Сэнс жыцця – у дзецях, унуках, любімай рабоце

Сэнс жыцця – у дзецях, унуках, любімай рабоце

6832

32 гады свайго жыцця аддала працы ў Жабінкаўскай раённай аптэцы № 27 Вольга Фёдараўна Гацкевіч.

З маленства Волечка Чэрнік цікавілася лекавымі раслінамі: збірала іх, сушыла, састаўляла гербарыі. Веды аб уласцівасцях зёлак чэрпала з кніг, якія былі ў хатняй бібліятэцы. Менавіта там прачытала, што рамонак аптэчны дапамагае зняць запаленне страўніка, яго адварам карысна апаласкваць валасы, трыпутнік і крываўнік спыняюць кроў і загойваюць раны, апошні ў дадатак заспакойвае нервовую сістэму і павышае апетыт.
З цягам часу ў дзяўчыны з’явілася новае захапленне – хімія. І не выпадкова: тата Вольгі Фёдар Рыгоравіч выкладаў гэту навуку ў першай гарадской школе. Улюбёны ў свой прадмет, ён змог захапіць хімічнымі формуламі і дачку, якая з задавальненнем рашала мудрагелістыя задачкі і рабіла вопыты. Таму, калі паўстала пытанне, што здаваць Вользе, якая скончыла першую школу з залатым медалём, у ВНУ – сумненняў не было: канечне, хімію. Дзяўчына падала дакументы ў Віцебскі медыцынскі інстытут на спецыяльнасць “фармацыя”. Любімы прадмет здала на пяцёрку, тым самым выдатніца пацвердзіла свой медаль, і была адразу залічана ў кагорту студэнтаў абранай установы.
Вучыцца было цікава. З прадметаў Вользе найбольш падабаліся фармакагнозія – навука, што вывучае лекавыя сродкі, атрыманыя з сыравіны расліннага ці жывёльнага паходжання, і фармакалогія – навука аб лекавых прэпаратах і іх дзеянні.
Незабыўнымі засталіся практыкі, якія праходзілі на Барысаўскім заводзе медпрэпаратаў, у аптэках Віцебска, кожны раз у розных месцах.
Пасля паспяховага заканчэння інстытута ў 1984 годзе Вольга па размеркаванні вяртаецца ў Жабінку. Калектыў цэнтральнай раённай аптэкі № 27 цёпла і па-бацькоўску прыняў у свае шэрагі маладую калегу. Яе працоўная дзейнасць пачалася з пасады правізара-аналітыка. На працягу трох гадоў малады спецыяліст сачыла за якасцю лекаў, што гатаваліся ў аптэцы як на заказ па рэцэптах, так і для раённай бальніцы. Вольга шмат вучылася ў сваіх старэйшых калег: Міхаіла Іванавіча і Вольгі Васільеўны Бадзінскіх, Ірыны Юльянаўны Санюк, якія заўсёды былі побач, раілі, падказвалі. Цікавілася дзяўчына навінкамі фармацэўтычнай літаратуры, вывучала ўласцівасці новых прэпаратаў, адным словам, удасканальвалася прафесійна.
З 1987 года па 2006-ы – яна намеснік загадчыка аптэкі. Гэту пасаду пакідала толькі на год, калі была правізарам-рэцэптарам. З 2006-га і па сённяшні дзень Вольга Фёдараўна Гацкевіч – загадчык Жабінкаўскай ЦРА № 27. У маёй гераіні адно месца працы на працягу многіх гадоў. Жанчына застаецца вернай сваёй установе, калектыву, абранай прафесіі. Адказных спраў у Вольгі Фёдараўны шмат – яна кантралюе работу ўсіх дзяржаўных аптэк раёна (а іх на Жабінкаўшчыне шэсць, у кожнай свой нумар). Усім вядомая № 27 знаходзіцца побач з чыгуначным вакзалам у райцэнтры, № 201 – у санаторыі “Буг”, № 200 – у будынку раённай паліклінікі, № 199 – у інтэрнаце цукровага завода, № 157 – у аграгарадку Ленінскі і № 138 – у Крыўлянах. Пад пільнай увагай Вольгі Фёдараўны забеспячэнне аптэк лекавымі сродкамі, захаванне ў іх санітарнага рэжыму, кантроль фармацэўтычнай дзейнасці і многае іншае.
Некалі жанчына пераймала вопыт сваіх старэйшых калег, а цяпер яна сама вучыць моладзь, што прыязджае на працу ў аптэкі раёна. Так, сёлета на Жабінкаўшчыну прыбылі чатыры маладыя спецыялісты: правізары Лілія Патапава, Яўгенія Кузьміч, Ніна Лукша – дзяўчаты ўліліся ў калектыў Жабінкаўскай ЦРА № 27, і фармацэўт Вікторыя Панасюк, якая атрымала пасаду загадчыка аптэкі № 157 у аграгарадку Ленінскі.
З Ліляй і Жэняй мне давялося пагутарыць аб іх уражаннях ад Жабінкі, сустрэчы з калектывам, першых працоўных днях (да сваіх абавязкаў дзяўчаты прыступілі з 1 жніўня). Аказалася, што ім падабаецца наш райцэнтр, з жыллём вызначыліся, месцам працы і ўмовамі задаволены, добразычлівая абстаноўка ў калектыве, таму ў ім пачуваюць сябе камфортна. І Вольга Фёдараўна, і астатнія калегі праяўляюць усебаковую падтрымку і клопат, дапамагаюць зарыентавацца ў вялікім асартыменце аптэчных лекаў. У вольныя хвіліны Вольга Фёдараўна чытае любімага Акуніна і займаецца кветкамі – вырошчвае ля дома дзіўнай прыгажосці лілеі. Як любая матуля, радуецца поспехам сваіх дзяцей. Сын Аляксандр выкладае матэматыку ў БДУ, дацэнт. Дачка Людміла – студэнтка-пяцікурсніца Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, будучы ўрач.
Напрыканцы нашай размовы я спыталася ў Вольгі Фёдараўны: “У чым вы бачыце сэнс жыцця?” Нядоўга думаючы, жанчына адказала: “Ён вельмі просты – у дзецях і ўнуках, блізкіх і родных людзях, сябрах, любімай рабоце, у занятках для душы. І шчаслівы той, хто ўсё гэта мае. Я з такіх”.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: загадчык Жабінкаўскай ЦРА № 27 Вольга Гацкевіч з сёлетнімі маладымі спецыялістамі Ліліяй Патапавай і Яўгеніяй Кузьміч.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro