Ішлі зімы, леты…

Ішлі зімы, леты…

Час ідзе. Не, ён імкліва ляціць. Здаецца, зусім нядаўна я прыйшла працаваць у рэдакцыю “Сельскай праўды”, а было ж гэта ў ліпені 1976 года. Маладыя, энергічныя журналісты прынялі мяне, нявопытную машыністку, добразычліва. Сярод іх быў высокі, статны, чорнавалосы, на першы погляд строгі загадчык сельгасаддзела Іван Сямёнавіч Міцковіч.
У рабочых буднях раскрываўся характар Івана Сямёнавіча. Заўсёды ўважлівы, тактоўны, умеў пажартаваць, даць карысную параду, бо чытаў многа кніг, часопісаў, газет, адкуль чэрпаў веды. Не раз я звярталася да яго з пытаннямі, пачынаючы словамі: “Іван Сямёнавіч, вы ведаеце ўсё, адкажыце мне…” Усміхнуўшыся, маўляў, усё ведаць немагчыма, ён пачынаў тлумачыць, а калі ўзнікала неабходнасць, тэлефанаваў, удакладняў, каб даць грунтоўны адказ.
Неяк унук звярнуўся да мяне: “Бабуля, мне трэба напісаць рэферат пра знакамітага чалавека” (не памятаю, пра каго, даўно гэта было). Загадзя ведала, да каго звярнуцца па дапамогу. Акрамя энцыклапедыі, дзе ён хуценька знайшоў патрэбную старонку, Іван Сямёнавіч прынёс кнігу з хатняй бібліятэкі, дзе таксама быў патрэбны матэрыял. І яшчэ. Унук вырашыў пакасіць траву на падворку (дзякуй настаўніку з першай гарадской школы, што навучыў хлопцаў, як карыстацца касою). Каса аказалася тупаватай. Я зноў: “Іван Сямёнавіч, вы ўмееце накляпаць касу?” — “Умею”. І наладзіў касу па-сялянску спраўна.
Была пара суботнікаў. Калі ў калгас ехалі, а калі ўпарадкоўвалі тэрыторыю каля рэдакцыі. І ніколі я не бачыла, каб Іван Сямёнавіч стаяў, спадзеючыся, што хтосьці і за яго папрацуе. Яму былі падуладны і пяро, і рыдлёўка, і сякера, і малаток…
Стаўшы рэдактарам, ён па-ранейшаму не цураўся аніякай работы. Падыходзілі халады, трэба было паставіць зімовыя вокны ў будынку рэдакцыі. Іван Сямёнавіч, не чакаючы нікога, прыносіў іх, замацоўваў, каб зіма не застала знянацку.
Было, некалькі разоў псаваўся замок ва ўваходных дзвярах у рэдакцыі. І тут умелыя і руплівыя рукі рэдактара ліквідоўвалі непаладку. У ягоным рабочым стале, дарэчы заўсёды, былі неабходныя інструменты, рэчы, каб аказаць “хуткую гаспадарскую дапамогу”.
Ці магчыма ўспомніць усё, што праплыло, а што і прамільгнула за 27 гадоў працы поруч з Іванам Сямёнавічам? Набягаюць у памяці словы: ён і жнец, і касец, і на дудзе ігрэц…
Бясконца шкада, што пра ўсё, звязанае з імем Івана Сямёнавіча, даводзіцца гаварыць у мінулым часе.
Я.ГРЫЦУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top