Каб дзіця не шукала бацькоў уначы

Каб дзіця не шукала бацькоў уначы

0001_1196

17 жніўня ў гадзіну ночы супрацоўнік раённага аддзела Дэпартамента аховы Сяргей Якаўчук пасля праверкі службы вяртаўся ў аддзел. Насупраць райвыканкама на тратуары ў святле ліхтароў ён заўважыў дзіця. Дарослых побач не было. Хлопчык, які выглядаў на 2-3 годзікі, быў не абуты і апрануты не па надвор’і: у шортах і кофтачцы (а ноч тады выдалася далёка не цёплая). Малы дрыжаў ад холаду і, напэўна, ад страху. Сяргей Леанідавіч спытаў імя хлопчыка і імёны бацькоў, а таксама пацікавіўся, дзе яны. Малы назваўся Іванам, сказаў, як завуць тату і маму, а прозвішча сваё вымавіў неразборліва.
Сяргей Якаўчук пачакаў хвілін дзесяць, уключыўшы “печку” ў аўтамабілі, каб дзіця сагрэлася. Ён думаў, што неўзабаве аб’явяцца бацькі, якія “згубілі” сына. Не з’явіліся, не аб’явіліся.
Супрацоўнік раённага аддзела Дэпартамента аховы адвёз хлопчыка ў аддзел і звязаўся са старшым участковым інспектарам інспекцыі па справах непаўнагадовых Васілём Бурко. Яны захуталі хлопчыка ў коўдру і даставілі ў дзіцячае аддзяленне Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Старшы ўча-стковы інспектар інспекцыі па справах непаўнагадовых Васіль Бурко распачаў праверку па ўстанаўленні бацькоў Івана і яго месца жыхарства. Былі апытаны дзясяткі жыхароў вуліцы Кірава, перш чым адна з жанчын не пазнала на прад’яўленым ёй фотаздымку сына сваіх суседзяў. Яна сказала, што каля 10 гадзін вечара бачыла Ванюшу разам з бацькамі ў двары іх дома. Апошнія былі на добрым падпітку. Што адбылося далей і як малое дзіця, якому няма трох гадоў, апынулася ноччу на вуліцы адно, заставалася загадкай.
Як высветлілася на наступны дзень, гора-бацькі паклалі сына спаць і, забыўшы зачыніць уваходныя дзверы, пайшлі “працягваць банкет”. “Галівудзілі” да раніцы, а вярнуўшыся дахаты, адсутнасць Івана патлумачылі тым, што “мабыць, яго забрала бабуля”.
І адразу “працверазіліся”, калі даведаліся, што сын у бальніцы…
Старшы ўчастковы інспектар інспекцыі спраў непаўнагадовых Васіль Бурко паведаміў у рэдакцыю, што гэтая сітуацыя будзе разгледжана на пасяджэнні камісіі спраў непаўнагадовых, дзе вырашыцца далейшы лёс дзіцяці.

Каментарый загадчыка сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталлі Андрасюк:
– Спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Жабінкаўскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і супрацоўнікі РАУС вывучылі ўмовы пражывання гэтай “грамадзянскай” сям’і. Было ўстаноўлена, што ў сужыцеляў ёсць патэнцыял выправіць сітуацыю. Канечне, у час праверкі выяўлены крытэрыі знаходжання дзіцяці ў сацыяльна небяспечным становішчы. На працягу паўгода будзе весціся работа з сям’ёй па павышэнні адказнасці бацькоў і ўмацаванні дзіцяча-бацькоўскіх адносін. Сужыцелям неабходна адмовіцца ад ужывання спіртных напояў.
У выпадку пагаршэння становішча дзіцяці ў сям’і будзе разглядацца пытанне аб яго адабранні. Калі ж сітуацыя палепшыцца, кантроль за сям’ёй будзе зняты.
У заключэнне хачу сказаць, што першачарговая задача ўсіх служб – захаваць сям’ю для дзіцяці. Чым раней пачнецца работа ў гэтым накірунку, тым лепш. Але многае ў такіх сітуацыях залежыць ад гора-бацькоў, а таксама ад усіх нераўнадушных людзей. Грамадзянскі абавязак кожнага, каму вядома, што дзеці ў сем’ях суседзяў або знаёмых знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, патэлефанаваць у аддзел адукацыі, спорту і турызму па нумары 2-16-09 або ў сацыяльна-педагагічны цэнтр – 2-12-94.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro