Быць міліцыянерам марыла з дзяцінства

Быць міліцыянерам марыла з дзяцінства

сивухина.Аляксандра Сівухіна на пасадзе ўчастковага інспектара інспекцыі спраў непаўнагадовых Жабінкаўскага РАУС ужо пяць гадоў. Да гэтага яна паспяхова скончыла Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт і атрымала прафесію педагога сацыяльнага. Яшчэ прайшла падрыхтоўку ў Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў МУС у Мінску. Настаўнікам у рабоце, якой займаецца цяпер, у яе быў Андрэй Сысоеў, былы старшы інспектар ІСН. Чаму ж Аляксандра “здрадзіла” прафесіі паводле дыплома? “Стаць міліцыянерам марыла з дзяцінства. У дзявятым класе нават запісала пра гэта ў сваім асабістым дзённіку, які захоўваю да цяперашняй пары. Сярод маіх родзічаў многія дастойна служылі Радзіме, – расказвае Аляксандра Іванаўна. – Гэта мой хросны тата Пётр Пятровіч Быкаў і дзядуля Аляксандр Мікалаевіч Тоньшаў, нараджэнец Ульянаўскай вобласці. Апошні, дарэчы, у гады Вялікай Айчыннай вайны васемнаццацігадовым юнаком служыў у разведцы, дайшоў да Берліна. Свае баявыя ўзнагароды пакінуў мне на захаванне. Пра-дзед па бацькоўскай лініі Іван Мікалаевіч Зубачоў быў абаронцам Брэсцкай крэпасці. Дарэчы, мяне назвалі ў гонар прабабулі Аляксандры Андрэеўны Зубачовай, жонкі капітана, які загінуў у фашысцкіх засценках. Тата Іван Анатольевіч часта расказваў мне ў дзяцінстве пра подзвіг воінаў, якія першымі прынялі на сябе агонь фашысцкіх салдат, вазіў на экскурсіі ў месца, палітае крывёю. Памяць пра гэта святая ў нашай сям’і і цяпер.” З гадамі жаданне ўзмацнялася, дзяўчына не ўяўляла сябе ў іншай прафесіі, а толькі служыць лю-дзям. Праўда, адразу пасля школы мара не збылася, таму што не ведала ўмоў паступлення, у прыватнасці, заранёў не прайшла медкамісію. Валянціна Васільеўна Касмовіч, настаўніца гісторыі Ленінскай адзінаццацігодкі, падзялілася ўспамінамі пра выпускніцу школы 2004 года Аляксандру Зубачову (у дзявоцтве). У прыватнасці, педагог заўважыла, што яна была гарэза і весялуха, добра вучылася, вельмі адказна рыхтавалася да ўрокаў гісторыі, пісала цікавыя рэфераты пра подзвігі савецкіх салдат у гады Вялікай Айчыннай вайны, многа расказвала пра сваіх прадзядулю Івана Зубачова і дзядулю Аляксандра Тоньшава. Яна таксама заўважыла, што дух патрыятызму ў сям’і Зубачовых прысутнічаў, выхаванне дзяцей адбывалася на багатых традыцыях, успаміналіся подзвігі родзічаў, з дзяцінства прывівалася любоў да Радзімы. “У школе дзяўчынка сябравала са спортам. Актыўна ўдзельнічала ў школьных, раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы: у бегу, скачках. Дарэчы, па скачках у вышыню займала першыя месцы, – прадоўжыў расказ педагог фізічнай культуры і здароўя Ленінскай адзінаццацігодкі Генадзь Данілавіч Балтрамяюк. – Яна лічылася лепшай спартсменкай у школе.” Студэнткай Аляксандра праходзіла практыку ў рэспубліканскім дзіцячым аздараўленчым лагеры “Зубраня” і ў Жабінкаўскім РАУС. І менавіта тады зразумела: служыць у міліцыі – гэта яе працоўны шлях. Пасля вучобы ў Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў МУС Беларусі, дзяўчыну размеркавалі ў Ляхавіцкі РАУС, дзе яна знайшла падтрымку кіраўніцтва і калегаў. Паводле слоў самой Аляксандры Іванаўны Сівухінай, службовыя будні паказалі: работа хоць цяжкая, але цікавая, у асобныя моманты нават з’яўляліся думкі, што пераацаніла свае сілы, не здавалася, разумела: у любой справе патрэбен вопыт. Тут, у Ляхавічах, 9 мая 2010 года пры ахове грамадскага парадку сустрэла будучага мужа – ваенна-служачага Дзмітрыя Сівухіна. Цяпер у сям’і ўжо гадуецца дачушка Валерыя і сынок Міша. Калі Аляксандра апынулася ў Жабінцы, падтрымку і паразуменне тут дзяўчына знайшла ў асобе свайго настаўніка старшага інспектара ІСН Андрэя Сысоева, які многа падказваў, тлумачыў. І Васіль Бурко прывучаў самастойна падыходзіць да вырашэння праблем. Яе прафесійнае станаўленне ў Жабінцы праходзіла хутчэй, таму што пазбегла звычкі, што нехта павінен кантраляваць яе працу. Ва ўчастковага інспектара Аляксандры Сівухінай многа абавязкаў: работа з непаўнагадовымі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы; выкананне Дэкрэта Прэзідэнта № 18 адказнымі асобамі; прафілактычная работа. Участковыя інспектары інспекцыі спраў непаўнагадовых часта робяць больш, чым патрабуе службовая інструкцыя. Узгадаю, што выраз “рабочы час” для праваахоўнікаў вобразны. Калі ёсць неабходнасць, яны працуюць суткамі. Нават у свой выхадны ёй даводзіцца дзяжурыць на дыскатэках у Дамах культуры. Як жа складваюцца адносіны ў яе з падлеткамі? Напачатку даводзілася чуць: “Ну, што ты, дзяўчына, зробіш?” Яна давала зразумець: тое, чаго патрабуе закон, і паслабленняў не прадбачыцца. Наконт таго, што ў сацыяльна небяспечных сем’ях бацькамі дрэнна выконваюцца патрабаванні ў выхаванні і ўтрыманні дзяцей, у сувязі з чым жыццё і здароўе малых могуць знаходзіцца пад пагрозай, у яе ёсць асабістая думка вырашэння такой праблемы. Аляксандра Сівухіна лічыць, што ў нашай краіне дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, абараняюцца дзяржавай. Калі любіш гарэлку, дзяцей не патрэбна заводзіць. Яна прапануе прыцягнуць да вырашэння праблем з няўдалымі сем’ямі актывістаў БРСМ, а таксама супрацоўнікаў прафсаюзаў, якія маглі б разам з супрацоўнікамі праваахоўных органаў праводзіць прафілактычныя гутаркі з гора-бацькамі. Інспектар Аляксандра Сівухіна свае абавязкі выконвае карэктна, адказна. Гэта і прафілактычныя гутаркі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі на прававую тэму, выступленні на бацькоўскіх сходах у школах, наведванне няўдалых сем’яў дома, удзел у акцыях “Клопат”, “Падлетак” і “Сям’я без насілля”. Яна не застаецца абыякавай да лёсу дзяцей і лічыць, што дарослыя ў адказе і за чужых дзяцей: павінны рэагаваць і суперажываць тым, хто пакутуе ў сям’і. Лідзія ІВАНІХІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top