“Драмлёва – боль у маёй душы”

“Драмлёва – боль у маёй душы”

Музей 2
Пад такой назвай у Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці вёскі Драмлёва, жыхары якой былі зажыва спалены 11 верасня 1942 года. У ім актыўны ўдзел прынялі навучэнцы 4 “А” класа другой гарадской школы і пяцікласнікі Крыўлянскай адзінаццацігодкі.
Мерапрыемства пачалося з залы баявой славы. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю і разуменнем слухалі аповед пра лётчыкаў Аляксандра Жмаева і Івана Фядзяя, якія аднымі з першых сустрэлі ворагаў у нашым небе і цаной сваіх жыццяў ратавалі мясцовае насельніцтва ад нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў.
Не менш трагічны лёс яўрэяў, што жылі на Жабінкаўшчыне. Ні ў чым не павінныя людзі гінулі ад куль ворагаў і здзекаў, паміралі ў страшных пакутах. Калі задаю пытанне, чаму мы сёння, у дзень памяці Драмлёва, гаворым не толькі аб трагедыі жыхароў гэтай вёскі, але і аб іншых зверствах фашыстаў на нашай зямлі, то адзін з хлапчукоў сур’ёзна адказвае: “Бо мы павінны памятаць усё, каб такія жахі больш не паўтарыліся”.
Далей размова ішла пра доблеснага Міхаіла Чарнака і яго партызанскі атрад, што дзейнічаў у Старым Сяле, пра жабінкаўскае падполле. Нарэшце, юныя наведвальнікі падышлі да экспазіцыі, прысвечанай трагічнаму лёсу Драмлёва. Свой аповед вяду спакойным голасам і разумею, што ён па-здрадніцку дрыжыць. “Ні ў чым не вінаватыя. За што? Бо людзі хацелі жыць. Дзеці, жанчыны, мужчыны, старыя. Чаму?” – пытаюцца дзеці. І я разумею, што памяць павінна жыць у сэрцах нашых дзяцей, унукаў.
Пасля юныя наведвальнікі перайшлі ў залу для гасцей. Музейныя супрацоўнікі падрыхтавалі выставу, прымеркаваную да памятнай даты. У глыбіні душы было хваляванне: ці зразумеюць сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі, што мы хацелі паказаць гэтай экспазіцыяй.
Юныя госці выказваліся і разважалі шчыра, ад душы, задумку супрацоўнікаў зразумелі: два светы, два бакі жыцця – вайна і мір – нямецка-фашысцкія захопнікі і жабінкаўцы пад час акупацыі. Затым гучалі вершы. Чацвёртакласніца другой гарадской школы Ганна Еўтуховіч з хваляваннем прачытала верш пра вайну. Хвіліна маўчання. І зноў вершы. Звяртаюся да вучняў: “Дзеці, а як бы вы хацелі жыць далей? Прадоўжыце выраз “Я хачу…” Дзеці пісалі на плакаце свае патаемныя мары і жаданні. Кожны з іх быў засяроджаны, адчувалася, што словы нараджаюцца ад душы, ад шчырасці пачуццяў, што зыходзяць з чыстых дзіцячых сэрцаў. І ці варта казаць аб тым, што кожны з іх хоча жыць у міры і любові, каб здароўе было ва ўсіх родных і ў дамах жылі шчасце і радасць. Усе жадалі адзін аднаму толькі дабра. Плакат, спісаны дзіцячымі радкамі, застаўся ў музеі.
Мы выходзім на вуліцу і спыняемся ля памятнай дошкі, на якой імёны загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны жыхароў вёскі Малыя Сяхновічы. Дзеці ўскладваюць кветкі. Кожны з іх разумее: вайна – гэта разбурэнні, кроў, голад, смерць. Пра гэта трэба памятаць праз гады, праз стагоддзі…
Жанна ПАДРУБНАЯ, дырэктар Жабінкаўскага раённага
гісторыка-краязнаўчага музея.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top