“Бачаць у прафсаюзах памочнікаў і дарадцаў”

“Бачаць у прафсаюзах памочнікаў і дарадцаў”

IMG_4993

Выязныя прыёмы, што перыядычна арганізуюць спецыялісты абласнога аб’яднання прафсаюзаў у розных раёнах Брэстчыны, – надзвычай карысная справа. У гэтым лёгка ўпэўніцца па той колькасці людзей, якія карыстаюцца магчымасцю напрамую звярнуцца са сваімі пытаннямі, атрымаць кваліфікаваную дапамогу, а часам і паскардзіцца.
– Гэта цудоўная практыка, – адзначае старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Іванавіч Басалай. – Яна дазваляе ўвачавідкі сустрэцца з людзьмі, пазнаёміцца з умовамі іх дзейнасці і працоўнымі адносінамі ў калектывах. Прыемна ўпэўніцца, што найчасцей у прафсаюзах працаўнікі бачаць сваіх памочнікаў і дарадцаў, таму і звяртаюцца з вельмі разнастайнымі праблемамі.
Сёлета ў жніўні адрасам сустрэчы стала Жабінкаўшчына, а калі канкрэтней – Жабінкаўская дыстанцыя пуці і адміністрацыйны будынак СВК “Хмелева”. Усяго на прыёме грамадзян, які насіў кансультацыйны характар, пабывалі дзевяць чалавек, кожны з канкрэтным пытаннем ці праблемай, многія патрабавалі юрыдычнага тлумачэння і падказкі як дзейнічаць, каб заставацца ў прававым полі. Таму разам з Мікалаем Іванавічам на прыёме прысутнічала і галоўны прававы інспектар працы абласнога аб’яднання прафсаюзаў Ірына Яўгенаўна Міхновіч (на здымку).
На пачатку старшыня прафкама дыстанцыі пуці Аляксандр Яўгенавіч Шчасюк коратка пазнаёміў гасцей з прафсаюзным жыццём іх арганізацыі, дзе ўсе без выключэння шэсцьсот працаўнікоў з’яўляюцца сябрамі прафсаюза, адчуваюць сябе абароненымі з боку прафсаюзнай арганізацыі, таму й не парываюць членства ў ёй нават з выхадам на пенсію.
Больш за гадзіну працягваўся прыём у памяшканні дыстанцыі пуці, прычым правам непасрэдна звярнуцца да прадстаўнікоў абласнога кіраўніцтва прафсаюзаў скарысталіся таксама работнікі СВК “Арэпічы”, цукровага і камбікормавага заводаў.
Пытанні, што задаваліся гасцям, вызначаліся канкрэтнасцю. Так, наведвальнікі цікавіліся працаўладкаваннем маладых спецыялістаў (прынамсі, разглядаўся выпадак, калі адразу пасля заканчэння каледжа, яшчэ не прыступіўшы да працы, выпускнік сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы паступіў у вышэйшую). У наступным выпадку прафсаюзная арганізацыя ўстала на бок працаўніка, якога меў намер звольніць наймальнік, аднак зрабіць гэта без згоды прафсаюза немагчыма. Цікавіліся і пра аплату вадзіцелям, што працуюць у выхадныя дні. Дзверы ў кабінет, дзе ішоў прыём, літаральна не зачыняліся на працягу гадзіны. А затым ён працягнуўся ў аграгарадку Хмелева, дзе гасцей сустракала старшыня прафкама сельскагаспадарчага прадпрыемства Зоя Арцёмаўна Кацэра.
На парадку дня ў вяскоўцаў, вядома, былі звычайныя паўсядзённыя пытанні: напрыклад, на якіх умовах паводле дзеючага заканадаўства можна працаваць паболей у летнюю пару (яна ж нездарма, кажуць у народзе, год корміць), каб мець адпаведна большы заробак. З іншага боку цікавасць выклікала і пытанне, колькі дзён адпачынку за ўласны кошт на працягу года можа прадастаўляць работадавец па просьбе працаўніка, калі той, напрыклад, мае намер вучыцца ў ВНУ, каб займець другую вышэйшую адукацыю.
На гэтыя і іншыя пытанні, узнятыя пад час прыёму грамадзян, наведвальнікі атрымалі вычарпальныя адказы.
Анатоль РОСТАЎ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top