Драмлёва – сястра Хатыні

Драмлёва – сястра Хатыні

З кожным годам ўсё далей і далей адыхо-дзяць у мінулае чорныя дні ў гісторыі нашага народа – дні Вялікай Айчыннай вайны. Шмат жыццяў забрала ваеннае ліхалецце. Тысячы вёсак былі зруйнаваны, насельніцтва знішчалася карнікамі, гінула ў лагерах смерці, у фашысцкім палоне і рабстве.
Шмат гора прынесла вайна і на жабінкаўскую зямлю: у раёне былі расстраляны, павешаны, закатаваны, спалены 1858 мірных жыхароў, 462 – вывезены на прымусовыя работы.
Больш за семдзесят гадоў прайшло з часу “напісання” адной з самых крывавых старонак Жабінкаўшчыны.

IMG_8072

11 верасня 1942 года, на свята Галавасек, веска Драмлёва перастала існаваць. Ранкам фашысцкія карнікі акружылі вёску, прыкладамі аўтаматаў паднімалі з ложкаў хворых, старых, не шкадавалі жанчын з немаўляткамі. Сагналі нявінных людзей у вялікі хлеў і падпалілі яго. У агні пажарышча згарэла 196 чалавек. Іх астанкі пазней былі перанесены на могілкі вёскі Сцяпанкі.
На месцы страшнай трагедыі ў 1967 годзе быў насыпаны Курган Памяці, а ў 1982-ім – пабудаваны мемарыяльны комплекс паводле праекта архітэктара Казакова і скульптара Вараб’ёва.IMG_8092
Цяпер штогод, 11 верасня, сюды, на месца гібелі мірных жыхароў, прыходзяць людзі, каб ускласці кветкі, успомніць тыя трагічныя дні і… памаўчаць, прыслухацца. Здаецца, чуецца грукат каваных ботаў і глухія стогны. Гэта стогне сама зямля, што прыняла мукі, кроў і смерць драмлёўцаў – жанчын, старых, дзяцей. Тры бронзавыя жанчыны журботна сядзяць, склаўшы рукі на каленях. Ля іх ног – заўжды жывыя кветкі і вянкі, за спінамі – насыпаны курган. У іх вачах застылі пакута і боль. А яшчэ – просьба не забываць мінулае, каб такое ніколі не паўтарылася, каб захаваўся мір і спакой на зямлі.
– Вёска Драмлёва стала толькі маленькай пясчынкай у вялізнай гары попелу з дзевяці тысяч дзвюхсот вёсак, знішчаных фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ўвекавечаных у вядомым усяму свету мемарыяльным комплексе “Хатынь”, – гаварыў, адкрываючы жалобны мітынг на месцы спаленай вёскі, старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. – Трагедыя Хатыні стала ўрокам усяму чалавецтву, і помнікі патрэбны не толькі для таго, каб захаваць памяць аб загінулых. Сёння, калі ва ўсім свеце развязваюцца новыя войны, льецца кроў нявінных людзей, мы павінны зрабіць усё, каб не з’яўляліся на зямлі новыя Хатыні і Драмлёвы.
Пад час мітынгу слова ўзяў член прызідыума Савета ветэранаў, былы старшыня калгаса “Усход” (зараз СВК “Шпіталі”) Аляксей Дошчык. Ён гаварыў пра трагедыю, якая здарылася на гэтым месцы 74 гады таму. Аляксей Раманавіч расказаў, як ствараўся мемарыяльны комплекс “Драмлёва”. З болем у сэрцы казаў ён і пра нелюдзя, які скраў бронзавыя літары з памятнага знака. Выступоўца выказаў надзею, што тут нарэшце будзе праведзена рэканструкцыя.
Нікога з прысутных не пакінула абыякавым і выступленне дабрачыннага цэркваў Жабінкаўскай акругі айца Сергія Петрусевіча, а таксама вучаніцы трэцяй гарадской школы Кацярыны Самасюк.
У памяць аб ахвярах спаленай вёскі метраном адлічыў хвіліну маўчання. У многіх прысутных на вачах з’явіліся слёзы. Пад словы шчымлівай песні ў выкананні Валерыя Няменьшага “Пропавшим без вести посвящается” прадстаўнікі працоўных калектываў і школьнікі ўсклалі кветкі да помніка.
Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro