Крымінальная хроніка

Крымінальная хроніка

угон

Быў неаднойчы да чужога ласы

Ажно чатыры разы ў летнія месяцы ішоў на крадзяжы 24-гадовы Уладзімір Д. Аднак, як у народзе кажуць, колькі вяровачцы не віцца… Аматару пажывіцца за кошт іншых усё ж давядзецца адказваць па законе за тое, што рукі нярэдка цягнуцца, каб нешта прыдбаць з чужога падворка альбо гаража. Як тое адбылося сярод ночы ля дома, размешчанага на вуліцы Цэнтральная ў вёсцы Навасады, куды зламыснік наведаўся з благімі намерамі ўжо паўторна. На гэты раз ягонай “здабычай” стаў гаспадарскі веласіпед. Цяпер за свае супрацьпраўныя дзеянні давядзецца адказваць на падставе часткі 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Крадзеж”).

Пад наркатычным дурманам

Сярод белага дня грамадзянін Г. знаходзіўся ў грамадскім месцы пад уздзеяннем наркатычнага ап’янення. Пры гэтым ён незаконна захоўваў пры сабе ў правым рукаве курткі палімерны шпрыц з вадкасцю карычневага колеру. Як высветлілі пазней эксперты, гэта быў асабліва небяспечны наркатычны сродак, маса якога дасягала 4,95 грама. Пад час затрымання шпрыц з опіем быў канфіскаваны. Калі спадзе наркатычны дурман, зламысніку давядзецца падрабязней пазнаёміцца са зместам часткі 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (“Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў”).

Ледзь ад пагроз не перайшоў да справы

Толькі ранак пачынаўся, а жабінкавец Ю. ужо знаходзіўся на добрым падпітку, што нярэдка спрыяе супрацьпраўным дзеянням. Дэбашыр быў на кухні ў кватэры, размешчанай на вуліцы Кірава ў райцэнтры, дзе распачаў сварку з жонкаю. У хуткім часе славесныя пагрозы ледзь не перайшлі да трагічнай развязкі, калі мужчына схапіўся за нож. У пацярпелай меліся ўсе рэальныя падставы асцерагацца за сваё жыццё. Астудзілі пыл раз’юшанага парушальніка закона праваахоўнікі. У ягоных дзеяннях дастаткова дадзеных, што маюць прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкулам 186 КК (“Пагроза забойствам”).

Няма жадання выпраўляцца?

Яшчэ ў красавіку суд Жабінкаўскага раёна асудзіў В. за крадзеж да пакарання ў выглядзе папраўчых работ на адзін год з утрыманнем 20% заробка ў даход дзяржавы, але не менш за адну базавую велічыню. Аднак станавіцца на шлях выпраўлення яму, відаць, не вельмі хочацца. Так, пасля пастаноўкі на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі, В. злосна ўхіляецца ад адбывання пакарання, без уважлівых прычын не наведваўся ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, а таксама ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю. За гэтыя парушэнні грамадзяніну аб’яўляліся спагнанні, ён папярэджваўся аб адказнасці, нарэшце супраць яго была ўзбуджана крымінальная справа паводле артыкула 416 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь; Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro