“Салодкія” слівы

“Салодкія” слівы

full_Reine-Claude-520x313

Сябры Віця і Вася вярталіся з рыбалкі. На рэчку яны пайшлі рана, ледзь толькі ўзышло сонца, а цяпер ужо поўдзень. Хлопчыкі добра прагаладаліся, сонца прыпякала, і іх размарыла спёка, таму ішлі моўчкі. Праўда, улоў на гэты раз іх задаволіў, бо ў вядзерцы пляскаліся штук за дваццаць хоць і невялікіх, але таўсматых карасікаў. Прайшлі сцежкаю праз луг, увайшлі ў вёску. Адразу павеяла прахалодай, бо вясковая вуліца была паабапал абсаджана дрэвамі, якія даўно ўжо разрасліся і цяпер давалі на дарогу прыемны цянёк. Як толькі параўняліся з хатай дзядзькі Васіля і цёткі Зіны, хлопчыкі, не згаворваючыся, прыцішылі крок. “Сліў хочацца”, – першым адазваўся Віця. “Пэўна, паспелі ўжо, – пагадзіўся Вася, – заглянём?” Слівы дзядзькі Васіля ведала амаль уся вёска. Былі яны вялікія, жоўтыя, сакаўныя і салодкія, што мёд.
Больш ваганняў у хлопцаў не было. Сябры добра ведалі, што ў гэты час гаспадароў дома не бывае, бо дзядзька Васіль працаваў на камбайне, у полі, а цётка Зіна рупілася на ферме. Паставілі вядзерца з вудачкамі ў куст бэзу ля брамкі і ўвайшлі ў двор, праз весніцы вышлі ў сад. Сліва расла амаль каля самага плоту. Жаўтабокія плады вабілі сяброў. Праўда, жоўтыя былі толькі з аднаго боку, а з другога – чамусьці зусім зялёныя. Нават на “вока” было відаць, што слівы яшчэ недаспелі. Але хлопцы нават не звярнулі ўвагі на гэта, а пачалі хуценька рваць, напаўняючы кішэні. “Што ж гэта вы тут робіце, нягоднікі?”, – раздаўся раптам з-за плота голас. Малыя шкоднікі аж затрымцелі ад нечаканасці. Глянулі праз плот і пазналі бабулю Насту. Яна вярталася з лесу, куды часта хадзіла па зёлкі. Хоць ёй ужо за восемдзесят, але бабуля Наста рухавая і ўвішная. Як толькі хлопцы апамяталіся, то кінуліся хто куды. Прабеглі праз сад, двор, выскачылі на вуліцу, але кінуліся не ў вёску, а назад, праз луг, да ракі. Аддыхаліся, прыселі пад куст і сталі выгружаць з кішэняў “трафеі”. Першым паспрабаваў сваю “здабычу” Віця. Ён адкусіў, але праглынуць не змог. Спачатку скрывіўся, потым зморшчыўся, хвіліну памаўчаў і раптам шпурнуў надкусаную сліву далёка ў траву. Нічога не разумеючы, Вася таксама адкусіў і адразу выплюнуў. Сліва была цвёрдая і такая кіслая, што зводзіла сківіцы. “Вось і паелі “салодкіх” сліў”, – змрочна зазначыў Віця. Крыху пасядзеўшы, хлопцы моўчкі пайшлі назад у вёску, забралі вуды, рыбу і падаліся па дамах. Гуляць у гэты вечар Віця не пайшоў і нават не павячэраў, а адразу папрасіўся спаць. Маці глядзела на хлопчыка ўважліва, але нічога не пытала.
Спаў ён ноччу таксама кепска. Сніліся кінутыя ў густой траве, да часу сарваныя, змарнаваныя без патрэбы слівы.
Раніцай маці паставіла перад хлопчыкам талерку з кашай і, наліваючы ў шклянку малако, расказала, што сёння ля калодзежа цётка Зіна журылася, што ўчора хтосьці абарваў іх сліву. Шкадуе, бо слівы ж, казала, вельмі смачныя, салодкія. “Ага, салодкія, у рот не ўзяць, кісляціна!” – забыўшыся, выгукнуў Віця і асекся, пачырванеў, як рак, апусціў галаву, не гледзячы на маці. У хаце стала ціха. Гаспадыня прысела на ўслончык і маўчала, потым ціха, як бы ў роздуме, загаварыла: “Мне баба Наста яшчэ ўчора ўсё расказала, і я чакала ад цябе прызнання, а цяпер вось сяджу і думаю, каго гэта я гадую: манюку і баязліўца? Не хапае ў майго сына мужнасці прызнацца ў сваім учынку.” “Я не баязлівец! – хацеў моцна запярэчыць Віця, але глянуў у сумныя і дакорлівыя вочы маці, толькі ніжэй апусціў галаву, і слёзы самі закапалі проста ў кашу, такую салодкую, смачную і любімую.
Лідзія ЗІНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro