Справы народных выбраннікаў сёння і на перспектыву

шолтанюкЗаўтра, 11 верасня, выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Праўда, датэрміновае галасаванне стартавала яшчэ ў аўторак.
Напярэдадні асноўнага дня галасавання наш карэспандэнт сустрэлася са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Анатолем Шалтанюком, каб пагутарыць пра работу беларускага парламента, узгадаць дзейнасць дэпутата пятага склікання ад Белавежскай выбарчай акругі № 8 Уладзіміра Пузырэўскага, іншае.

– Анатоль Вітальевіч, напачатку хацелася б пачуць ад вас пра ролю парламента ў станаўленні і развіцці беларускай дзяржаўнасці.
– Быў створаны двухпалатны парламент, у якім улічваюцца інтарэсы органаў тэрытарыяльнага самакіравання, забяспечана больш поўнае прадстаўніцтва ўсіх слаёў грамадства, аптымізавана колькасць парламентарыяў. Калі раней у Вярхоўным Савеце, які выконваў заканадаўчую ролю, працавала 260 дэпутатаў, то ў сучасным двухпалатным парламенце іх 174. Змяншэнне на эфектыўнасць працы не паўплывала, а наадварот прадуманае размежаванне паўнамоцтваў палат, праходжанне праектаў законаў праз “двайное сіта” экспертных праверак, прымаемыя рашэнні сталі больш узважанымі і носяць больш адказны характар. Важным з’яўляецца тое, што дэпутаты выконваюць свае функцыі на прафесійнай аснове. Парламентарыямі пяці скліканняў у краіне створана якасна новая заканадаўчая база, якая ўлічвае айчынны і замежны вопыт, ахоплівае ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства. Гэта дазволіла не толькі забяспечыць стабільнасць і развіццё эканомікі, а і пачаць ажыццяўляць такія буйныя сацыяльныя праекты, як рэфармаванне сістэмы адукацыі і аховы здароўя, адраджэнне вёскі, развіццё малых гарадоў.
– Сваю дзейнасць заканчвае парламент пятага склікання. Экспертамі адзначаецца: “…быў прадстаўлены ўсімі сацыяльнымі групамі грамадства.” Спыніцеся на яго асноўных выніках.
– Паводле рэспубліканскага інфармацыйнага друку, дэпутатам пятага склікання давялося працаваць ва ўмовах пастаяннага нарастання эканамічнай і палітычнай нестабільнасці ў свеце, што непазбежна ўплывала на развіццё сітуацыі ў краіне. Дэпутацкім корпусам быў вызначаны комплекс новых прававых мер, накіраваных на павышэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай эканомікі, забеспячэнне макраэканамічнай і сацыяльнай стабільнасці, паляпшэнне ўмоў гаспадарання, дзелавога і інвестыцыйнага клімату ў Беларусі, стымуляванне малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
У гэты перыяд была сфармулявана заканадаўчая аснова дзяржаўна-прыватнага партнёрства, умацаваўся прававы фундамент інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, Мытнага саюза і Еўразійскага эканамічнага. Праведзена вялікая работа па ўдакладненні нарматыўнай прававой базы дзяржаўнага будаўніцтва, судовай сферы, прыродакарыстання, аховы навакольнага асяроддзя.
Умацаванню абараназдольнасці краіны паслужыла прыняцце новай Ваеннай дактрыны. Сталі больш жорсткімі меры ў барацьбе са злачыннасцю, тэрарызмам, наркагандлем, карупцыяй. Павышана адказнасць дзяржаўных органаў у рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў.
Да асноўных законатворчых вынікаў пятага склікання трэба аднесці і прыняцце блоку законаў, што стымулююць развіццё адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізкультуры і спорту, дадатковыя заканадаўчыя механізмы сацыяльнай абароны людзей. Дэпутаты пятага склікання прынялі Кодэкс аб культуры, новыя Водны і Лясны кодэксы. За перыяд дзейнасці парламентам і Кіраўніком краіны падпісана 2090 законаў, у тым ліку два праграмныя, 34 кодэксы, 865 законаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў.
