І ўзняўся ліхтарык пад нябёсы з марамі выпускнікоў

І ўзняўся ліхтарык пад нябёсы з марамі выпускнікоў

DSC06301

Выпускныя фотаздымкі ёсць, відаць, у кожнага. Яны – напамінак пра школьныя гады. Вось і нашы два класы “А” і “Б” СШ №1 г. Жабінка пастараліся захаваць добрую памяць пра час, праведзены за партаю, пра баль развітання са школай. Апошняе для мяне было ў 1971 годзе, 45 гадоў таму.
На адным з выпускных здымкаў мы, выпускнікі, на прыступках рэстарана “Вясёлка”. Урачыстае адкрыццё яго, дарэчы, было перад нашым выпускным вечарам. На свяце ў клубе (цяперашні цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі) нам уручылі атэстаты аб сярэдняй адукацыі. Выпуск наш быў апошнім у старым будынку школы (цяперашні цэнтр творчасці дзяцей і моладзі). У той час школьнікі вучыліся ў дзве змены, было памяшканне і на трэцім паверсе, “галубятня” (так мы называлі гэты класны пакой). Адзначу, нязручнасці ўспрымаліся як належнае і не перашкаджалі выпускнікам атрымліваць залатыя і сярэбраныя медалі.
На ўрачысты вечар сустрэчы, які адбыўся сёлета, прыйшлі 18 чалавек. Усім, вядома, хацелася, каб нас было больш. Я, напрыклад, адчуваю як дадаецца духоўных сіл пры сустрэчы са школьнымі сябрамі, пры ўспамінах, прагулках па старым парку сярод высачэзных дрэў, пры сустрэчы світанку. Цяпер, калі мы падыходзім да новага сённяшняга будынка першай гарадской школы, заўсёды ўспамінаем, як пасля дзявятага класа праходзілі практыку. Адзін тыдзень працавалі на цагельным заводзе ў Багуславічах, а ў другі – на ўзвядзенні новага будынка СШ № 1.
Хоць у той час фотаздымкі былі дарагія і чорна-белыя, а фотаапараты меліся ў нямногіх, мы не змаглі прапусціць магчымасць пакінуць на фота шчымлівыя моманты развітання са школьным жыццём. Усе жабінкаўцы сталі сведкамі шматгалосай працэсіі па вуліцы Кірава – дзяўчаты ў белых сукенках, а хлопцы ў элегантных касцюмах. Усе з букетамі кветак.
Гэта цяпер бацькам даводзіцца здорава раскашэльвацца на выпускныя вечары, якія праводзяцца ў яхт-клубах, тэатрах, на іпадромах, цеплаходах з запрашэннем эстрадных зорак, з дарагімі феерверкамі. Выраслі патрэбы на вячэрнія туалеты: дзяўчынкі раўняюцца на гламурных паненак. У 70-ыя
гады нашу прыродную прыгажосць не зацянялі брыльянты і футра. Многія мамы самі шылі дочкам сукенкі і рабілі прычоскі.
І калі я прынесла на сёлетнюю сустрэчу фота 45-гадовай даўніны, дзе мы зусім юныя на прыступках рэстарана “Вясёлка”, некаторыя з цяжкасцю знаходзілі сябе. Там мы былі ўсе падобныя ў белых сукенках, як вясновыя яблыні ў квецені.
На сустрэчу былыя вучні прыехалі з Масквы (В. Кірылюк), Мінска
(Л. Амельянюк, Г. Ляўчук), Баранавічаў (В. Петруковіч), Брэста (А. Гарэйка,
В. Кірылюк, Н. Зарэмба, В. Ізафатаў, М. Дыдзік), Маларыты (Н. Панасюк), Амерыкі (Т. Кунцэвіч). Прыйшлі і жабінкаўцы. Адразу праведалі былую настаўніцу Ганну Пракопаўну Давыдоўскую, нізка ёй пакланіліся і ўручылі кветкі. Успомнілі пра тых, хто не прыйшоў, хоць і мог зрабіць гэта, памянулі тых, хто ўжо ніколі не прыйдзе. Іх няма сярод нас, вучняў, і настаўнікаў.
Тыя, хто прыйшоў на юбілейную сустрэчу, удзячны лёсу, што дажылі да яе. Усе лічаць сябе шчаслівымі людзьмі, у іх была работа, а нехта яшчэ працягвае працаваць, хоць на пенсіі; ёсць сем’і, дзеці, унукі.
У дзяўчынак у нашай школе быў “нягласны” лідар. У старшых класах мы выбралі Марыю Мяцечка сакратаром камсамольскай арганізацыі. Як і ў любым класе, у нас таксама быў лідар у вучобе – Віктар Кірылюк. Вучыўся на 4 і 5, школу скончыў з залатым медалём. Менавіта ён пасля сёлетняй афіцыйнай цырымоніі, “салодкага стала” арганізаваў запуск паветранага японскага ліхтарыка, які заўсёды на сустрэчу прыносіць Лена Пукіта. На ім мы напісалі свае пажаданні. У начное неба Жабінкі паляцеў ліхтарык з нашымі марамі.
Вялікі дзякуй усім, хто прыехаў, прыйшоў, адклікнуўся і памятае, мы – гэта 10 “А” і 10 “Б” класы 1971 года выпуску, мы радня за адным сталом. Гавораць, што час, праве-
дзены са школьнымі сябрамі, не залічваецца ў жыццёвы стаж. Памятайце пра гэта, мае любімыя і дарагія аднакласнікі.
Лідзія БАРАДЗІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top