Вежкі кажуць хлебаробам “дзякуй”

Вежкі кажуць хлебаробам “дзякуй”

IMG_7273 IMG_7279 IMG_7324 IMG_7339 IMG_7349 IMG_7357 IMG_7398У мінулую суботу ў вёсцы Вежкі было па-жнівеньску горача і цёпла ад усмешак па-святочнаму прыбраных мясцовых жыхароў. Малеча магла паскакаць на батуце, паласавацца прысмакамі, набыць сувеніры ў гандлёвых павільёнах. Юных вазнясенцаў забаўляла раставая лялька – Леў Алекс і маладыя супрацоўніцы ГДК. Дарослыя радаваліся магчымасці паслухаць канцэрт і маглі нарэшце крыху адпачыць: як-ніяк, у гаспадарцы ладзілася свята ўраджаю!

Шчодрасць зямлі залежыць ад упартай і карпатлівай працы рупліўцаў. У “Вазнясенскім” не адзін год даказваюць, што ўмеюць і могуць працаваць зладжана. Атрыманы неблагі ўраджай, настала пара адпачыць усёй дружнай хлебаробскай сям’ёй і песнямі і танцамі, як гэта рабілі продкі, адзначыць свята ўраджаю.
– Мы заўжды з нецярпеннем чакаем гэтага дня, – казала са сцэны, адкрываючы святочную праграму, старшыня СВК “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк. –Ён вызначае дабрабыт не толькі нашай гаспадаркі, але і краіны ў цэлым. Мы рабілі ўсё, каб вырасціць збожжа не горшае, чым летась. У выніку хлебныя нівы аддзячылі нам за працу: намалочана ў сярэднім 49 цэнтнераў збожжа з гектара, засыпалі 5535 тон. Мы сабралі 130 кілаграмаў збожжа з аднаго бала-гектара – лепшы паказчык у раёне. За ўсімі гэтымі лічбамі стаяць людзі – надзейныя, разумныя вазнясенцы. Людзі, чыімі рукамі апрацоўваецца зямля і вырошчваецца хлеб, заўжды ў пашане. Дзякуй вам за тое, што звязалі лёс з зямлёю і працуеце на ёй, не шкадуючы сіл. Радуе, што гаспадарка і прозвішчы некаторых нашых рупліўцаў занесены на раённую Дошку гонару. Калі ёсць хлеб і да хлеба – чалавек шчаслівы!
А вось і ён – герой свята – каравай. Вянец хлебаробскай працы быў уручаны старшыні сельгаскааператыва Надзеі Рыгораўне.
Каравай – вынік нястомнай працы многіх рупліўцаў. У СВК “Вазнясенскі” шчыруюць высокапрафесійныя і адказныя людзі. Менавіта для іх гучалі са сцэны словы ўдзячнасці і песні, называліся прозвішчы лепшых працаўнікоў. Так, у сельгаскааператыве на жніве працавалі 6 экіпажаў камбайнераў: Уладзімір і Анатоль Андрусікі, Мікалай і Рыгор Буяны, Уладзімір Паўловіч і Сяргей Піліпцэвіч; а Васіль Альшанец і Мікалай Стоцік, Юрый Вайтовіч і Сяргей Дзенісовіч, Дзмітрый і Валерый Дзямідчыкі сталі камбайнерамі-“тысячнікамі”. З году ў год вадзіцелі Сцяпан Кандрацюк і Дзмітрый Савосін становяцца пераможцамі спаборніцтва на адвозцы збожжа ад камбайнаў. На іх рахунку перавезеных 2492 і 2255 тон адпаведна. Дарэчы, і на старэнькім МАЗе старанны Дзмітрый Аляксандравіч заняў у вобласці другое месца.
Штогод пераможцамі абласнога спаборніцтва становяцца аператары, на чые плечы кладзецца апрацоўка збожжа. Гэта Аляксей Садаўнічак і Васіль Пілінкевіч. Шмат гадоў запар працуюць на КЗС-5 вёскі Вежкі аператары Міхаіл Вакуліч і Сяргей Піліпцэвіч. Яны рыхтуюць насенне пад будучы ўраджай і выконваюць план па продажы піваваранага ячменю. КЗС-20 і сёлета быў надзейным памочнікам для ЗСК-20 і КЗС-5, якімі кіравалі Мікалай Садаўнічак і Фёдар Дзенісовіч.
Своечасова і зладжана прэсавалі на палях салому механізатары Пётр Чмуневіч, Васіль Мельнік, Анатоль Тарарай, Мікалай Лукашык, а грузілі, адвозілі і ўкладвалі яе Павел Тарасюк, Міхаіл Кадлубовіч, Сяргей Дзедавец, Арцём Сялько, Сяргей Максімук, Сяргей Міхалюк, Пётр Кравец.
На асаблівым рахунку ў гаспадарцы механізатар Ігнат Шыкунец. На працягу дня ён многае паспяваў: грузіў і ўкладваў салому, вазіў збожжа і абслугоўваў КЗСы. А каб КЗСы не прастойвалі, своечасова забяспечвалі іх збожжам вадзіцелі Давід Буян, Сяргей Чыбрысаў, Васіль Карацай, Вадзім Васільчук, Валерый Сцегній.
Напружанай і нялёгкай была работа для інжынернай службы гаспадаркі. Удзячных слоў за добрую працу заслугоўваюць Васіль Альшанец, Андрэй Галавейка, Юрый Моцук. Канчатковыя вынікі працоўнага дня падводзілі работнікі бухгалтэрыі Любоў Драцэвіч, Ніна Галавейка, Вольга Ціхмановіч, эканаміст Марыя Галавейка.
Якая праца на галодны страўнік?! Работніцы сталовай Вольга Карацай, Юля Міхальчук і Ганна Дзенісюк гатавалі механізатарам смачныя разнастайныя стравы.
Свой уклад у каравай унесла таксама агранамічная служба гаспадаркі: аграном Уладзімір Навасад, начальнік вытворчага ўчастка Аляксей Садаўнічак і намеснік старшыні Рыгор Панасюк.
Для ўсіх працаўнікоў СВК “Вазнясенскі” са сцэны гучалі музычныя падарункі ад салістаў гарадскога Дома культуры, групы “Аляксандр-парк” і ансамбля “Каларыт”. Эстафету віншаванняў у адрас рупліўцаў вёскі яны перадалі ўдзельнікам калектываў “Хмелеўскія валацугі” і “Спявай, душа”. Мясцовыя жыхары – сямейныя пары – з задавальненнем прынялі ўдзел у вясковай эстафеце. Малайцы артысты, аказваецца, прапанаваныя імі звыклыя бульба, цыбуля, гарбузы, бутэлькі з вадой, сена могуць замяніць навамодныя гаджэты для забаў! Конкурсы выклікалі процьму смеху, радасці, выдатнага настрою як ва ўдзельнікаў, так і ў гледачоў. Напрыканцы ўсе смелыя і гарэзлівыя ўдзельнікі вясковай спартландыі атрымалі ад старшыні раённага прафсаюза работнікаў АПК Наталлі Карпук грашовыя сертыфікаты і сувеніры. Пасля забаўляльнай праграмы пачалася дыскатэка.
Вясковыя працаўнікі, хочацца верыць, добра адпачылі на свяце, каб ужо на наступны дзень зноў брацца за нялёгкую працу – закладваць ураджай будучага года, каб нашы вочы і сэрцы радаваліся новым поспехам і перамогам.
Святлана КІСЛАЯ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro