Каму свеціць ліхтар безгаспадарчасці?

Каму свеціць ліхтар безгаспадарчасці?

п. Ленинчкий 2 подвальные помещения ул. 22 съезда д.10

Штогод у летнюю пару павялічваецца колькасць зваротаў жабінкаўцаў у раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Людское абурэнне найчасцей выклікаюць дрэнны стан падвальных памяшканняў і прыдамавых тэрыторый, што неахайна ўтрымліваюцца жыхарамі ды адпаведнымі камунальнымі службамі. Клопат выклікаюць і ба-дзяжныя каты і сабакі, непрыемныя пахі, якія ўзмацняюцца ў спякотнае надвор’е. Пытанне, што паўстае заўсёды: хто ж у адказнасці за месцы, дзе даводзіцца жыць?
Пэўным сімвалам безгаспадарлівасці можна лічыць разбіты ліхтар, што пабачылі ў час маніторынгу супрацоўнікі ДУ “Жабінкаўскі райЦГЭ” і рэдакцыі раённай газеты ў мікрараёне цукровага завода. Стаіць ён, сіратлівы, знявечаны, нібыта папрок тым, хто жыве побач адразу ў некалькіх шматкватэрных дамах. Яны, здаецца, павінны клапаціцца пра ўтульнасць ды прыгажосць наўкола…
На жаль, спіс прыкладаў неахайных адносін жыхароў і тых, каму паводле службовых абавязкаў належыла б рупіцца на карысць парадку, даволі ўнушальны. Гэтак, у падвалах шматкватэрных дамоў па вуліцы Цітова, 4 і 6, вуліцы ХХІІ з’езда КПСС, д. 2, 4, 16, вуліцы Савецкая, 3 у райцэнтры, у дамах № 1 і № 2 у санаторыі “Буг” удзельнікаў маніторынгу сустрэлі антысанітарыя і бруд. Было заўважна: тут даўно не прыбіраецца смецце, кучы якога растуць як з рога ўсяго многа, ствараючы добрыя ўмовы для бадзяжнай жывёлы ды грызуноў, здольных распаўсюджваць усялякую заразу. Нездарма ля некаторых дамоў заўважаны вялікія зборышчы катоў, што пражываюць без усялякага кантролю з боку чалавека.
Вось і даводзіцца неабыякавым людзям, якія не жадаюць жыць у неахайных умовах, марнаваць свой час, псаваць нервы, каб дабіцца нейкіх зрухаў у лепшы бок. Так, жыхарка дома № 10 па вуліцы ХХІІ з’езда КПСС Валянціна Градаўляк справядліва абуралася: “Не магу зайсці ў падвал, трэба нейкія чобаты рыбацкія. За тыдзень ужо трэці раз адбываюцца аварыі на каналізацыйных сетках, жыву да таго ж на першым паверсе, таму адчуваю непрыемныя пахі ўвесь час”. Нешта падобнае назіраецца і ў падвале дома па вуліцы Кірава, 67.
А між тым, адказным асобам цудоўна вядомы змест санітарных нормаў, правіл і гігіенічных нарматываў “Патрабаванні ўладкавання, усталявання і ўтрымання жылых дамоў”, якія зацверджаны летась Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Гэты дакумент, прынамсі, строга патрабуе, каб памяшканні агульнага карыстання ў жылых дамах захоўваліся ў чысціні, а наяўнасць хатніх ці бадзяжных жывёлін, грызуноў, вады, смецця і г.д. у падвальных памяшканнях ды тэхнічных падполлях катэгарычна не дазваляецца. Аднак ці ўсё робіцца, як належна? Пытанне шмат у чым рытарычнае… Таму і выяўляюцца парушэнні як у час планавых праверак, так і пры маніторынгах.
Факты безгаспадарчасці псуюць не толькі эстэтычны выгляд і сур’ёзна парушаюць умовы пражывання, але й нясуць эмідэміялагічную пагрозу. Штогод рэгіструюцца выпадкі захворвання насельніцтва, у асноўным дзяцей, скуранымі хваробамі, паразітарнымі інфекцыямі (пазалетась зарэгістравана 18 выпадкаў мікраспарыі, летась – 13), пераносчыкам узбуджальнікаў якіх з’яўляецца бадзяжная жывёла. Тое, што побач з намі існуюць браты нашыя меншыя, пакінутыя без чалавечай апекі, прыкметна павялічвае таксама рызыку захворвання на шаленства сярод саміх людзей.
Не можа быць і ценю сумнення – шмат залежыць і ад саміх жыльцоў. У рэшце рэшт, ці задавальняе іх неахайны выгляд наваколляў? Калі будзе станоўчым адказ на гэтае рытарычнае пытанне, ёсць пагроза скаціцца пакрысе ў бездань бруду і безгаспадарлівасці. Жыхарам шматкватэрных дамоў патрэбна нагадваць пра іх абавязкі. Так, адпаведна патрабаванням “Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў”, што дзейнічаюць з мая 2013 года, грамадзяне абавязаны ўтрымліваць у чысціні і парадку жыллё, не смеціць на навакольных тэрыторыях. Выносіць смецце, цвёрдыя камунальныя адыходы ў спецыяльна адведзеныя месцы. Забараняецца таксама ў дапаможных памяшканнях жылога дома курэнне, загрувашчванне, утрыманне жывёлы.
Іншыя парушэнні, што былі выяўлены пад час маніторынгу: своечасова не рамантуюцца дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі па вуліцы Цітова, дд. 7, 15 у райцэнтры, зламаныя арэлі, не падсыпаюцца ямкі пры спуску з дзіцячых горак, не абкошваюцца ад пустазелля прысядзібныя тэрыторыі па вуліцах Камсамольская, Грабавая, Леніна ў аграгарадку Ленінскі, вакол жылых дамоў № 1 і № 2 у санаторыі “Буг”.
Аднак стварэнне прывабных умоў для пражывання, зразумела, залежыць не толькі ад камунальнікаў. Трэба рупіцца і самім жыльцам. Там, дзе па-сапраўднаму падыход гаспадарскі, прыемна і ўтульна. Але ж бывае, на жаль, наадварот. Прывядзем прыклады двух кааператываў, што знаходзяцца непадалёку адзін ад другога. У доме № 3 па вуліцы Ф. Скарыны доўгі час не ліквідуюцца вынікі аварыі на каналізацыйных сетках, правядзенне ўборкі, дэзынфекцыі, праветрывання падвальных памяшканняў першага пад’езда і г.д. На прыдамовай тэрыторыі патрабуецца рамонт лавак. За парушэнні заканадаўства кааператыў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Зусім іншая карціна ў ЖБК-11 (дом месціцца па вуліцы Кірава, 105, старшыня Святлана Камінская), дзе наве-дзены ідэальны парадак у дапаможных памяшканнях, а на прыдамовай тэрыторыі радуюць вока кветнікі, пафарбаваныя лаўкі і іншае абсталяванне, адпаведна і грошы забудоўшчыкаў трацяцца не на штрафы, а на паляпшэнне ўмоў пражывання.
Надзея ШОСЦІК, галоўны санітарны ўрач раёна;
Анатоль БЕНЗЯРУК,
карэспандэнт рэдакцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top