Марское братэрства не згасае

Марское братэрства не згасае

_DSC0721

Калі паглядзець на палітычную карту і на другі па велічыні кантынент свету – Афрыку, то ўбачым, што ён на захадзе абмываецца Атлантычным акіянам. На яго сушы размешчана больш як 50 дзяржаў, тэрыторыі якіх афарбаваны ў розныя колеры. Гэта Бенін, Гана, Камерун, Экватарыяльная Гвінея, Габон, Заір, Ангола… Што звязвае нашу Беларусь і Жабінку з тымі далёкімі афрыканскімі дзяржавамі? Пра гэта даведаемся з успамінаў героя нататкі Леаніда Уладзіміравіча Крыўца, які жыве ў нашым горадзе. Праз 38 гадоў яго адшукаў саслужывец Віталь Цімафеевіч Фралоў з Кальчугіна Уладзімірскай вобласці. Ваеннае братэрства не забываецца. Вернемся ў маладосць земляка.
У 1973 годзе Леанід Уладзіміравіч скончыў першую гарадскую школу і паступіў у Брэсцкае вучылішча _DSC0714сувязі, дзе атрымаў грамадзянскую спецыяльнасць “манцёр сувязі”. Адзін год нават папрацаваў на тэлеграфе ў Жабінцы.
А калі надышлі вясновыя позвы, медкамісія прызнала яго годным да страявой службы. Было гэта ў 1975 годзе. Леанід уліваецца ў шэрагі ваеннаслужачых, трапляе на вучобу ў радыётэхнічнае вучылішча Ліепая, што ў Латвіі. Пасля яе атрымлівае назначэнне на службу ў горад Палярны, які знаходзіцца на выхадзе з Кольскага заліва ў Баранцава мора. У маі каманду з лепшых матросаў, сярод якіх быў наш зямляк, накіравалі ў Ленінград атрымліваць новы карабель. У спісе каманды пад нумарам адзін быў Леанід Уладзіміравіч Крывец. На караблі ён выконвае ролю акустыка (у марской справе спецыяліст даследуе распаўсюджванне гукаў і ловіць іх у водных прасторах. Гэта вушы і вочы карабля, таму і нумар адзін).
Перада мною састаў каманды. Сярод яе ўдзельнікаў, акрамя героя аповеду, адшукваю вачыма беларускія адрасы, таму што яна была міжнацыянальная. Натрапіла на імя Анатоля Іванавіча Мацюхіна са Слоніма і парадавалася, што сярод маракоў быў беларусам не толькі наш зямляк. Іншыя саслужыўцы былі родам з Узбекістана, Украіны, Азербайджана, Расіі. Міжволі ўзнікае пытанне: што аб’ядноўвала гэтых хлопцаў у той час? Якія пачуцці авалодвалі імі? Думаю, што любоў да роднай зямлі, пачуццё абавязку, вернасць прысязе, братэрства. Узначальваў карабель капітан-лейтэнант Васільеў з Пскоўшчыны.
“Наступае загад аб адплыцці да берагоў Афрыкі. Але, каб прайсці кароткім шляхам праз Балтыйскае мора, пралівы Ламанш і Па-де-Кале, трэба было заплаціць вялікія грошы тым дзяржавам, каму належаць гэтыя воды, суша, – расказваў Леанід Уладзіміравіч. – Таму нам давялося абагнуць Скандынавію (Нарвегію, Швецыю, Фінляндыю), прайсці Баранцава і Нарвежскае моры, пакінуць ззаду Еўропу, увайсці ў Атлантычны акіян і далей следаваць курсам да афрыканскіх берагоў. Былі моманты, калі суровы акіян вялізнымі глыбамі вады поўнасцю закрываў тральшчык. Дзевяць месяцаў наш ваенны карабель “Усевалад Вішнеўскі” стаяў на рэйдзе, у воднай прасторы паблізу берагоў Гвінеі, Беніна, Анголы, ля ўваходу ў парты Канакры, Луанда, Порта-Нова, ахоўваў водныя межы гэтых дзяржаў на заходнім беразе Афрыкі”.
На карабель да савецкіх маракоў прыязджаў прэзідэнт Анголы Агусціне Нета павітаць і падзякаваць камандзе за добрую службу. Было тут, паводле ўспамінаў Леаніда, рускае “ўра!”, якое неслася над Атлантыкай. Дарэчы, у Анголе матрос Крывец атрымаў дзве нашыўкі на пагоны, што азначала старшына Другога артыкула. Служыў Леанід Уладзіміравіч на марскім флоце тры гады і трыццаць дзён. У яго сям’і да цяперашняга часу захоўваецца альбом “Памяць пра службу на Чырванасцяжным Паўночным флоце. 1975-1978 гады”. У пачатку альбома спіс каманды карабля, фотаздымкі сяброў-маракоў, саслужыўцаў, ёсць таксама пасведчанне ад Нептуна са старажытнарымскай міфалогіі – Бога мораў.
Частка памятных старонак прысвечана пераходу экватара. Змешчаны граматы, у адной з іх запісана “За выдатныя поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы, прыкладную дысцыпліну і бездакорную службу ў шэрагах Узброеных Сіл Саюза ССР”. А ў іншай за подпісам камандзіра вайсковай часці 72185 капітана-лейтэнанта Васільева – “…узнагароджваецца старшы матрос за другое месца ў тэхнічнай віктарыне “Сродкі барацьбы за жывучасць карабля”, якую ён атрымаў у народнай рэспубліцы Ангола ў порце Луанда 19 жніўня 1978 года.
Многія фотаздымкі ў альбоме расказваюць пра паходы на сушу, пра ўзаемаадносіны маракоў з мясцовымі жыхарамі і экзатычнай афрыканскай прыродай.
І вось прыйшоў дзень расстання з морам і сябрамі. Пра гэта дакладна запісана ў ваенным білеце, выдадзеным Жабінкаўскім ваенным камісарыятам. На адной са старонак яго ёсць такі запіс: “Узнагаро-джаны жэтонам “За далёкі паход” і знакам “Выдатнік ваенна-марскога флоту СССР”.
З жонкай Галінай Мікалаеўнай, якая заўсёды была змацоўваючым звяном у сям’і, выгадавалі двух сыноў Віктара і Іллю. У іх ёсць ужо свае сем’і. Любы жабінкавец, які ведае Крыўцоў, скажа, што гэта сям’я працавітых людзей. Сыны і нявесткі ўважлівыя і шчырыя з людзьмі. Па святах і сямейных датах усе збіраюцца ў дзядулі і бабулі. Апошнія вялікую радасць цяпер адчуваюць ад зносін з любімымі ўнукамі, якіх чацвёра, і праўнукам. Па-асабліваму дзядуля і бабуля адносяцца да жаданняў хлапчукоў Ягора і Дзяніса. На падворку ёсць баскетбольнае кольца, мяч у яго абавязкова павінен трапляць. Таму хлопцы многа трэніруюцца. Парады старэйшых успрымаюць, да іх прыслухоўваюцца.
31 ліпеня сёлета на вуліцы Леніна, дом 23 на флагштоку развяваўся сцяг ваенна-марскіх сіл Савецкага Саюза, унукі насілі бесказыркі, а найменшы з іх Дзяніс на другі дзень разам з дзядулем пайшоў на яго месца працы ў ПМК-19 (30 гадоў Леанід Уладзіміравіч тут працаваў). Госці пачулі прыемныя словы, а вадзіцелі віталі сігналамі машын пераемнасць пакаленняў сям’і Крыўцоў.
Даўно, калі ствараўся гістарычны музей у першай гарадской школе, класны кіраўнік Ганна Аляксандраўна Саевіч аднесла туды фотаздымак, бесказырку і чуйс свайго вучня Леаніда Уладзіміравіча Крыўца.
Сапраўды, марское братэрства непераможнае. Справа дзядоў працягваецца ў іх сынах і ўнуках.
Раіса МАРГЕВІЧ, г. Жабінка.
На здымках: Леанід Уладзіміравіч Крывец сёння; малады матрос з карабля “Усевалад Вішнеўскі”.
Фота Святланы КІСЛАЙ
і з сямейнага архіва.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro