Выбары не за гарамі

Выбары не за гарамі

 

Завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Зараз ідзе агітацыйны перыяд. Выбары – гэта важная палітычная падзея, ад вынікаў якой залежаць мір і стабільнасць у грамадстве. Жабінкаўшчына дынамічна развіваецца, мяняецца да лепшага. Але наперадзе – складаныя і напружаныя задачы, рэальнасць выканання якіх у значнай ступені залежыць ад дэпутатаў, за якіх мы прагаласуем 11 верасня. Ці пойдуць жабінкаўцы на парламенцкія выбары і чаго ад іх чакаюць?
IMG_8332 ЯрмоликУладзімір Аляксеевіч Ярмолік:
– Мой участак для галасавання знаходзіцца ў трэцяй гарадской школе. На выбары пайду абавязкова. “Сельскую праўду” выпісваю даўно, сачу за навінамі, чытаў перадвыбарныя праграмы нашых кандыдатаў. Абяцанняў многа, а як будзе на самой справе? Чаго чакаю ад парламенцкіх выбараў? Каб у далейшым пабольшалі пенсіі, каб кошт тавараў моцна не павышаўся.
Людміла Яўгенаўна Валетава:
– У выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь я буду прымаць самы непасрэдны ўдзел: уваходжу ў склад участковай выбарчай камісіі Свабодскага ўчастка для галасавання №4. Галасаваць жа буду на сваім Кіраўскім участку №2. Ад парламенцкіх выбараў чакаю зменаў да лепшага: будаўніцтва дзіцячага сада ў Жабінцы, паляпшэння стану дарог, асабліва на вуліцах Лясная і Калгасная.
Аляксей Фёдаравіч Крук:
IMG_8328 Крук– Канечне, я пайду на выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў, як і ўсе члены маёй сям’і. Гэта наш грамадзянскі абавязак. Буду галасаваць за будучыню, за стабільнасць, за мір, за ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Веру, што дэпутаты парламента, якіх выберуць 11 верасня, будуць адстойваць нашы інтарэсы, знаходзіцца на баку народа, выбаршчыкаў, і жыццё палепшыцца. За якіх кандыдатаў звычайна галасуюць? За тых, у каго за плячыма шматгадовая працоўная і грамадская дзейнасць, хто валодае арганізатарскімі здольнасцямі, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і з’яўляецца патрыётам свайго раёна.
Наталля Сямёнаўна Шмайлава:
– Да мяне звычайна прыходзяць у час выбараў дадому, але сёлета планую пайсці на ўчастак сама. Жыву тут недалёка ад трэцяй школы. Я мала разбіраюся ў гэтых выбарах. Што нам, пенсіянерам, трэба? Пенсія трошкі каб павялічылася ды каб у Беларусі спакойна было.
Уладзімір Шыманскі:
IMG_8325 Шиманский– На выбары збіраюся. Мне, як індывідуальнаму прадпрымальніку, важна, каб у краіне было спакойна і стабільна, каб прадпрымальнікам не перашкаджалі працаваць, давалі больш свабоды, не заганялі ў жорсткія рамкі.
Юрый Аляксеевіч Андрасюк:
IMG_8323 Андросюк– Некаторых кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ад нашай акругі ведаю асабіста. За каго буду галасаваць, пакуль не вызначыўся, але на выбары пайду адназначна. У выніку чакаю паляпшэння якасці жыцця.
Індывідуальны прадпрымальнік (прадстаўляцца і фатаграфавацца адмовіўся):
– Уважліва сачу за перадвыбарнай кампаніяй. Глядзеў і слухаў выступленні кандыдатаў у дэпутаты па тэлевізары. Хай яны не крыўдзяцца, але выступаць не ўмеюць. За мяжой выступоўцаў вучаць, дзе трэба эмацыянальна сказаць, кулаком стукнуць, у грудзі сябе пабіць, слязу пусціць, цішэй-грамчэй гаварыць. А ў нас неяк усё суха, завучана. У прамовах кандыдатаў шмат абяцанняў, а пра шляхі іх дасягнення – ні слова. Мы, беларусы, звычайна каму давяраем, за каго галасуем? За медыкаў, настаўнікаў, дзяржслужачых. А калі кандыдат беспрацоўны, хто за яго аддасць голас? Чаго мы чакаем ад дэпутата ад нашай акругі? Каб спрыяў вырашэнню розных праблем раённага ўзроўню, быў правадніком ідэй. Скажам, ліквідацыя яміны на дарозе – гэта не задача дэпутата, гэта галаўны боль мясцовых службаў. Спадзяюся, што ў Палату прадстаўнікоў пройдуць дастойныя людзі.
Апытвала і фатаграфавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*