Каб ваш веласіпед не стаў наступным

Каб ваш веласіпед не стаў наступным

slide_shutterstock_47359000

На двары, нягледзячы на восень па календары, стаіць яшчэ цёплае, летняе надвор’е, таму ўладальнікі веласіпедаў не спяшаюцца расставацца са сваімі любімымі двухколавымі сябрамі. Але, каб іх не ўкралі (а летам крадзяжоў веласіпедаў было шмат), неабходна паклапаціцца пра іх бяспеку.
Так, з пачатку года ў Брэсцкай вобласці выкрадзена 397 веласіпедаў, з іх 87 у Брэсце, 60 – у Пінску, па 34 – у Лунінецкім, Столінскім раёнах і Баранавічах. На Жабінкаўшчыне сёлета адбылося 9 здарэнняў, у якіх аб’ектам злачынных дзеянняў выступіў гэты двухколавы транспарт. Асноўная прычына здзяйснення дадзенага віду крадзяжоў – бесклапотнасць саміх уладальнікаў, якія пакідаюць веласіпеды без нагляду каля магазінаў, паштовых аддзяленняў, у пад’ездах або на вуліцы.
Міліцыя звяртаецца да грамадзян і дае некалькі рэкамендацый, як не застацца без любімага сродку перамяшчэння:
– не пакідайце свой веласіпед у месцах агульнага карыстання без нагляду, нават калі вы адлучаецеся ненадоўга;
– абсталёўвайце яго прыладай блакіроўкі колаў;
– прымацуйце свой веласіпед да стацыянарных прадметаў пры дапамозе спецыяльнага замка, які прышпільваецца, пажадана ў полі зроку камер відэаназірання;
– ні ў якім разе не давайце незнаёмым людзям карыстацца вашым двухколавым транспартам;
– нікому не называйце сапраўдны кошт свайго веласіпеда;
– не пакідайце нават на прышпіленым веласіпедзе аксесуары: помпу, сумку на раме, бутэльку з вадой – гэта можа прыцягнуць злодзеяў;
– пры адсутнасці пашпарта на веласіпед, перапішыце яго дакладную назву, мадэль і нумар рамы, сфатаграфуйце, каб веласіпед лягчэй было адшукаць і ідэнтыфікаваць у выпадку здзяйснення кра-дзяжу.
Што рабіць, калі вашага двухколавага сябра ўсё ж такі ўкралі? Неабходна неадкладна паведаміць пра гэта ў міліцыю, даць поўнае апісанне веласіпеда, яго характарыстыкі, адметныя асаблівасці і растлумачыць, дзе і пры якіх абставінах адбыўся крадзеж.
Памятайце: выкананне дадзеных мер засцярогі дапаможа захаваць вашу маёмасць. Выконваючы гэтыя парады, вы дасце злачынцам нашмат менш магчымасцяў для радасці ад чарговай нажывы, а сабе прадоўжыце задавальненне ад паездак на веласіпедзе.
Калі ж вы сталі сведкай крадзяжу ці самі пацярпелі ад дзеянняў зламыснікаў, неадкладна паведаміце пра гэта ў міліцыю на нумар 102. За дробны крадзеж маёмасці заканадаўствам прадугле-джана адказнасць у выгля-дзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў ці адміністрацыйны арышт. Крадзеж караецца грамадскімі работамі ці штрафам, выпраўленчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, арыштам на тэрмін да 6 месяцаў, абмежаваннем волі да трох гадоў ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Калі вам што-небудзь вядома аб тым, дзе захоўваецца выкрадзены веласіпед, а таксама аб асобах, якія здзейснілі крадзяжы, вы можаце ананімна паведаміць пра гэта (тэлефон даверу УУС Брэсцкага аблвыканкама (80162)20-08-16; 102). За інфармацыю, па якой будзе раскрыта злачынства, гарантуецца ўзнагарода.
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС;
Ганна Івашчанка, прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro