Моя семья — моя гордость

Моя семья — моя гордость

Лічу, што прафесія настаўніка адна з важнейшых прафесій на зямлі. Мой аповед будзе пра людзей, якія ўсю дабрыню свайго сэрца аддавалі вучням, поўнасцю належылі сваёй працы…
Гэта самыя блізкія мне людзі, якімі я ганаруся, таму што мая сям’я — гэта гісторыя трох пакаленняў настаўнікаў.
Пачну расказваць пра сваю прабабулю — старэйшыну педагагічнага роду. Мне не ўдалося яе бачыць, помняцца толькі нашы кароткія тэлефонныя размовы. Але пра яе нялёгкі лёс, ведаю ўсё.
Пачалася яе працоўная біяграфія ў далёкія трыццатыя гады… З надзеяй на лепшае разам са сваімі вучнямі сустракала яна новы, 1941-ы. Але ён не прынёс шчасця і радасці. Вайна перакрэсліла ўсе яе мары. Праводзіла настаўніца мужа на фронт, а сама мусіла застацца ў роднай вёсцы, што на Гомельшчыне побач з горадам Мозырем, з васьмімесячнай дачушкай і старэнькай маці. Жорсткія бамбёжкі, голад, страх за жыццё блізкіх, неспакой за мужа, ад якога — ні вестачкі. І Нямеччына…
Зведала зверскія здзекі, цела пухла ад пабояў і голаду. Але калі пад вокнамі кафэ, дзе працавала прыбіральшчыцай, праводзілі калоны палонных, худых і знявечаных, збірала скарынкі хлеба, недакураныя цыгарэты і ўпотайкі перадавала ім. І верыла, верыла ў Перамогу… І яна, доўгачаканая, прыйшла.
З хваляваннем пераступіла парог роднага дома. І хутка, калі пабудавалі новую школу, вярнулася да ранейшай працы.
Яўгенія Іванаўна Шафранская — імя гераіні майго расказу, зусім не гераічнай на першы погляд жанчыны. Але мне здаецца, гэта не так. Яна пранесла праз усе нягоды жыцця чысціню сэрца, сумленнасць, прайшла вайну, няхай і не ў салдацкім шынялі, не апусціла галаву пасля пахавальнай на мужа, выгадавала дзяцей і вывучыла некалькі пакаленняў вучняў. Вось якая яна — мая прабабуля!
Прадоўжылі педагагічную дынастыю сям’і бабуля і дзядуля Ала Паўлаўна і Адам Аляксеевіч Дарошкі. Вось, што расказала мне бабуля:
— З дзяцінства марыла стаць настаўніцай. Прыкладам для мяне была мая мама, якая адпрацавала ў вясковай школе ўсё жыццё. Я бачыла яе схіленую галаву над сшыткамі, а пад столлю — газавую лямпу. Бацька быў дырэктарам школы. Вучылася я добра, шмат чытала, асабліва любіла кнігі на гістарычную тэму. Любімая гульня — не лялька, а — школа. Ростам сярод дзяцей не выдзялялася, самая маленькая, але гэта не было перашкодай для маёй “ролі” — настаўніцы. Ганарылася, што “вучні” мяне слухаюць, выконваюць усе мае заданні.
У 1957 годзе закончыла дзесяць класаў. Выбар быў асэнсаваны даўно. Паступіла на філалагічны факультэт Мазырскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння паехала ў самы аддалены вясковы раён Палесся — Столінскі. Мы, маладыя спецыялісты, не сумавалі. Пасля ўрокаў не спяшаліся дамоў. Рэпетыравалі, рыхтавалі розныя вечары. Кіравала драмгуртком. Выязджалі з настаўнікамі выступаць у іншыя школы і ва Украіну. Усюды нас прымалі на “ўра”. Муж — настаўнік спеваў. Дзіцячы хор, які ён арганізаваў, налічваў да васьмідзесяці чалавек. Быў і свой музычны ансамбль. Так што грамат у нашых самадзейных артыстаў было не злічыць.
Больш сарака гадоў мы з мужам аддалі педагагічнай справе. У адной школе прайшлі наша жыццё і педагагічная дзейнасць. Са сваімі вучнямі дагэтуль падтрымліваем сувязі.
“Буду працаваць настаўнікам” — такое рашэнне прыняла мая мама, калі заканчвала ў 1989 годзе Гараднянскую сярэднюю школу, што на Століншчыне. Выбрала гісторыка-філалагічны факультэт невыпадкова. У школе яна вельмі любіла гісторыю, а любоў да мовы прывіла яе мама — мая бабуля. Расказвала, што вучыцца ў інстытуце падабалася. Студэнткай ездзіла на археалагічныя раскопкі, была ў этнаграфічных экспедыцыях. Мама з цеплынёй успамінае Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, яго гумар і апрымізм, цікавыя лекцыі аб развіцці фальклору.
У 1994 годзе яна закончыла Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. Пачынала настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе №3 г.Століна. У 1999 годзе мы пераехалі ў Жабінку. Пяць гадоў мама працавала ў СШ №2 педагогам-арганізатарам. Цяпер шосты год выкладае сваю любімую гісторыю ў СШ №3. Бачу, як яна працуе з задавальненнем, з энтузіязмам. У 2007 — 2008 навучальным годзе ў яе быў першы выпуск вучняў. Цяпер у мамы сямікласнікі. Радуюся яе поспехам, калі яе выхаванцы дастойна выступаюць на прадметных алімпіядах, конкурсах розных узроўняў. Не магу нават уявіць, што мая мама — Алёна Адамаўна, магла б выбраць нейкую іншую прафесію. Я ганаруся тым, што яна настаўнік ужо ў трэцім пакаленні.
Д.НІКАНЧУК, вучаніца 10 “А” класа СШ №1 г.Жабінка, сябра гуртка “Юны журналіст”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top