– Інтарэсы выбаршчыкаў Жабінкаўшчыны ў парламенце краіны пятага склікання прадстаўляў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Іванавіч Пузырэўскі. Давайце згадаем, якая работа была праведзена непасрэдна ім.
– Адразу абмоўлюся, што асноўная дзейнасць дэпутата – заканадаўчая. Кожны з нас жыве паводле законаў, якія распрацаваны і прыняты народнымі выбраннікамі. Другі накірунак работы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – прыёмы ў акрузе. Дарэчы, Уладзімір Іванавіч Пузырэўскі часта прыязджаў у Жабінку, нягледзячы, што яго выбаршчыкі жывуць таксама ў Маларыцкім і Камянецкім раёнах. Жабінкаўцы прыходзілі з рознымі пытаннямі, праўда, найчасцей яму даводзілася тлумачыць прычыны немагчымасці прыняцця станоўчага рашэння па праблеме, што ўзнімалася ў заяве, паводле нормаў дзеючага заканадаўства. Па некаторых зваротах праводзіліся службовыя праверкі з прыцягненнем вышэйшых арганізацый і органаў пракуратуры. Летась, напрыклад, дэпутату з Жабінкі паступіла 20 зваротаў: 9 пісьмовых (у тым ліку 5 калектыўных) і 11 вусных.
З удзелам Уладзіміра Іванавіча Пузырэўскага былі здадзены ў эксплуатацыю аб’екты “Будаўніцтва гаспадарча-бытавой каналізацыі ў кварталах індывідуальнай жылой забудовы “Камсамольскі” і “Каласоўскі” г. Жабінка, выконваліся работы па будаўніцтве падводзячых газаправодаў да аграгарадка Крыўляны, вёсак Вежкі, Агароднікі, а таксама вулічных размеркавальных у аграгарадку Сцяпанкі, вёсках Сакалова і Шпіталі. Нядаўна прыродны газ прыйшоў у Крыўляны, неўзабаве камфорт ад блакітнага паліва і зручнасці пры яго карыстанні адчуюць вяскоўцы ў Саках.
Не без удзелу дэпутата былі завершаны рамонты аўтамабільных дарог “Арэпічы – Сцяпанкі – Сакалова – Цукровы завод”, “Алізараў Стаў – Маціевічы – Батчы”. На яго рахунку многа іншых добрых спраў. Пра ўсё, вядома, не раскажаш, дый у штогадовых справаздачах у “Сельскай праўдзе” Уладзімір Іванавіч паведамляў аб зробленым.
– Заўтра галасаванне. Будзем выбіраць дэпутата ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. З якім настроем падышлі жабінкаўцы да адказнага моманту?
– 11 верасня на тэрыторыі раёна ў восем гадзін адчыняцца ўсе 18 участкаў. На іх будзе працаваць 216 чалавек. У нашым раёне ва ўчастковых камісіях зарэгістравана 138 назіральнікаў і ў акруговай – 6. У іх складзе 115 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “БРСМ”, “Беларускі саюз жанчын”, прафсаюзаў АПК, дзяржустаноў, адукацыі і навукі, а таксама дэпутаты райсавета і сельскіх Саветаў дэпутатаў.
Белавежская акруга №8 уключае ў сябе тры раёны – Жабінкаўскі, Камянецкі і Маларыцкі. На месца ў парламенце прэтэндуюць тры кандыдаты. Выбар за вамі, шаноўныя жабінкаўцы! Прыйдзіце на выбары і прагаласуйце за далейшы росквіт Беларусі, шчаслівую будучыню нашых людзей, за мір і шчасце.
– Дзякуй за гутарку, Анатоль Вітальевіч.
Пытанні задавала Людміла Косціна.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*