Расширяется строительство в Жабинковском районе

Расширяется строительство в Жабинковском районе

На зямлі жабінкаўскай з гадамі шырыцца будаўніцтва. Узводзяцца новыя вытворчыя прадпрыемствы, малочнатаварныя фермы, рэканструецца інфраструктура, будынкі сацыяльна-культурнай сферы, гандлю і бытавых паслуг. Асабліва многа будуецца жылля: кааператыўнага і індывідуальнага. Пра гэта сведчаць новыя мікрараёны. Індывідуальныя забудоўшчыкі найчасцей бяруць сабе ўчасткі бліжэй да горада, менавіта, тут самыя зручныя выгоды: блакітнае прыроднае паліва, водаправод, чыгуначнае і аўтамабільнае забеспячэнне на належным узроўні. З гэтых прычын адны з самых прыдатных землі населеных пунктаў Жабінкаўскага сельскага Савета.
— Сапраўды так, — пацвердзіла старшыня сельвыканкама Галіна Сцяпанаўна Акуліч. — На чарзе для паляпшэння жыллёвых умоў пазалетась у нас было 39 чалавек, да іх у 2010 годзе дабавілася яшчэ 8 сем’яў. 26 жадаючых атрымалі ўжо льготныя крэдыты на будаўніцтва і рэканструкцыю жылля. Літаральна летась узнік новы квартал забудовы “Шчэглікі-паўднёвы”, у якім налічваецца 56 участкаў. Размяшчаецца ён на 12 гектарах меліяраваных земляў саўгаса “Жабінкаўскі”. Так што, згодна з адпаведным рашэннем Брэсцкага аблвыканкама, кожнаму забудоўшчыку трэба вярнуць дзяржаве прыкладна 2 мільёны рублёў. Але гэта не перашкода — ва ўсіх участкаў ёсць ужо гаспадары, у асноўным маладыя сем’і.
У гутарцы Галіна Сцяпанаўна зазначыла, што ўчасткі выдзяляліся згодна з часам пастаноўкі на ўлік, найперш тым, хто жыве ў Шчэгліках ці на тэрыторыі сельсавета, затым гараджанам, а пасля і грамадзянам з іншых населеных пунктаў. Дарэчы, ёсць забудоўшчыкі з Крыўлянскага і Сцяпанкаўскага сельсаветаў. Атрымалася так, што ўсе шчэглікаўцы — шэсць маладых сем’яў — аблюбавалі ўчасткі на адной вуліцы, у будучым будуць суседзямі. А яно, суседства, ужо не за гарамі, дзякуючы клопатам дзяржавы. У новым квартале забудовы за бюджэтныя сродкі праведзена электрыфікацыя. Патрачана каля 400 мільёнаў рублёў. Столькі ж фінансаў пойдзе на будаўніцтва інфраструктуры: сёлета будуць зроблены вуліцы і пад’езды да новабудоўляў. Працягваецца афармленне дакументаў маладым забудоўшчыкам, вясной можна будзе браць банкаўскія пазыкі, заліваць падмуркі і будавацца.
Найважнейшай прычынай, якая паспрыяла выбару квартала забудовы тут, стала газіфікацыя Шчэглікаў у 2009-2010 гадах. Ёсць ужо 90 карыстальнікаў прыроднага блакітнага паліва. Зноў жа пры будаўніцтве газаправода не абышлося без дапамогі дзяржавы: 70% яго кошту аплачана з бюджэту краіны, астатнія 30% спажыўцамі паліва, з цягам часу будзе і водаправод. У планах — будаўніцтва новага магазіна. Галіна Сцяпанаўна Акуліч запэўніла, што да 2030 года Шчэглікі, як і іншыя вёскі сельсавета ўвойдуць у межы горада паводле генеральнага плана яго развіцця.
— У вёсках Жабінкаўскага сальсавета няма ў дастатку свабодных участкаў пад забудову, — дадала яго старшыня. — Правялі ўшчыльненне вуліц у Сцяброве, Здзітаве. Знайшлося па адным у кожнай з гэтых вёсак. Паводле санітарна-гігіенічных нормаў можна выдзеліць пад забудову. Слова за спецыялістамі раённай архітэктуры, над дакументацыяй на іх тут цяпер яны і працуюць. Нагараны, Навасады, Салейкі аблюбавалі берасцейцы. Купляюць дамы, рэканструюць іх хто пад дачы, хто пад пастаяннае жыллё. Гэта намі вітаецца, таму што вёскі абнаўляюцца, на месцах старых пабудоў узнікаюць дабротныя.
Найбольш перспектыўныя вёскі сельсавета — Курпічы і Сцяброва. Тут ёсць і прыродны газ, і цэнтралізаванае водазабеспячэнне, пабудавана шмат домікаў у рамках Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі. Напрыклад, толькі летась у Сцяброве здадзена два саўгасныя дамы і чатыры завершаны індывідуальнымі забудоўшчыкамі. Новая вуліца ўзнікла ў Курпічах, дзе 15 дамоў узведзена для рабочых і спецыялістаў саўгаса, 7 — сельгастэхнікі і 7 — рыбгаса “Сакалова”.
Праведзенае ўшчыльненне Курпічаў дапамагло выявіць тры ўчасткі, у імгненне вока іх забралі індывідуальныя забудоўшчыкі. Чаму менавіта тут аблюбоўваюцца мясціны? Адказ просты. У бліжэйшай перспектыве на ўчастку ўздоўж дарогі, якая “бяжыць” на Камянец, вырастуць новы камбікормавы завод, які збіраецца ўзводзіць фірма “Консул”, цэх для перапрацоўкі рыбы, вырашчанай сакалоўскімі рыбаводамі і сучасная малочнатаварная ферма саўгаса “Жабінкаўскі”. І праца, і жыллё будуць побач. А побытавыя зручнасці ў вёсцы ўжо ёсць, зробленыя яны зноў жа не без дапамогі кіраўніцтва вобласці, раёна… Дый дом пабудаваць без дапамогі дзяржавы не кожны зможа. Насустрач забудоўшчыкам ідуць банкі, якія выдаюць ільготныя пазыкі тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Так, у раёне больш чым 2000 сем’яў атрымалі іх на будаўніцтва і рэканструкцыю жылля і 125 — на газіфікацыю.
Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top