Самы доўгі дзень

Самы доўгі дзень

5598cb685413ff831a8b485b_4

Настачцы было ўсяго тры гады, але яна не лічыла сябе малой. Калі размова заходзіла пра яе ўзрост, заўсёды ўпэўнена гаварыла: “Я ўжо вялікая”, і ў сям’і ўсе згаджаліся: тата, мама, брат Арцём.
Было лета. Амаль цэлыя дні дзяўчынка праводзіла на вуліцы, у двары, пад наглядам брата, бо была пара жніва, і тата з мамай працавалі на ўборцы. Арцёму было ўжо трынаццаць гадоў, паводзіў сябе з сястрою, як роўня: заплятаў ёй косы, насіў на плячах, гуляў у розныя гульні, чытаў казкі. У двары ў дзяўчынкі быў яшчэ адзін любімы сябар – вялізная чорная аўчарка Рэкс, якая дазваляла малой усе свавольствы і ніколі не крыўдзілася. Часам Насця нават залазіла Рэксу на спіну, але той пры гэтым заўсёды клаўся на зямлю, і тады малая скочвалася з яго і радасна смяялася.
У гэтую раніцу яна таксама засталася дома з Арцёмам. Неахвотна ела кашу, прыгатаваную мамай. Не любіла яе, але матуля заўсёды гаварыла, што ад кашы дзеці хутка растуць. Дзяўчынцы хацелася як мага хутчэй быць дарослай, таму ела. У двары Арцём заняўся сваім планшэтам, што падарыў яму на дзень нараджэння тата, а Настачка пачала ўпарадкоўваць лялек. Пасадзіла іх на лавачку, карміла “кашай”, прыгатаванай з жоўтага пяску, потым укладвала спаць, а сама пякла піражкі і гатавала абед.
Раптам за весніцамі раздаўся свіст Пеці, сябрука Арцёма. Ён часта прыходзіў да брата гуляць. Аб чым гаварылі хлопчыкі, Насценька не прыслухоўвалася, бо яе не цікавілі “хлапечыя” забавы. Падышоў Арцём: “Насця, я тут недалёка збегаю з Пецем па справах, пагуляй адна, ты ўжо вялікая, а я маліны табе прынясу, з Рэксам табе не будзе сумна”. Настачка не любіла заставацца адна, але Арцём так ужо прасіў, і яна пагадзілася.
Пагуляла з лялькамі, пакорпалася ў пясочніцы, а брат усё не вяртаўся. Каля будкі, у цяньку, заўважыла Рэкса. Падышла і прысела ля яго, прытулілася да цёплай поўсці, але стала горача, заглянула ў Рэксаву будку. Там было змрочна і пахла сухой травой. Насці стала цікава, і яна залезла ў сярэдзіну, лягла на сена. Заглянуў Рэкс, але, як відаць, ён не быў супраць. Малая ляжала ціхенька, думала пра маму, што хутка прыйдзе Арцём і прынясе ёй маліны. Не заўважыла, як змарыў сон. Рэкс нікуды не адыходзіў ад будкі, насцярожана сачыў за спакоем у двары.
Прайшло шмат часу, калі Арцём удосталь накупаўся, нагуляўся ў футбол і вярнуўся дадому. Забег у двор, глянуў – Настачкі нідзе не было, пачаў клікаць, але малая не адгукалася. Арцём заглянуў у кожны куточак двара, забег у хату – дзяўчынкі нідзе не знайшоў. Мімаходам зірнуў на сабаку і загадаў: “Рэкс, шукаць!”, але той устаў, потым зноў спакойна лёг каля будкі, палажыў галаву на лапы. “Што гэта з ім?” – здзівіўся хлопец, але часу разбірацца не было. Ён выскачыў за хлеў, за якім адразу пачынаўся лес, аббег наўкол і ўсё клікаў сястрычку. У страху накіраваўся да рэчкі, але і там усё было ціха. Адчай апанаваў хлопчыка, што пакінуў малую адну, з ёю, напэўна, здарылася бяда. Хлопчык не ведаў, што ён скажа маці, як паглядзіць у вочы бацьку, яны ж давяралі яму, лічылі яго сур’ёзным.
У хуткім часе на абед прыйшла мама. Убачыла перапалоханага, чырвонага ад бегатні Арцёма і зразумела: здарылася бяда. Калі выслухала расказ сына, нават разгубілася, у сэрцы пасялілася трывога. Стараючыся не паддавацца страху, яна пачала разважаць: двор шчыльна абгароджаны, весніцы зачыняюцца моцна, значыць, выйсці з двара малая не магла. Чужога ў двор ні за што не пусціць “чацвералапы вартаўнік”, значыцца быў хтосьці знаёмы, і маці кінулася на вуліцу, аббегла суседзяў, потым – у адзін канец вёскі, у другі – ніхто дзяўчынку не бачыў. Прыбег з поля бацька, які працаваў на камбайне за вёскай, сабраліся суседзі, раіліся, дзе ў першую чаргу шукаць. Ніхто адразу не зразумеў, калі раздаўся дзіцячы галасок: ён клікаў маму. Усе заціхлі, прыслухоўваючыся, адкуль раздаўся голас. Раптам Рэкс устаў, заглянуў у будку, віляючы хвастом. Ніхто нічога не разумеў. І толькі калі адтуль высунулася спачатку адна ножка, потым другая, а неўзабаве і ўся Насця, заспаная, у пакамечанай сукенцы і з сеннай трухой у валасах, паўстала перад усімі, раздаўся дружны смех. Усе кінуліся да дзяўчынкі. Маці падхапіла яе на рукі, а маленькая прапажа была моцна здзіўлена і вельмі рада, бо ніколі не бачыла адразу столькі ўсмешак.
Увечары, калі паклалі малую спаць, бацька і маці сядзелі на кухні і аб нечым ціха размаўлялі. Арцём знаходзіўся ў цёмным пакоі адзін. Ён не ведаў, як выйсці, што сказаць у сваё апраўданне бацькам. Які сорам адчуваў ён за свой учынак! Але перасіліў сябе і выйшаў. Бацькі моўчкі глядзелі на яго. “Тата, мама, даруйце мне, абяцаю, такое больш ніколі не паўторыцца!” – у роспачы, горача прамовіў хлопчык. Праз хвіліну адазваўся бацька: “Мы верым табе, сын, спадзяёмся, ты ўсё зразумеў сам”, а маці моўчкі прыхіліла да сябе светлавалосую галаву хлопчыка. Так скончыўся самы доўгі дзень для Арцёма, і хоць потым у жыцці было многа ўсяго: добрага і не вельмі, але той дзень і ўчынак засталіся ў яго памяці назаўсёды.
Лідзія ЗІНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top