НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top