Цёплага хлеба водар

Цёплага хлеба водар

Драгічын у мінулую суботу прымаў гасцей з усіх куточкаў Брэстчыны. На абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2016” з’ехаліся тыя рупліўцы, без чыёй штодзённай і карпатлівай працы не было б на сталах гараджан і вяскоўцаў духмянага хлеба, малака і мяса.

IMG_7908 IMG_7930 IMG_7636 IMG_7587 IMG_7534 IMG_7792 IMG_7830 IMG_7719 IMG_7659Па традыцыі, святочная праграма пачалася шэсцем калон па галоўнай вуліцы горада. Са святочнай сцэны ў адрас пераможцаў абласнога спаборніцтва гучалі словы падзякі за нялёгкую сялянскую працу.IMG_7998Аграрыям вобласці ёсць чым ганарыцца і сёлета. Яны сабралі 1 мільён 172 тысячы тон хлеба. Самай ураджайнай выдалася хлебная ніва Маларыцкага раёна. На другім месцы – Брэсцкі, на трэцім – Ляхавіцкі. Дарэчы, раён-пераможца прэміяваны 700 базавымі велічынямі.
Сярод гаспадарак першае месца па ўраджайнасці збожжа заняло ААТ “Агра-Кобрынскае” (тут намалацілі 63 цэнтнеры з кожнага гектара) і ААТ “Белавежскі” (61 ц/га).
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс у сваім выступленні, у прыватнасці, адзначыў:
– Гаспадаркі Брэстчыны стабільна некалькі гадоў запар першымі ў рэспубліцы завяршаюць уборку зерневых, пераўзыходзяць мільённы рубеж і ў намалоце збожжа. Так, па ўраджайнасці збожжа – 35,2 цэнтнера з гектара – наша вобласць займае другое месца ў рэспубліцы (пасля Гродзеншчыны). Сярод раёнаў у ліку лідараў па намалоце Баранавіцкі, Пружанскі, Камянецкі і Пінскі. 244 камбайнавыя экіпажы намалацілі звыш 1 тысячы тон збожжа, 26 – звыш 1,5 тысячы і яшчэ тры сталі двухтысячнікамі.
Анатоль Ліс уручыў пераможцам жніва Ганаровыя дыпломы Брэсцкага аблвыканкама і прэміі. Іх атрымалі лепшыя рупліўцы гаспадарак. Дарэчы, на галоўную сцэну “Дажынак” паднімаліся 153 чалавекі (летась – 144). Сярод іх былі і прадстаўнікі Жабінкаўшчыны. Так, ганаровае першае месца ў вобласці сярод маладых вадзіцеляў, якія адвозілі збожжа ад камбайнаў, заняў Сяргей Ласкевіч, а трэцяе – Максім Кавальчык. Абодва рупяцца ў СВК “Маціевічы”. Таксама два прадстаўнікі з СВК “Вазнясенскі” прымалі віншаванні і падарункі – вадзіцель Дзмітрый Савосін і старшыня сельгаспрадпрыемства Надзея Кандрацюк. Яны некалькі гадоў запар становяцца пераможцамі абласнога спаборніцтва на жніве.
На сцэну выходзіў і старшыня СВК “Рагазнянскі” Аляксандр Семянюк, які атрымаў нагрудны знак “За заслугі” Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.
Пасля ўрачыстай цырымоніі ўшанавання пераможцаў “Жніва-2016” пачаўся святочны канцэрт з удзелам звыш 800 лепшых самадзейных артыстаў вобласці. Дарэчы, Жабінкаўшчыну на ім прадставіў народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”. Наталля Дырман эфектна з’явілася на пляцоўцы на… трактары і ў карнавальным касцюме. Ад трапных жартаў “валацуг” гледачы ажно плакалі ад смеху. Гэтак жа відовішчна калектыў пакінуў сцэну – “асядлаўшы” храміраваныя байкі.
Пасля канцэрта забавы і смакату на любы густ прапаноўвалі ў шматлікіх павільёнах, што раскінуліся на вуліцах горада. У парку працавалі дзіцячыя пляцоўкі, на стадыёне развярнуліся футбольныя баталіі, турніры па дартсе, настольным тэнісе, гіравым спорце. Самыя смелыя мелі магчымасць пабачыць Драгічын з вышыні птушынага палёту. Кошт “задавальнення” – 170 тысяч недэнамінаваных рублёў за 10 хвілін палёту на самалёце. Жадаючых падняцца пад аблокі аказалася нямала.
Прайшоў у Драгічыне таксама абласны этап сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу “Уладар вёскі”. У ім прынялі ўдзел 14 сямейных пар. У праграме – знаёмства з сем’ямі-ўдзельнікамі, конкурсы “Вітаем па-беларуску”, “Сямейная эстафета”, “Па дровы”. Наш раён прадстаўляла сям’я Шамайла, якая выхоўвае дзвюх абаяльных дачушак і маленькага сыночка. Яны здзівілі журы артыстызмам, шчодрасцю і сялянскай гасціннасцю і сталі лепшымі ў намінацыі “Гасцінная душа”.
…Драгічын спяваў, танцаваў, весяліўся да апоўначы. Начное неба ўпрыгожыў россып зорачак салюту.
Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro